У навінах з жыцця Касцёла пераважае інфармацыя з Еўропы, Амерыкі і Афрыкі, аднак каталіцызм у Азіі не менш важны і ў найбліжэйшыя дзесяцігоддзі будзе рабіцца ўсё больш значным для паўсюднага Касцёла. У гэтым упэўненыя тамтэйшыя католікі. А ватыканская статыстыка дадае да таго яшчэ колькі аргументаў.
Сёлета выдавецтва Ватыкана апублікавала два вялікія статыстычныя зборнікі – “Папскі штогоднік” за 2025 год і «Annuarium Statisticum Ecclesiae» за 2023-і, складзеныя Цэнтральным упраўленнем касцельнай статыстыкі. Згодна з імі, піша Vatican News, каталіцкае насельніцтва ў свеце на працягу 2022-2023 гг. павялічылася на 1,15%, або прыкладна з 1,39 млрд да 1,406 млрд чалавек.
Найбольш дынамічна колькасць католікаў расла ў Афрыцы – на 3,31%. Цяпер там жыве 20% католікаў планеты. У Амерыцы, дзе жыве 47,8% католікаў свету, рост склаў 0,9%, а ў Еўропе з 20,4% сусветнай каталіцкай папуляцыі – толькі 0,2%. У Азіі колькасць каталіцкага насельніцтва расла хутчэй, чым у Еўропе – на 0,6%. Цяпер у гэтым рэгіёне жыве 11% католікаў свету. Найбольш – на Філіпінах і ў Індыі.
Пры гэтым Афрыка і Азія былі лідарамі паводле росту колькасці святароў.
У той час, як у свеце іх лік скараціўся на канец 2023 года на 0,2% (у Еўропе – ажно на 1,6%), у Афрыцы ён вырас на 2,7%, у Азіі – на 1,6%. Хутчэй, чым агулам у свеце, тут расла і колькасць біскупаў. Праўда, колькасць сталых дыяканаў у Азіі мінімальная – 0,5 на 100 святароў (максімум у Амерыцы – 29 сталых дыяканаў на 100 святароў).
Нягледзячы на тое, што ў Азіі жыве толькі 11% католікаў планеты, доля святароў там значна большая – 18,2% ад агульнай колькасці.
Афрыка і Паўднёва-Усходняя Азія таксама былі рэгіёнамі, дзе расла колькасць законных сясцёр – на 2,2% і на 0,1% адпаведна. Агулам жа ў свеце за 2022-2023 гг. іх доля скарацілася на 1,6%. Пры гэтым у Азіі жыве амаль кожная трэцяя законніца свету – 30%, больш толькі ў Еўропе – 32%.
Што датычыць колькасці семінарыстаў, то іх доля ў свеце скарацілася на 1,8%. Не стала тут выключэннем і Азія – іх лік тут зменшыўся на 4,2%, амаль як у Еўропе (на 4,9%). Тым не менш, як і ў выпадку са святарамі і законніцамі, доля Азіі ў сусветнай колькасці семінарыстаў значна большая за мясцовую долю католікаў – 28,6% семінарыстаў і 11% католікаў . Прапорцыі лепшыя нават адносна Афрыкі – 32,8% семінарыстаў пры 20% католікаў . Дзякуючы гэтаму два названыя вышэй кантыненты вылучаюцца тым, што цалкам задавальняюць свае патрэбы ў святарах.
Цяжкая праца і важнае пакліканне
Больш за тое, святары азіяцкага паходжання часта служаць, напрыклад, у суседняй Аўстраліі. Гэта ў тым ліку дадае ўпэўненасці, што ў найбліжэйшыя дзесяцігоддзі Касцёл у Азіі будзе рабіцца ўсё больш важным у кантэксце паўсюднага Касцёла, – пісаў у 2023 годзе на старонках аўстралійскага каталіцкага парталу The Catholic Weekly Дэніэл Анг, дырэктар цэнтра евангелізацыі Сіднэйскай архідыяцэзіі. Ён падкрэсліваў, што адбываецца гэта ў не вельмі спрыяльных умовах: «Без падтрымкі шырокай хрысціянскай прысутнасці або істотных інстытуцыйных рэсурсаў і ў поўным кантакце з асноўнымі азіяцкімі рэлігіямі, дамінаванымі філасофіямі і іх прыхільнікамі, уключаючы індуістаў, мусульман, будыстаў, даосаў і сінтаістаў». Больш за тое, дадаваў ён, у шмат якіх частках Азіі «хрысціянства разглядаецца як прадукт еўрапейскай каланізацыі і, такім чынам, з’яўляецца чужым мясцовай культуры», хоць яго прысутнасць тут фіксуецца «за тысячагоддзі да ўзнікнення сучасных каланіяльных імперый. Гэта не азначае, што рэлігійны індыферэнтызм і празмерны індывідуалізм не прысутнічаюць таксама ў Азіі, але праблема супрацьстаяння рэлігіям з афіцыйнай падтрымкай пераважае ў розумах азіяцкіх хрысціян. Менавіта сярод гэтых праблем католікі і іншыя хрысціяне дэманструюць мужнае сведчанне Евангелля ў сем’ях, мясцовых грамадах і супольнасцях пакланення», – адзначаў Дэніэл Анг.
Узмацненне ролі азіяцкага Касцёла адлюстроўвае і павелічэнне колькасці кардыналаў з гэтых мясцінаў.
У параўнанні з канклавам 2013 года іх доля вырасла з 8% да 16,3% (18,4%, калі ўключыць блізкаўсходніх кардыналаў).
Адным з новых кардыналаў у 2024 годзе стаў і Тарчызіа Ісаа Кікучы, які ўзначальвае архідыяцэзію японскай сталіцы Токіа і Caritas Internationalis. У гутарцы з ватыканскімі СМІ ён звярнуў увагу на змяшчэнне акцэнтаў у мысленні пра паўсюдны Касцёл, цэнтрам якога, паводле яго, больш не з’яўляецца заходні свет: «Паколькі Касцёл у Азіі нараджае зараз шмат пакліканняў, ён расце, а духоўнасць паглыбляецца. Таму цяпер наш абавязак – унесці ўклад у паўсюдны Касцёл. Цяпер час Азіі, каб унесці свой уклад у місію Касцёла».
А іншы азіяцкі кардынал – былы арцыбіскуп філіпінскай сталіцы Манілы і дзейны прапрэфект секцыі евангелізацыі Дыкастэрыі па евангелізацыі Луіс Антоніё Тагле – уваходзіў сёлета, на думку аналітыкаў, у спіс найбольш імаверных прэтэндэнтаў на папскі пасад.
Мечыслаў Гапановіч
