Айцец Томаш Майцэн, канвентуальны францысканец, з’яўляецца адзіным каталіцкім пробашчам у Грэнландыі, які працуе разам з двума братамі-францысканцамі.
OSV News папрасіла айца Майцэна, ураджэнца Славеніі, які служыць у касцёле Хрыста Валадара ў сталічным горадзе Нуук, падзяліцца сваім досведам служэння ў Грэнландыі.
– Як Вы трапілі служыць у Грэнландыю?
– З 1 лютага 2017 года я з’яўляюся чальцом Канвентуальнай францішканскай місіі ў Даніі, якая належыць да правінцыі святога Гераніма ў Харватыі. Мы – супольнасцю трох братоў-францысканцаў, што прыехалі ў Данію ў якасці місіянераў, і вядзём пастырскую паслугу ў дзвюх каталіцкіх парафіях у Капенгагене.
Лета 2023 года
Летам 2023 г. Біскуп Капенгагена Чэслаў Казон запытаў у нас, ці можам мы ўзяць душпастырства ў Грэнландыі. Паколькі раней я прынамсі раз на год аказваў душпастырскую апеку ў Нууку, то даў згоду біскупу на прызначэнне мяне пробашчам там у парафіі.
– Вы адзіны каталіцкі святар у краіне? Калі так, ці ёсць у вас святары, якія дапамагаюць, калі Вам трэба падарожнічаць?
– Так, я адзіны каталіцкі пробашч у Грэнландыі. Як я ўжо згадваў, у мяне дзве парафіі: адна ў Капенгагене, а другая – у Нууку, таму я дзялю свой час паміж гэтымі дзвюма парафіямі.
Я праводжу некалькі тыдняў у Грэнландыі ў розны час на працягу года, і разам з некаторымі святарамі з Даніі сачу за тым, каб кожную нядзелю цэлебравалася Імша для вернікаў. Яна на англійскай мове, хаця большасць людзей таксама разумее і дацкую. Часам у наш касцёл прыязджаюць турысты, і таму Імша таксама ідзе на англійскай мове.
Здараецца, што я не магу накіраваць туды святара, і тады супольнасць сама ладзіць у нядзелю літургію Божага Слова.
Колькасць грэнландскіх католікаў
– Прыкладна колькі католікаў цяпер у Грэнландыі?
– Католікаў у Нууку каля 300 чалавек і некалькі ў іншых гарадах Грэнландыі. Я мяркую, што ўсяго іх каля пяцісот.
На востраве ёсць яшчэ некалькі невялікіх груп католікаў, якія не маюць уласнай святыні. Час ад часу святар наведвае невялікую каталіцкую паству ў гарадах Ілулісат і Сісіміут. Гэта дзве гадзіны палёту на поўнач ад Нуука. Тады вернікі збіраюцца ў сваіх дамах і такім чынам атрымліваюць досвед, падобны да таго, што перажылі першыя хрысціяне.
– Які склад каталіцкай супольнасці ў Грэнландыі?
– Каталіцкая супольнасць у Грэнландыі адносна невялікая, але разнастайная, многія чальцы яе з’яўляюцца імігрантамі з розных краін. Большасць католікаў у Грэнландыі паходзіць з Філіпін, з краін Еўропы і Лацінскай Амерыкі. Ёсць таксама некалькі датчан, якія вызнаюць каталіцызм. Што датычыць карэнных інуітаў (грэнландцаў, якія размаўляюць на мове калаалісут), то толькі вельмі малая іх колькасць з’яўляецца католікамі. Большасць карэннага насельніцтва традыцыйна прытрымліваецца лютэранскага хрысціянства, якое было ўведзена дацкімі місіянерамі. Аднак ёсць некалькі карэнных жыхароў Грэнландыі, што перайшлі ў каталіцтва.
– Як заклік Другога Ватыканскага сабора да інкультурацыі веры рэалізуецца ў Вашай парафіі? Ці ўключаеце Вы песні і сімвалы з месцаў паходжання парафіянаў у сваю дзейнасць?
– Паколькі большасць католікаў у нашым касцёле, прыкладна, 90%, – філіпінцы, мы час ад часу спяваем філіпінскія песні падчас набажэнстваў, асабліва на Каляды і Вялікдзень, мы таксама ўключаем у набажэнствы некаторыя іх традыцыі, скажам, упрыгожванне касцёла.
– Як бы Вы ахарактарызавалі парафіяльнае жыццё ў касцёле Хрыста Валадара?
– Нягледзячы на невялікую колькасць парафіянаў, я заўсёды захапляюся іх клопатам пра парафію і прыгожа падрыхтаванымі набажэнствамі. Пасля кожнай нядзельнай Імшы мы вячэраем разам, ядзім агульныя стравы. У нас ёсць традыцыя: мы абедаем разам, плацім невялікую суму, а атрыманыя грошы ахвяруем на Карытас. Молімся на ружанцы ў касцёле з моладдзю і дзецьмі. Парафіяне ўдзельнічаюць у хрысціянскім жыцці горада.
Мінулы год выдаўся вельмі плённым. У нас было сем хростаў, канфірмацыя аднаго дарослага чалавека, а дзесяць дзяцей прынялі Першую Святую Камунію. Сёлета да канфірмацыі рыхтуецца трое маладых людзей. Я рады сказаць, што наша парафія расце.
– Якія асноўныя цяжкасці служэння ў Грэнландыі?
– Мая галоўная праблема ў тым, што я не магу заўсёды быць са сваімі парафіянамі. Як я ўжо згадваў, у мяне таксама ёсць парафія ў Капенгагене, таму я езджу туды і назад на працягу ўсяго года.
Гэтыя паездкі таксама крыху стамляльныя і няпэўныя, таму што ніколі не ведаеш, ці дабярэшся да месца прызначэння. Праз зменлівае і непрадказальнае надвор’е ў Нуук мае паездкі часам адмяняліся, пераносіліся на некалькі дзён.
Узнагарода, але і выпрабаванне
– Тут чалавек часта сутыкаецца з ізаляцыяй, суровым надвор’ем і праблемай служэння маленечкай і шырока раскіданай супольнасці. Аднак прыгажосць ландшафтаў Грэнландыі і глыбокае разуменне місіі могуць зрабіць пакліканне карысным, але і патрабавальным.
– Якія бласлаўленні дае служэнне ў Грэнландыі?
– З самага пачатку гэтая зямля была для мяне месцам ласкі і спакою, дзе я магу адпачыць сваім целам і душой. У той жа час гэта дае мне магчымасць глыбока паразважаць над сваім духоўным жыццём, і я магу сапраўды адысці ад мітусні штодзённасці.
– Грэнландыю называюць «краінай паўночнага сонца», бо сонца не заходзіць некалькі месяцаў у годзе. Ці ёсць у гэтым духоўны ўрок або натхненне для Вас?
– Так, выказванне «краіна паўночнага сонца» можа несці глыбокае духоўнае натхненне. Для тых, хто шукае сэнс у прыродзе, грэнладская зямля можа служыць магутным напамінам пра тое, што святло – літаральнае або духоўнае – заўсёды можна знайсці, нават калі яно здаецца нечаканым.
Захапляльная прыгода
– Магу сказаць, што для мяне гэта заўсёды захапляльная прыгода, дзе Бог і чалавек сустракаюцца ў свеце святла і цемры.
– Ці ёсць у Вас якія-небудзь думкі наконт нядаўніх заклікаў цяперашняй амерыканскай адміністрацыі ўзяць пад кантроль Грэнландыю? Калі так, то як такі крок можа паўплываць на Вашае служэнне і Вашу парафію?
– Калі жаданні прэзідэнта ЗША Дональда Трампа спраўдзяцца, то ў будучыні магло б здарыцца, што душпастырства ў Грэнландыі будзе прапанаванае якой-небудзь амерыканскай дыяцэзіі, а гэта азначала б, што я страчу тут працу сваёй мары. Я спадзяюся і малюся, каб гэтага не адбылося.
З майго пункту гледжання, незалежна ад таго, ёсць праблема ці не, я дазволю Богу быць цэнтрам усяго. Мы молімся, як можам, за мір на зямлі, а ўсё астатняе няхай зробіць Бог. Мяне больш хвалюе суправаджэнне невялікіх каталіцкіх пастваў выспы, чым заваёўніцкія жаданні Трампа.
Джына Крысціян, OSV News
Фота з сайта ofmconv.net
Пераклад Марыны Сінкевіч
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!














