Ad maiorem Dei gloriam. Пра дэвіз св. Ігнацыя

У 2021-2022 гг. Таварыства Езуса (ордэн езуітаў) адзначае юбілей, узгадваючы дзве падзеі, звязаныя з жыццём і праслаўленнем свайго заснавальніка – св. Ігнацыя Лаёлы.

Пяцьсот гадоў таму, 20 мая 1521 г., ён быў паранены ў бітве, пасля чаго пачалося яго навяртанне да хрысціянскага жыцця, прысвечанага Богу. А крыху больш чым сто гадоў пазней, 12 сакавіка 1522 г., Ігнацый быў кананізаваны (у той жа дзень святымі былі абвешчаныя адзін з першых таварышаў Ігнацыя Францішак Ксаверы, а таксама Тэрэза Авільская, Ізыдор Мадрыдскі і Філіп Нэры). Ігнацыянскі юбілейны год праходзіць пад дэвізам «Убачыць усё па-новаму ў Хрысце». Гэта выдатная магчымасць звярнуцца да духоўнай спадчыны вялікага святога, жыццёвы шлях і вучэнне якога не перастаюць натхняць усё новыя пакаленні хрысціянаў.

Што азначае дэвіз св. Ігнацыя?

У першую чаргу ўспомнім і паразважаем над бадай што найбольш вядомай фразай св. Ігнацыя: Ad maiorem Dei gloriam” – “Дзеля большай хвалы Божай”. Кіравацца гэтым прынцыпам імкнуўся былы рыцар пасля таго, як зразумеў, што ніякія зямныя дасягненні нічога не вартыя ў параўнанні з той славай, якая належыць Валадару ўсяго сусвету і да ўдзелу ў якой Бог запрашае і сваіх дзяцей. Ігнацый пазней жадаў перадаць і сваім духоўным сынам, і ўсім вернікам перакананне, што менавіта дзеля гэтай высокай мэты – дзеля Божай хвалы – мы створаныя і пакліканыя дзейнічаць у свеце. Такое памкненне не было чымсьці абсалютна новым у хрысціянскай традыцыі, бо ўжо св. Павел вучыў: “Ці ясце, ці п’яце, ці нешта робіце, усё рабіце на славу Божую” (1 Кар 10, 31). Пан Езус праз сваё пасланніцтва хацеў праславіць Бога Айца (Ян 12, 28; 17, 1) і ведаў, што, выконваючы Яго волю, Ён сам праславіцца (Ян 17, 4-5). Адначасова наш Пан хоча, каб Ягоныя вучні мелі ўдзел у Яго хвале (Ян 17, 24). Што гэта значыць для нас?

На нашых вуснах часта гучыць кароткая, але вельмі змястоўная малітва: “Хвала Айцу і Сыну, і Духу Святому…” У ёй мы вызнаём веліч Пана, якая аб’яўляецца ў прыгажосці Божага стварэння, праз Божы Провід у нашым жыцці і вакол нас, у Божай любові і міласэрнасці, у гісторыі збаўлення (яе ўдзельнікамі з’яўляемся і мы). Першы крок для нас – умець заўважыць і ўсвядоміць усе гэтыя знакі прысутнасці і дзеянні Пана ў створаным свеце і ў нас саміх і не забываць праслаўляць Яго. Таксама і ў малітве “Ойча наш” мы кажам: “Свяціся Імя Тваё”, і адно са значэнняў гэтага закліку – менавіта жаданне, каб Бог, наш Айцец, быў праслаўлены, каб паўсюдна прызнаваліся Яго дабрыня і веліч. Наша малітва ўсхвалення Бога блізкая да падзякі, але праслаўленне імкнецца да таго, каб вызнаваць веліч Бога проста за тое, што Ён – Бог, што Ён ёсць у нашым жыцці, што мы пазналі Яго, а не за тое, што ад Яго мы атрымліваем нейкія дары і што Ён выконвае нашыя просьбы. Праз абвяшчэнне Божай славы мы ўжо нейкім чынам дакранаемся да яе, удзельнічаем у ёй. Дзякуючы гэтаму адчуваем глыбокую, нават калі і ціхую, радасць.

Як памножыць Божую хвалу ў свеце?

Але гэта не ўсё. Св. Ігнацый вучыць, што нашым жыццём, нашымі намерамі, словамі і ўчынкамі мы можам спрыяць памнажэнню Божай хвалы ў свеце. Для гэтага не абавязкова рабіць штосьці “рэлігійнае” ў вузкім сэнсе слова, бо Сын Божы, стаўшыся чалавекам, асвяціў усё, што належыць да нашай рэчаіснасці (вядома, калі яно не з’яўляецца сродкам для граху): вучобу і працу, кожнае памкненне і кожную спробу – знешнюю ці ўнутраную, а нават адпачынак і прыемнасці, якія дапамагаюць будаваць Божае Валадарства. Такая перспектыва дапамагае нам усвядоміць больш глыбокае вымярэнне ўсіх нашых дзеянняў і заняткаў, усіх нашых намераў і памкненняў, каб яны былі асвечаныя, прынесеныя Богу. Імкнуцца да памнажэння Божай хвалы – гэты прынцып ачышчае нашыя намеры, нашыя інтэнцыі, бо адну і тую ж рэч можна рабіць з зусім рознымі думкамі і матывацыяй.

Напрыклад, абавязкам бацькоў з’яўляецца выхаванне дзяцей, і гэты абавязак можна выконваць “як мяне ў дзяцінстве вучылі” ці проста “як атрымаецца”, а можна шчыра імкнуцца да таго, каб Божая любоў, якая ўмее быць і пяшчотнай, і цвёрдай, прысутнічала заўсёды ў адносінах з дзецьмі, і такім чынам Божая слава праяўлялася ў сям’і. Альбо нейкую непрыемную працу нам часам даводзіцца выконваць таму, што нас прымушаюць, або ў нас няма іншай магчымасці зарабіць грошы. Але калі тое самае будзем рабіць, памятаючы пра запаведзь Езуса несці свой крыж, тады такія высілкі набываюць зусім іншае значэнне: Божая слава аб’явілася не толькі праз дабрачынную дзейнасць Езуса, але ў найвышэйшай меры – праз Яго Крыж, які стаў дарогай да Уваскрасення. Гаворка не пра тое, каб проста пасіўна прымаць любое цярпенне, але каб кіравацца вечнай мудрасцю – Евангеллем Хрыста – у нашым успрыманні жыццёвых сітуацый, у іх ацэнцы і ў выбары наступнага кроку. Божая слава аб’яўляецца кожны раз, калі мы запрашаем Бога ў нашыя рашэнні і жаданні, прыслухоўваемся да Яго слова і выконваем Яго волю настолькі дасканала, наколькі ў нас атрымліваецца. Езус называе тых, хто так чыніць, сваімі сябрамі.

Таму варта памятаць пра дэвіз “дзеля большай хвалы Божай” у нашым штодзённым рахунку сумлення: не для таго, каб ён станавіўся крытэрыем самаабвінавачвання, а хутчэй, каб адкрываў новую глыбіню ў нашых штодзённых занятках. Наш Пан напэўна дасць нам ласку Духа Святога, указваючы, як з Яго дапамогай мы можам уносіць свой сціплы ўклад у справу Божага Валадарства.

Айцец Віктар Жук SJ, пробашч парафіі Св. Уладзіслава ў Віцебску

для друку для друку