Аўстралія: святар-сёрфер ужо другі раз выратаваў жыццё людзей на вадзе

Айцец Ліам Раян, аўстралійскі святар, вядомы як «святар-сёрфер», стаў героем СМІ пасля таго, як выратаваў двух сёрфераў, якія трапілі ў хвалевую плынь. Гэта ўжо другі раз, калі святар ратуе жыццё на вадзе: некалькі гадоў таму ён дапамог сёрферу перажыць напад акулы, піша CNA.

38-гадовы айцец Ліам Раян, які служыць у кафедральным саборы Маці Божай, Каралевы Міру ў Бруме (Заходняя Аўстралія) займаўся сёрфінгам, калі ўбачыў бацьку і сына, якія спрабавалі ўтрымацца на плаву. Іх зацягнула хвалевая плынь, і яны не маглі супраціўляцца ёй. Святар падплыў да іх і паклікаў, але не пачуў адказу. Дабраўшыся да іх, ён дапамог сёрферам выбрацца, адзін з іх узлез на дошку святара, падзякаваўшы яму за дапамогу.

«Тут, у турыстычным горадзе, трапляюцца людзі, не знаёмыя з асаблівасцямі знаходжання ў адкрытай вадзе», — сказаў ён. «Акіян можа здавацца абсалютна спакойным, але калі адбываецца вялікі прыліў… усё можа змяніцца ў імгненне вока».

31 ліпеня 2020 года айцец Раян дапамог сёрферу перажыць напад акулы ў Банкер-Бэй, Заходняя Аўстралія. Падчас адпачынку ў гасцях у свайго сябра, ён займаўся сёрфінгам, калі ўбачыў, што іншы серфер — Філ Мамерт — трапіў у бяду. «Я бачыў, як ён зваліўся з дошкі. Ён выглядаў вельмі разгубленым, і побач з ім плавала толькі палова дошкі», — распавядае а. Раян. Потым ён убачыў, як вялікая белая акула ўкусіла Мамерта за нагу. Айцец Раян пачаў клікаць на дапамогу.

Іншы сёрфер, Алекс Олівер, які быў непадалёк, пачуў яго. Разам яны змаглі выцягнуць скрываўленага Мамерта на бераг. У мужчыны былі глыбокія ўкусы, таму яго неадкладна даставілі верталётам у бальніцу.

Айцец Раян кажа, што пасля гэтага ён правёў некаторы час адзін, «трохі паплакаў і проста маліўся». «Ёсць нешта глыбока ўнутры нас, што хоча дапамагчы», — сказаў ён. «Хрысціянства пабудавана на прынцыпе аддачы свайго жыцця за іншых. Калі вы сутыкаецеся з адным з вашых найвялікшых страхаў… тое, што дае вам сілы ў гэты момант, — гэта Божая ласка».

У 2022 годзе айцец Ліам Раян атрымаў аўстралійскую ўзнагароду за адвагу.

credo.pro
пераклад Марыны Ткач

для друку для друку