Папа: новыя святыя – не героі ці змагары за ідэалы, а сведкі веры

Леў XIV далучыў да ліку святых сем благаслаўлёных, назваўшы іх “светачамі веры, якія выпраменьваюць святло Хрыста”. У гаміліі ён засяродзіў увагу на важнасці малітвы і веры, каб не страціць надзею на збаўленне.

19 кастрычніка 2025 года на ватыканскай Плошчы святога Пятра адбылася ўрачыстая Імша, падчас якой Леў XIV кананізаваў сем благаслаўлёных: Ігнацыя Шукралаха Малаяна, Пітэра То Рота, Вінчэнцу Марыю Палоні, Марыю дэль Монтэ Кармэла Рэндылес Марцінэс, Марыю Транкаці, Хасэ Грэгорыа Эрнандэса Сіснэраса і Бартала Лонга.

У гаміліі Святы Айцец спаслаўся на евангельскі ўрывак, у якім гучыць пытанне: “Сын Чалавечы, прыйшоўшы, ці знойдзе веру на зямлі?” (Лк 18:8). Ён нагадаў, што вера, як сувязь любові паміж Богам і чалавекам, з’яўляецца найвялікшай каштоўнасцю ў вачах Пана. Сем новых святых трымалі лампаду веры запаленай і самі сталі светачамі, здольнымі выпраменьваць святло Хрыста.

Без веры немагчыма спадзявацца на збаўленне

Вера пераўзыходзіць любыя даброты не таму, што імі трэба пагарджаць, а таму, што без веры яны губляюць сэнс. Адносіны з Богам маюць найвышэйшае значэнне, бо Ён стварыў усё з нічога на пачатку часоў і збаўляе ўсё, што ў часе канчаецца. Зямля без веры была б заселена дзецьмі, якія жывуць без Айца, гэта значыць стварэннямі без збаўлення, — сказаў Пантыфік. Неба і зямля засталіся б, але ў нашых сэрцах ужо не было б надзеі. Свабода кожнага была б пераможана смерцю. Без веры ў Бога мы не можам спадзявацца на збаўленне – дар вечнага жыцця, які мы атрымліваем ад Айца, праз Сына, моцаю Святога Духа, — падкрэсліў Леў XIV.

Папа заклікаў вернікаў не стамляцца маліцца, як мы не стамляемся дыхаць. “Як дыханне падтрымлівае жыццё цела, так малітва падтрымлівае жыццё душы”. Хрыстус вучыць сваіх вучняў “заўсёды маліцца і не падаць духам” (Лк 18:1), — нагадаў ён.

Бог – справядлівы суддзя для ўсіх

У прыпавесці пра несправядлівага суддзю і ўдаву Езус паказвае сувязь паміж верай і нястомнай малітвай. Ён пытаецца, “ці ж Бог не абароніць выбраных сваіх, якія просяць Яго дзень і ноч” (Лк 18:7). “Няхай гэтыя словы прагучаць у нашай свядомасці: Пан пытаецца ў нас, ці верым мы, што Бог ёсць справядлівы суддзя для ўсіх”, — сказаў Святы Айцец, перасцерагаючы ад дзвюх спакус: сумнявацца ў тым, што Бог чуе плач прыгнечаных, і дыктаваць Богу, як Ён павінен дзейнічаць. Езус сваім прыкладам даверу да Айца вызваляе нас ад абедзвюх спакус. Ён, нявінны, падчас сваёй Мукі маліўся: “Ойча, няхай станецца воля Твая”, вучачы і нас цалкам давяраць Богу і заўсёды дзякаваць Яму.

Бог там, дзе пакутуе нявінны

Малітва нагадвае нам, што Бог абараняе справядлівасць для ўсіх, аддаючы сваё жыццё за ўсіх. Калі мы заклікаем да Пана: “Дзе Ты?”, мы пераўтвараем гэты заклік у малітву, і прызнаем, што Бог там, дзе пакутуе нявінны. “Крыж Хрыста раскрывае справядлівасць Божую. А справядлівасць Божая — гэта прабачэнне: Ён бачыць зло і адкупляе яго, узяўшы на Сябе. Калі мы ўкрыжаваныя болем і гвалтам, нянавісцю і вайной, Хрыстус ужо там, на крыжы за нас і з намі. Няма плачу, якога Бог не суцешыў бы, няма слязы, далёкай ад Яго сэрца. Пан чуе нас, абдымае такімі, якія мы ёсць, каб перамяніць нас паводле свайго вобразу. Хто ж адкідае міласэрнасць Божую, застаецца няздольным да міласэрнасці ў адносінах да блізкага. Хто не прымае мір як дар, не можа і сам яго даць”, — сцвердзіў Пантыфік.

Не героі і не змагары за ідэалы, а верныя сябры Хрыста

“Мы разумеем, што пытанні Езуса – гэта моцны заклік да надзеі і дзеяння: Сын Чалавечы, прыйшоўшы, ці знойдзе веру ў Божы Провід? Менавіта гэтая вера падтрымлівае наша імкненне да справядлівасці, бо мы верым, што Бог ратуе свет праз любоў, вызваляючы нас ад фаталізму. Таму спытаем сябе: калі мы чуем голас таго, хто ў патрэбе, ці становімся мы сведкамі любові Айца, як Хрыстус быў сведкам для ўсіх?” – заклікаў Папа, заахвочваючы вернікаў быць сведкамі любові і справядлівасці, як новыя святыя, “не героі і не змагары за ідэалы, а сапраўдныя людзі”.

“Гэтыя верныя сябры Хрыста – мучанікі за веру, як біскуп Ігнацый Шукралах Малаян і катэхет Пітэр То Рот, евангелізатары і місіянеркі, як сястра Марыя Транкаці, заснавальніцы ордэнаў, як сястра Вінчэнца Марыя Палоні і сястра Кармэн Рэндылес Марцінэс, і дабрачынцы, як Бартала Лонга і Хасэ Грэгорыа Эрнандэс Сіснэрас. Няхай іх заступніцтва дапамагае нам у выпрабаваннях, а іх прыклад натхняе нас на агульнае пакліканне да святасці”, — пажадаў Леў XIV, заклікаючы вернікаў настойліва маліцца і цвёрда трымацца веры, каб вера на зямлі падтрымлівала надзею на неба.

Марыя Валодзіна — беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку