Цешуся, што магу праславіць Бога талентам. Цікавае захапленне 14-гадовай Аліны

Аліна Заплеціна

Аліна Заплеціна – падлетак. Дзяўчына ходзіць у школу, спявае ў парафіяльным хоры, вядзе каталіцкі Тік-Ток блог. А калі застаецца вольны час, піша абразы. Сваю першую ікону яна стварыла мінулай вясной, маючы 13 гадоў. Гэта быў абраз Маці Божай Вострабрамскай. Сур’ёзная не па гадах Аліна прызнаецца, што ёй вельмі блізкі культ Божай Міласэрнасці. “Маці Божая Вострабрамская, па іншаму – Маці Міласэрнасці, – тлумачыць свой выбар Аліна. – У мяне з дзяцінства да Яе душа ляжыць. Я нават два разы Яе напісала”.

Спачатку дзяўчына стварала пейзажы, нацюрморты. “А пасля я падумала, чаму б мне не напісаць абраз? Я ж верніца, каталічка-практык!”, – узгадвае суразмоўца. Дзяўчына ніколі не вучылася маляваць у спецыяльных установах, але расла ў творчай атмасферы: яе бацька па адукацыі мастак. Адным з яго апошніх праектаў стала афармленне фрэсак у каталіцкай святыні. “Тата пісаў фрэскі ў нашым парафіяльным касцёле ў Ляхавічах. Я была там з ім амаль штодня. Чула, як абмяркоўваецца кожная дэталь: што дадаць, што прыбраць, – распавядае дзяўчына. – А ў нас дома ён распісваў фігуры святых. Я так за ім назірала, адзначала для сябе, як ён працуе”.

Колькасць іконаў пачала імгненна павялічвацца: з’явіўся абраз Добрага Пастыра, затым св. Юзафа, Маці Божай Фацімскай, Маці Божай Чэнстахоўскай… “Працы ішлі на падарункі сябрам. Пасля іконы сталі замаўляць мае знаёмыя. Я нават тату ў некаторых момантах стала дапамагаць. Але, канешне, ён мне яшчэ не ўсё давярае”, – дадае Аліна.

Абраз Маці Божай Вострабрамскай

Дзяўчына падкрэслівае, што піша абразы для малітвы і заўсёды сумленна вывучае гісторыю святога, каб разумець, што стварае. “Спачатку я знаходжу адпаведную выяву ў інтэрнэце. Калі пісала св. Юзафа, вагалася паміж некалькімі яго вобразамі. Абрала канчатковыя тры і на іх падставе сабрала адзіную выяву. У выніку атрымала жаданае, дзеліцца Аліна. – Пасля я купляю дошку і пакрываю яе леўкасам. Затым пераношу задуманы вобраз. Самае складанае – гэта напісаць святое аблічча. Твар перадае эмоцыі, якія будуць выклікаць адпаведны настрой і ў гледача. Я не магу напісаць Добрага Пастыра, які хмурыцца. Трэба адлюстраваць усю ягоную дабрыню”.

Абраз св. Юзафа напісаны па ўсім канонам іканапісу

Акрамя тэхнічнай часткі дзяўчына шмат увагі надае духоўнаму аспекту працы над іконай. Юная верніца нават мае асабістую малітоўную практыку, якая дапамагае ёй засяродзіцца на працэсе. “Перад тым, як распачаць, я малюся да св. Веранікі – заступніцы стваральнікаў абразоў. Падчас напісання іконы я магу маліцца Літаніяй ці Вяночкам. Аднак мая асноўная традыцыя, калі я завяршаю абраз, што з’яўляецца для мяне вялікай урачыстасцю, – я спяваю гімн “Te Deum”, – гаворыць дзяўчына.

Аліна таксама стараецца пісаць, знаходзячыся ў стане асвячальнай ласкі, бо не разумее, як перадаць святы вобраз, трымаючы грэх на сэрцы. “Аднагодкі звычайна здзіўляюцца, калі даведваюцца пра маё хобі. Падлеткі цікавяцца рознымі рэчамі, але ніяк не іканапісам. Мяркуюць, што гэта справа манахінь, – дадае з усмешкай Аліна. – Але пасля праяўляюць цікавасць і нават захапляюцца. Негатыўных водгукаў я ніколі не атрымлівала”.

Дзяўчына бачыць сваю будучыню ў сферы іканапісу: хоча надалей развівацца, атрымаць адпаведную адукацыю. Найбліжэйшыя планы таксама ёсць: напісаць вобраз Езуса Міласэрнага. Але гэтым разам Аліна хоча пакінуць ікону для сябе.

Ангеліна Марцішэўская

для друку для друку