Пра плённую падрыхтоўку да святарства і пакліканні

Кс. Павел Эйсмант (справа) i алюмны перадсемінарыйнага курса з вiзiтам на Радыё Марыя

У маі Касцёл перажываў сусветны тыдзень малітвы аб пакліканнях да святарскага, манаскага і місіянерскага жыцця.

Паразмаўлялі з кс. Паўлам Эйсмантам, які цяпер служыць у Мінску і займаецца фармацыяй хлопцаў на падрыхтоўчым, перадсемінарыйным курсе. Там падчас гадавога навучання юнакі распазнаюць, ці святарства – гэта іх шлях.

Мы распыталі кс. Паўла аб новай для Беларусі практыцы і закранулі праблематыку колькасці пакліканняў.

Кс. Павел Эйсмант з’яўляецца куратарам падрыхтоўчага, інакш – прапедэўтычнага, курса, на які прыязджаюць хлопцы з чатырох дыяцэзій Беларусі і навучаюцца асобна, па-за будынкам семінарыі. На дадзены момант на курсе знаходзіцца 5 чалавек: чатыры з Гродзенскай дыяцэзіі і адзін з Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

Чаму асобны курс?

Першы навучальны год стартаваў восенню 2018 года, і на ім было дзесяць асоб. Рашэнне стварыць такую форму навучання прынялі двума гадамі раней. Яна стала адказам на рэкамендацыі Апостальскай Сталіцы ў кантэксце менавіта недахопу пакліканняў.

Як дзеліцца кс. Павел, распавядаючы аб патрэбе дадзенага курса, “усё дзеля таго, каб юнакі, праходзячы яго, як мага паўней распазналі сваё пакліканне. Гэта нялёгкая задача, ёсць шмат цяжкасцей, і чалавек не ведае да канца, ці насамрэч ён пакліканы быць святаром. Тут робіцца першы крок. І калі хлопец вырашае, што гэта ўсё-такі не яго, ён пасля можа выбраць іншую прафесію, а калі яго, то пойдзе вучыцца і фарміравацца ў семінарыю”.

Аб праграме навучання

Наш суразмоўца адказвае за выхаваўчую і дыдактычную галіны. Як адзначае кс. Павел, у выхаваўчым плане яго задача, перш за ўсё, заключаецца ў тым, каб штосьці падказаць, накіраваць, нагадаць, часам зрабіць заўвагу. “Пасля семінарыя пераймае, і там выхаваўцам прасцей, бо хлопцы ўжо ў пэўнай ступені сфарміраваныя”, – адзначае святар.

У кантэксце навучання кс. Павел складае план заняткаў, факультатываў і майстаркласаў, таксама арганізоўвае для ўдзельнікаў курса сустрэчы з цікавымі людзьмі, між іншым, у галіне культуры і мастацтва; ладзіць культурныя мерапрыемствы: выхады ў кіно, на арганныя канцэрты, прагляд спектакля ці выставы жывапісу; розныя выезды, знаёмствы з іншымі парафіямі.

“У нашай супольнасці служыць таксама духоўны айцец. Ён спавядае, як і два іншыя спаведнікі, праводзіць духоўныя размовы, да яго навучэнцы звяртаюцца перадусім з духоўнымі праблемамі, – дзеліцца кс. Павел.

– Ёсць прадмет, які праводзіць псіхолаг – «Антрапалогія хрысціянскага паклікання». Ён быў уведзены ў план навучання, каб хлопцы маглі пазнаць сябе, свой псіхалагічны свет і ў гэтым кантэксце адкрылі ўласнае пакліканне, адкрылі ў сабе прыгажосць чалавечнасці. Калі ўзнікае такая патрэба, у асобных выпадках мы таксама карыстаемся псіхалагічнай і нават псіхатэрапеўтычнай дапамогай”.

Як тлумачыць кс. Павел, сярод прадметаў, вывучаемых удзельнікамі курса, ёсць асноўныя і дадатковыя прадметы, а таксама мовы. Да першых адносяцца, напрыклад, “Уводзіны ў духоўнае жыццё”, “Уводзіны ў хрысціянства”, “Уводзіны ў гісторыю Касцёла ў Беларусі” (у тым ліку ў кантэксце сусветнай гісторыі), куды ўваходзіць таксама знаёмства з біяграфіямі святых нашай краіны, пазнанне каталіцкай, праваслаўнай і ўніяцкай канфесій. Сярод дадатковых прадметаў ёсць, між іншым, “Практычная літургіка” і “Падрыхтоўка да этапу філасофіі”. Да моў жа адносяцца беларуская мова і культура, англійская і польская мовы (асноўная частка літаратуры ўсё яшчэ застаецца па-польску).

Трохі аб міжпакаленчых адрозненнях

Сам кс. Павел паступаў у семінарыю ў Гродне ў 2006 годзе, калі яна яшчэ была дыяцэзіяльнай. На пытанне, якія адрозненні заўважае паміж колішнімі семінарыстамі і цяперашнімі кандыдатамі, святар звяртае ўвагу на тое, што актуальна больш хлопцаў прыходзіць пасля каледжа ці ўніверсітэта, набыўшы пэўны вопыт свецкай работы, і менш пасля школы. Адной з асаблівасцей працы сёння з’яўляецца таксама паходжанне хлопцаў з няпоўных сямей: “Да нас прыходзіць пэўная колькасць юнакоў з праблемных сем’яў, дзе няма бацькі ці маці, як па прычыне смерці, так і па прычыне разводу”. Кс. Павел заўважае, што такія асобы патрабуюць асаблівага падыходу, патрабуюць духоўнай і псіхалагічнай падтрымкі.

Аб складанасці адказу на пакліканне

Разважаючы над праблематыкай пакліканняў, наш суразмоўца звяртае ўвагу на падыход да жыцця цяперашніх маладзёнаў і на тое, што ў Касцёле ім можа не хапаць пазітыўных прыкладаў.

“Сёння юнакі вельмі часта нацэлены знайсці сабе такую прафесію, дзе можна зарабіць найбольш грошай і найхутчэй павысіць статус. Часта моладзі хочацца ўсяго і адразу. Да таго ж цяпер усё горш і горш з практыкаваннем рэлігійнага, духоўнага жыцця, усё больш абыякавасці ў адносінах да веры, да маральнасці. Касцёл у моладзі, на жаль, усё часцей адыходзіць на другі план у жыцці. Некаторыя з іх, нават людзі каталіцкага веравызнання, успрымаюць Касцёл увогуле як архаічную, сярэднявечную ўстанову. Таму маладому чалавеку ўсё цяжэй пачуць голас Езуса Хрыста, які кажа: «Ідзі за мной». Таксама цяжка адважыцца на такі сур’ёзны крок. Нават калі юнак – міністрант, нават калі ён служыць пры алтары, бачыць святара, то не заўсёды вырашыцца пайсці ў семінарыю”, – тлумачыць кс. Павел.

Сваю ролю адыгрывае і падыход бацькоў да патрэбы катэхізацыі, да духоўнага і рэлігійнага выхавання дзяцей. Як адзначае суразмоўца, для будучага святара вельмі важнай асновай з’яўляецца практыкуючая сям’я, дзе была малітва, асабліва супольная.

З перспектывы Касцёла

Разважаючы над роляй Касцёла, кс. Павел звяртае ўвагу на важнасць тэмы пакліканняў і на практычнае яе адлюстраванне: “З боку Касцёла, здаецца, апрача малітвы аб пакліканнях – яна заўсёды павінна быць і яна ёсць, – варта больш увагі звяртаць на саму праблематыку паклікання. Размова на гэтую тэму ў парафіях фактычна зводзіцца да асяроддзя міністрантаў”.

У кантэксце працы з літургічнай службай алтара кс. Павел заўважае: “У адной парафіі могуць быць сустрэчы міністрантаў, рэкалекцыі, выезды, удзел у спаборніцтвах; там святары ладзяць сумесныя спартыўныя заняткі, гульню ў футбол.

Але таксама ёсць душпастырскія пляцоўкі, дзе святар не займаецца гэтым. Магчыма таму, што ў меншых парафіях ён адзін, а магчыма таму, што ў яго няма да гэтага матывацыі”. Важным момантам кс. Павел называе рэкалекцыі распазнання паклікання, якія раней рэгулярна адбываліся, напрыклад, у Гродзенскай і Пінскай семінарыях, у рэкалекцыйным доме ў Лебедзеве. Ён выражае спадзяванне, што пасля завяршэння пандэміі каранавіруса гэтая практыка вернецца:

“Гэта вельмі моцны інструмент, каб «вылавіць» людзей для Хрыста, каб яны акунуліся ў семінарыйную атмасферу. Многія не ведаюць, што такое святарскае пакліканне, яны саромеюцца, баяцца. Каб я не ездзіў на спаборніцтвы міністрантаў, каб сам не ўдзельнічаў у рэкалекцыях распазнання паклікання, не ведаю, ці здолеў бы я адважыцца пайсці ў семінарыю, бо ў мяне была таксама свецкая перспектыва”.

Узгадваючы ўласную гісторыю выбару святарскага шляху, кс. Павел падкрэслівае, наколькі важны для юнакоў асабісты прыклад святара: “Я ўжо неаднойчы распавядаў, што для мяне стала адным з вырашаючых момантаў, калі святар не шкадаваў для міністрантаў грошай, каб купіць марожанае ці нейкае печыва, пайсці з імі ў басейн ці ў заапарк, згуляць у футбол”.

Яшчэ больш кс. Паўла натхніў выпадак, калі аднойчы зімой захварэў ён і ксёндз вікарый у парафіі: “Мяне мама не пусціла ў касцёл, бо быў мароз, святая Імша цэлебравалася ў падвале касцёла, які будаваўся, а я лёгка прыхварэў. Пробашча не было, ён выехаў па справах будовы касцёла, а вікарый, які меў тэмпературу 39 градусаў, цэлебраваў дзве св. Імшы. Для мяне гэта быў шок. Чаму святар павінен ісці на рызыку для здароўя толькі таму, што няма кім замяніць яго? Падумаў тады, што сапраўды «жніво вялікае, але работнікаў мала».

І вось прыклад гэтага святара, нават крыху гераічны, сапраўды матываваў мяне, каб у будучыні стаць на яго месца, дапоўніць гэтую святарскую супольнасць, каб таксама служыць Богу, бо, магчыма, гэта маё пакліканне”.

Кацярына Паўлоўская, Слова Жыцця

для друку для друку