Абходзіў Езус усе гарады і вёскі, навучаючы ў іхніх сінагогах, абвяшчаючы Евангелле валадарства і вылечваючы ўсялякую хваробу і ўсялякую немач.
Убачыўшы натоўпы людзей, Ён злітаваўся над імі, бо яны былі знясіленыя і пакінутыя, нібы авечкі, якія не маюць пастыра.
Тады Ён кажа вучням сваім: Жніво, сапраўды, вялікае, ды работнікаў мала; дык маліце Гаспадара жніва, каб выслаў работнікаў на жніво сваё.
І, паклікаўшы дванаццаць вучняў сваіх, Ён даў ім уладу выганяць нячыстых духаў і лячыць усялякую хваробу і ўсялякую немач.
Гэтых дванаццаць паслаў Езус, наказваючы ім: Найбольш ідзіце да авечак з дому Ізраэля, якія загінулі. А ідучы, абвяшчайце, кажучы: Наблізілася Валадарства Нябеснае. Хворых аздараўляйце, мёртвых уваскрашайце, пракажоных ачышчайце, злых духаў выганяйце. Дарма атрымалі, дарма і давайце (Мц 9, 35 — 10, 1. 6–8).
Езус убачыў натоўпы людзей, якія былі падобныя да статку без пастыра. Сучасны свет падобны да такога статку. Людзі змучаныя сваёй працай, абавязкамі, праблемамі, яны не ведаюць, дзе шукаць паратунку і які выбраць шлях.
Езус заўсёды гатовы стаць нашым Пастырам і апекавацца намі, але не ўсе прыходзяць да Яго. Многія прыходзяць да Езуса ўжо пабітыя і паламаныя жыццём. Бог не абыякавы да лёсу чалавека і таму літуецца над намі і дапамагае ў патрэбах.
„Жніво сапраўды вялікае, ды работнікаў мала“. Прыводзіць чалавека да Бога, набліжаць да Божага Валадарства — гэта вялікая праца да якой Езус кліча сваіх апосталаў, кліча кожнага хрысціяніна.
Патрэба такіх працаўнікоў застаецца актуальнай ва ўсе часы. Чалавецтву заўсёды патрэбныя людзі, якія будуць нагадваць, што без Бога мы не вырашым праблем, не даб’емся трывалага шчасця, нават не справімся самі з сабой.
Езус дае пэўны інструктаж сваім вучням, што іх чакае, і якое іх заданне. Ён хоча дапамагчы кожнаму, таму выбірае і пасылае сваіх апосталаў, даючы ўладу выганяць злых духаў і лячыць усялякую хваробу — гэтаму нельга навучыцца з кніжак, гэтае ўменне не можа перадаць бабуля ці маці. Такі дар можа даць толькі Бог, і Ён дае яго пэўнай асобе. Езус даў уладу сваім вучням, таксама кожнаму з нас, хто паверыў у Хрыста. Кожны з нас з’яўляецца апосталам Хрыста, і Езус хоча, каб Ягоныя вучні дзяліліся ўсім тым, што атрымалі, спазналі ад Яго, каб і іншыя мелі такую магчымасць.
Кс. Іван Кароткін
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!
