Калі Езус адыходзіў адтуль, ішлі за Ім двое сляпых, якія крычалі: Змілуйся над намі, Сыне Давіда!
І калі Ён прыйшоў у дом, сляпыя падышлі да Яго. І кажа ім Езус: Ці верыце, што Я магу зрабіць гэта?
Яны кажуць Яму: Так, Пане!
Тады Ён дакрануўся да вачэй іхніх і сказаў: Няхай станецца вам паводле веры вашай.
І адкрыліся іх вочы. І Езус сурова наказаў ім: Глядзіце, каб ніхто не даведаўся. А яны, калі выйшлі, абвясцілі пра Яго па ўсёй той зямлі (Мц 9, 27–31).
Адвэнт толькі-толькі распачаўся, да Новага года яшчэ амаль месяц, а ў дзверы нашых сэрцаў і нашых касцёлаў ужо стукаецца святы Мікалай. 6 снежня незвычайны дзень, асабліва для дзяцей, якія выраслі ў каталіцкай традыцыі постсавецкага часу. Святы біскуп Мікалай, а не міфічны Дзед Мароз, усё часцей і часцей завітвае ў дамы і парафіі беларусаў, прыносячы падарункі і дорачы радасць перажывання зімовых святаў Божага Нараджэння. Прыемна адзначаць, што нашыя вернікі пакрысе вяртаюцца да сваіх каранёў, усведамляючы важнасць сваёй каталіцкай ідэнтычнасці.
“Няхай станецца вам паводле вашай веры”, — кажа Хрыстус сляпым у сённяшнім урыўку з Евангелля ад Мацвея. Вера адкрывае чалавеку вочы. Таму чалавеку, які гадамі, а можа нават дзесяцігоддзямі хадзіў у цемры бязвер’я. Чалавеку, які прызвычаіўся да ілжывай атэістычнай прапаганды, што Бога няма, святых няма, Божага Нараджэння няма і ніколі не было. А галоўным зімовым святам ёсць Новы год з Дзедам Марозам і Снягуркай.
Але святло Бэтлеемскай зоркі ўсё ярчэй зіхаціць над нашай Бацькаўшчынай, і сэрцы шматлікіх людзей асвятляюцца праўдай веры. Веры, якая робіць цуды, якая перамяняе жыццё на лепшае, якая асвятляе шлях да Хрыста. Бо “Пан – маё святло і маё збаўленне,” — кажа нам сёння рэфрэн псальма. Толькі ў Богу чалавек можа знайсці праўдзівае шчасце. Адчуць сапраўдную радасць і супакой. Навучыцца любіць і прымаць любоў. Быць міласэрным і прасіць прабачэнне. Жыць так, як жылі святыя. Адным з якіх быў святы Мікалай, успамін ягога мы сёння і адзначаем.
Традыцыя распавядае, што калі святы Мікалай быў у Ерузалеме, то ноччу на Сіёнскай гары брамы касцёла самі адчыніліся перад вялікім пілігрымам. Няхай жа час Адвэнту будзе для кожнага з нас пілігрымкай веры, якая вядзе да святла праўды. А ў канцы гэтай пілігрымкі і перад намі адчыняцца брамы, што вядуць у ціхую радасць сціплай бэтлеемскай стайні. Каб там “Сузіраць хараство Пана і наведваць Яго святыню”(Пс. 27(26),4).
Кс. Аляксандр Грыцкевіч
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!

