5 снежня: першы тыдзень Адвэнту

У той час:

Езус сказаў вучням сваім:

Не кожны, хто кажа Мне: Пане, Пане, — увойдзе ў Нябеснае Валадарства, але толькі той, хто выконвае волю Айца Майго, які ў нябёсах.

Вось жа кожны, хто слухае гэтыя словы Мае і выконвае іх, будзе падобны да чалавека разумнага, які пабудаваў свой дом на скале. І пайшоў дождж, і разліліся рэкі, і падзьмулі вятры, і ўдарылі ў дом той; і ён не ўпаў, бо пастаўлены быў на скале.

А кожны, хто слухае гэтыя словы Мае і не выконвае іх, будзе падобны да чалавека неразважлівага, які пабудаваў свой дом на пяску. І пайшоў дождж, і разліліся рэкі, і падзьмулі вятры, і ўдарылі ў дом той; і ён упаў, і было падзенне яго вялікае (Мц 7, 21. 24–27).

Нікога не трэба пераконваць, у тым што вельмі важным элементам ў будынку з’яўляецца падмурак. Гэта тая частка канструкцыі, ад якой  залежыць стабільнасць і бяспека ўсяго будынку.

У сённяшнім Евангеллі Хрыстус таксама звяртае ўвагу на гэтую дэталь. Калі Ён прапаведаваў добрую навіну, ён любіў выкарыстоўваць параўнанні, узятыя з паўсядзённага жыцця. З іх дапамогай Ён часта тлумачыў і перадаваў самыя складаныя праўды Божага Валадарства. Сёння Ён распавядае пра два тыпы будынкаў і пра тое, як яны пабудаваныя.

Увесь будынак можна ўсталяваць на пяску або на скале.

Першы тып глебы нестабільны і ў будучыні будынак можа пашкодзіцца або быць цалкам разбураны, а другі забяспечвае трываласць усяго дому нават у надзвычайных сітуацыях.  Езус называе будаўніка дома, размешчанага на скале, разумным, мудрым чалавекам, а таго хто будуе на пяску неразважлівым.

Зразумела, што Езус выкарыстоўваючы гэты прыклад хоча звярнуць увагу на нашае жыццё. Таму што яно нагадвае пэўны будынак, які мы ўзводзім на працягу 30, 50, 80, 100 гадоў… Дамы нашага жыцця, таксама маюць свае асновы, падмуркі. Калі прыходзяць цяжкія моманты, жыццёвыя буры, стабільнасць нашага дома пастаўлена на выпрабаванне. Будынак на пяску разбураецца, а дом на скале застаецца непахісным.

Нажаль, праўда ў тым, што чалавек не заўсёды клапоціца аб тым, каб збудаваць сваё жыцце на моцным падмурку, таму што досыць часта мы чуем, што ў кагосьці «ўсё жыццё развалілася» ў выніку нават невялікіх цяжкасцяў.

Дык, як пабудаваць дом, імя якога — жыццё, каб ён нагадваў дом збудаваны на скале? Якія матэрыялы трэба выкарыстоўваць, каб ён вытрываў розныя небяспекі, якія здараюцца ў нашым жыцці? Адказ такі: закласці падмурак на Богу, гэта значыць на Тым, Каго Біблія неаднаразова называе скалой.

Як мы можам зрабіць гэта на практыцы? Згодна з вучэннем Езуса ў сённяшнім Евангеллі неабходна слухаць Яго словы і выконваць іх. Недастаткова толькі пачуць словы, але таксама трэба паводле іх жыць, таму што толькі ўчынкi паказваюць, наколькі паважна мы ставімся да пачутага. „Не кожны, хто кажа Мне: Пане, Пане…” і св. Апостал Якуб у сваім пасланні скажа: „Будзьце ж выканаўцамi слова а не толькі слухачамі, якія падманваюць самiх сябе”.

Таму сёння трэба нам спытацца: Ці я слухаю і выконваю Божыя словы? Дом свайго жыцця я ўзношу на пяску ці на скале?

Кс. Станіслаў Скрыдалевіч

для друку для друку