13 снежня: другі тыдзень Адвэнту

Аднойчы:

Езус сказаў народу: З кім параўнаю пакаленне гэтае? Яно падобна да дзяцей, якія сядзяць на рынку і, звяртаючыся да сваіх аднагодкаў, кажуць: Мы гралі вам, а вы не танцавалі, мы галасілі, а вы не плакалі. Бо прыйшоў Ян, які не еў і не піў; і яны кажуць: У ім злы дух. Прыйшоў Сын Чалавечы, які есць і п’е, і кажуць: Вось чалавек, які любіць есці і піць віно, прыяцель мытнікаў і грэшнікаў. І была апраўдана мудрасць справамі сваімі (Мц 11, 16–19).

Езус у сённяшнім Евангеллі скардзіцца на сваё пакаленне. Ён параўноўвае іх да капрызных дзяцей, жаданні якіх вельмі складана задаволіць, таму што яны звычайна не ведаюць, чаго хочуць.

Прыклад з дзeцьмі, які дае Езус у прыпавесці, адносіцца да Яна Хрысціцеля і да Езуса. Людзі не хочуць прымаць ні Хрыста, які прабывае з грэшнікамі і мытнікамі, ні Яна, які вядзе аскетычны лад жыцця. Яны абодва адкінутая гэтым пакаленнем.

Праўда ў тым, што тыя, хто выступае супраць Бога, заўсёды знойдуць апраўданне для сваіх дзеянняў. Акрамя таго, на першы погляд іх аргументы здаюцца правільнымі: Ян Хрысціцель здаваўся некаторым з яго слухачоў занадта жорсткім і патрабавальным, а Езус — занадта мяккім і міласэрным. Ян быў занадта аскетычны, а Езус таксама не адпавядаў іх уяўленням аскезы.

Насамрэч, аднак, такое стаўленне гэта прыкметы закрытага сэрца і адсутнасці веры. Праціўнікі Езуса і Яна гатовыя прыняць іх словы толькі на ўласных умовах і ў адпаведнасці са сваімі ўласнымі ідэямі. Усё, што ім не падабаецца, адкідваецца.

І тым не менш, справы Езуса — гэта Божая Мудрасць. Гэтыя справы сведчаць пра Езуса. Калі людзі трываюць у нявер’і, гэта не віна Мудрасці. Вінаватыя ў тым тыя, хто мае вушы, але не чуе.

З гэтага Евангелля ўзнікае вельмі сумная карціна не толькі ізраільцян пачатку першага стагоддзя, але і людзей усіх часоў і народаў. Калі хтосьці не хоча пачуць праўду, то ён заўсёды знойдзе прычыну, каб гэтага не рабіць, i ніякія рацыянальныя аргументы гэтага не зменяць.

На жаль, часам мы паводзім сябе як землякі нашага Пана. У нас могуць быць розныя прэтэнзіі да Бога: таму што Ён не заўважае нашых патрэбаў, таму што не слухае нашых малітваў, таму што Ён не такі, якім мы хацелі б, каб Ён быў… І такім чынам можам не прыняць Бога, які прыходзіць да нас.

Езус сёння, як і дзве тысячы гадоў таму, задае кожнаму з нас канкрэтнае пытанне: З кім параўнаю пакаленне гэтае?  Да каго мы падобныя?

Кс. Станіслаў Скрыдалевіч

для друку для друку