12 снежня: другі тыдзень Адвэнту

Аднойчы:

Езус сказаў народу: Сапраўды кажу вам: сярод народжаных жанчынамі не было большага за Яна Хрысціцеля; але найменшы ў Валадарстве Нябесным — большы за яго. З часоў Яна Хрысціцеля і дагэтуль Валадарства Нябеснае сілаю здабываецца, і гвалтаўнікі захапляюць яго. Бо ўсе прарокі і Закон прарочылі аж да Яна. І калі вы захочаце паверыць, то ён — Ілля, які павінен прыйсці (Мц 11, 11–15).

У сённяшнім Евангеллі Езус вучыць нас, што з часоў Яна Хрысціцеля і дагэтуль Валадарства Нябеснае здабываецца сілай (Мц. 11, 12). Шмат разоў мы чуем пра пераслед Касцёла ў многіх краінах. Кожнаму хрысціяніну даводзіцца змагацца са спакусамі кожную хвіліну свайго жыцця. Дарэчы, незаўсёды атрымліваецца перамагаць, бываюць часы, калі жыццё ставіць нас на калені. Бываюць хвіліны, калі варта спыніцца, задумацца над сваімі памылкамі, папрасіць прабачэння ў Пана Бога, і распачаць новы шлях з чыстым сэрцам.

Постаць святога Яна Хрысціцеля, якога Езус назваў “найбольшым сярод народжаных ад жанчыны”, знаходзіцца ў цэнтры гісторыі збаўлення дзякуючы асаблівай яго місіі быць папярэднікам Божага Сына на зямлі. Ян Хрысціцель – апошні прарок Старога Запавету і першы прарок Новага Запавету. Вельмі важна, каб у гэтыя дні, калі мы рыхтуемся да свята Божага Нараджэння, прыкладам для кожнага з нас была постаць святога Яна Хрысціцеля. Ён паказвае стыль жыцця, у якім няма месца на згоду са злом.

Разам з Адвэнтам мы пачынаем новы Літургічны год. Таксама з пачаткам чагосьці новага мы можам яшчэ раз пачаць нанова нашую прыгоду з Езусам. Варта паспрабаваць распачаць у чарговы раз працу над сабой. Пачаць яшчэ раз, часта можа нават ад саміх асноў, ад наладжвання нашых сувязяў з бліжнімі, ад выхаду насустрач і выцягвання сваёй далоні да іх. Вярнуцца да малітвы, да шчырай размовы з Панам, калі мы не толькі будзем прасіць штосьці, але і таксама будзем слухаць тое,  што Бог будзе кіраваць да нас. На працягу ўсяго часу трэба ўсведамляць тое, што толькі Езус Хрыстус зможа перамяніць зацвярдзелыя людскія сэрцы. Менавіта Пан з’яўляецца лекарам нашых душ, і гэта толькі Ён можа змяніць нас. Але ці мы хочам гэтага на самай справе? Толькі ад нас залежыць, ці гэты час мы пражывём добра, ці ў нашым духоўным жыцці наступіць рух наперад і збліжэнне да Бога.

Дарагія браты і сёстры! Бог дае нам гэты вельмі важны і радасны час! Давайце выкарыстаем яго добра! Важна памятаць, што Бог чакае нас цяпер! Варта старацца штодзённа жыць так, каб не заглушыць святых крокаў Пана, які набліжаецца да нас! Адвэнт з’яўляецца нагодай зрабіць рахунак сумлення і задумацца над сваім жыццём! Яшчэ не ўсё страчана! Мы можа змарнавалі шмат часу ў жыцці, аднак, яшчэ жывём на гэтым свеце і нам многае што трэба зрабіць! Варта прыгледзецца да самога сябе, заўважыць свае таленты і здольнасці, заўважыць, чым мы адрозніваемся ад іншых людзей, што такое даў нам Бог як дар і заданне для выканання!

Кс. Алег Зямчонак

для друку для друку