1 снежня: першы тыдзень Адвэнту

У той час:

Езус сказаў сваім вучням: Як было ў дні Ноя, так будзе і ў час прыйсця Сына Чалавечага. Бо, як у дні перад патопам елі, пілі, жаніліся і выходзілі замуж аж да таго дня, калі Ной увайшоў у каўчэг, і не ведалі, пакуль не прыйшоў патоп і не забраў усіх: так будзе і ў час прыйсця Сына Чалавечага. Тады двое будуць у полі: адзін будзе ўзяты, а другі пакінуты. Дзве будуць малоць на жорнах: адна будзе ўзятая, а другая пакінутая.

Таму чувайце, бо не ведаеце, у які дзень Пан ваш прыйдзе. Бо ведаеце, што, калі б гаспадар дому ведаў у якую варту прыйдзе злодзей, дык не спаў бы і не даў бы падкапаць дом свой. Таму і вы будзьце гатовыя, бо Сын Чалавечы прыйдзе ў тую гадзіну, калі вы не думаеце (Мц 24, 37-44).

Сёння Першая Нядзеля Адвэнту – пачатак новага літургічнага года. І ў самым пачатку года Хрыстус у Евангеллі заклікае нас да чування, каб не праспаць, не ўпусціць чагосьці вельмі важнага.

Не праспаць што?

Святаў Божага Нараджэння і ўсяго што з гэтым звязана?

Многія могуць, а так і робяць, распазнаць гэты сенняшні заклік Езуса ў накірунку таго, што трэба зрабіць: не забыцца прыбраць хату перад святамі; не забыцца паставіць і ўпрыгожыць ялінку; не забыцца аб падарунках сваім блізкім; не забыцца пра аплатак, каб было чым падзяліцца падчас вігілійнай вячэры і г. д.

У большасці выпадкаў пра гэтыя рэчы складана забыць або іх праспаць. Вітрыны крамаў і каляровыя ўбранні дамоў і вуліц не дазволяць нам забыцца аб пакупках, аб падарунках, аб надыходзячых святах.

«Як было ў дні Ноя, […] у дні перад патопам елі, пілі, жаніліся і выходзілі замуж, […] пакуль не прыйшоў патоп…» (Мц 24, 37-39). Яны не чакалі, іх пільнасць была прытуплена не толькі штодзённымі справамі, але і дабрабытам, спажывальніцтвам і перш за ўсё грахамі. Яны былі такія самазадаволеныя, што не заўважылі надыходзячай бяды.

Для таго, каб добра выкарыстаць гэты асаблівы час, Адвэнт, нам трэба прыглядацца да асобаў гэтага літургічнага перыяду: да прарока Ісаі, які абвяшчае нараджэнне Місіі; да Яна Хрысціцеля, які абвяшчае надыход месіянскіх часоў і да Найсвяцейшай Панны Марыі, Маці Збавіцеля.

Сёння Езус запрашае кожнага з нас да чакання свята Божа Нараджэння. Каб кожны распачаў працу над сабой, каб хоць паспрабаваў пазмагацца з дрэннымі звычкамі і грахамі, якія шкодзяць і сабе і бліжнім.

Запрашаю прысвяціць больш часу асабістай малітве, асабліва чытанню Божага Слова, запланаваць удзел у парафіяльных рэкалекцыях і прымірыцца з Богам, а таксама з роднымі і бліжнімі.

Пастараемся падчас гэтага Адвэнту зрабіць нешта карыснае, добрае і разумнае. Каб праз 24 дні прыйсці ў касцёл і сустрэцца з Езусам у радасці, што нешта ў тваім жыцці за гэты Адвэнт змянілася.

Кс. Алег Хмылко

для друку для друку