- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Пюрэ, рагу, антрыкот? А можа, безэ? Галіцызмы ў сучаснай беларускай мове

[1]Мы працягваем знаёмства з лексікай іншамоўнага паходжання, якая ўжываецца ў сучаснай беларускай мове. У папярэдніх артыкулах мы разгледзелі англіцызмы [2], паланізмы [3], цюркізмы [4], германізмы [5]. Сёння ж паспрабуем крыху пагаварыць пра галіцызмы, гэта значыць, словы, якія прыйшлі да нас з французскай мовы. Галіцы́змы (фр.: gallicisme ад лац.: Gallicus – «гальскі») – гэта, зрэшты, толькі афіцыйная назва адпаведнай групы лексікі. У рэальнасці большасць запазычанняў з французскай мовы, што выкарыстоўваецца сёння ў нас, мае лацінскае паходжанне і не суадносіцца непасрэдна з мёртвай цяпер гальскай мовай. Гэта значыць, што словы з лацінскай мовы ўжываліся ў французскай мове, і якраз праз французскую трапілі да нас і замацаваліся ў беларускай мове. Але ў лінгвістыцы прынята такія словы называць менавіта галіцызмамі.

Гісторыкі мовы мяркуюць, што пазычанні з французскай мовы пачалі пранікаць у старабеларускую мову недзе напрыканцы XV – пачатку XVI стст. І найчасцей яны абазначалі назвы адзення, страў ці пэўныя вайсковыя паняцці. Гэтыя групы галіцызмаў дастаткова частотныя і ў сучаснай беларускай мове. Прыгадаем хаця б назоўнікі жакет, камбінезон, рагу, пюрэ, марынад, дэсант, сяржант, гарнізон і інш. Згаданыя словы добра вядомыя ўсім носьбітам беларускай мовы, хоць і захоўваюць пэўныя фанетычныя і марфалагічныя прыметы іншамоўнасці. Дарэчы, найбольш выразнымі фанетычнымі прыметамі галіцызмаў з’яўляюцца наступныя: а) пачатковыя склады бю, пю, фю (бювар, пюрэ, фюзеляж); б) спалучэнні лье, нье ў сярэдзіне слоў (барэльеф, віньетка); в) спалучэнні —аж, —яж у канцы слоў (масаж, грыльяж); г) спалучэнні трох ці нават чатырох зычных у сярэдзіне слова (амплуа, антракт, дывертысмент, экспрэсіянізм). Ну і, безумоўна, варта памятаць, што найчасцей і ў беларускай мове галіцызмы захоўваюць націск на апошнім складзе, як гэта ёсць у французскай мове.

Прывядзём колькі прыкладаў галіцызмаў з розных лексіка-семантычных груп і праілюструем ужыванне некаторых з іх адпаведнымі фрагментамі з мастацкай літаратуры.

Мы прапанавалі вышэй толькі некаторыя лексіка-семантычныя групы галіцызмаў, якія ёсць у сучаснай беларускай мове. Трэба сказаць, што значная частка гэтых пазычанняў належыць да лексікі абмежаванага ўжытку, гэта значыць, выступае ў якасці навуковых ці прафесійных тэрмінаў, абазначае пэўныя спецыяльныя паняцці. Але вялікая колькасць лексем французскага паходжання добра вядомая для ўсіх.

Спадзяёмся, што прапанаваны матэрыял будзе карысны для нашых чытачоў, дапаможа лепш арыентавацца ў лексічным складзе сучаснай беларускай мовы.

Юрась Бабіч – кандыдат філалагічных навук