- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Тыдзень навукі ў Школе касцельнага спеву прайшоў у Браславе

szkola_spevu14 [1]15—20 жніўня 2016 года ў санктуарыі Маці Божай Валадаркі азёраў у Браславе праходзіла Школа касцельнага спеву.

Вось і скончыўся тыдзень заняткаў у Школе касцельнага спеву, кульмінацыяй якога стала ўрачыстая святая Імша ў гонар Маці Божай Валадаркі азёраў на палявым алтары. Удзельнікі інструментальнага ансамбля, настаўнікі і выкладчыкі з Полацка, Наваполацка, Друі – забяспечвалі музычнае суправаджэнне касцельнага хора.

Акрамя праграмных мерапрыемстваў, што ўключалі заняткі і рэпетыцыі хора з інструментальным ансамблем, “вучні” Школы 16 жніўня прынялі ўдзел у святкаванні 180-годдзя касцёла ў Барадзінічах, наведалі мясцовыя славутасці. 17 жніўня пачалася ХІ Дыяцэзіяльная сустрэча моладзі [2], якая таксама садзейнічала ўзмацненню святочнасці і насычанасці «колераў успрыняцця» вачыма і слыхам. Не будзе залішнім абагульненнем сказаць, што ўсе госці – не толькі дзеці, падлеткі, юнакі і дзяўчаты, але і дарослыя – знаходзіліся ў радасным, узнёслым стане пад уздзеяннем браслаўскага святочнага асяроддзя.

Удзельнікі Школы слухалі лекцыі па гісторыі музыкі кандыдата мастацтвазнаўства, дацэнта Беларускай акадэміі музыкі, арганіста Мінскага архікатэдральнага касцёла і старшыні Секцыі касцельнай музыкі Камісіі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамантаў Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі Уладзіміра Неўдаха. Задача для Уладзіміра Васільевіча была не з лёгкіх: аўдыторыя была розная па ўзросце і падрыхтоўцы (з музычнай адукацыяй і без яе), але ўсе прысутныя слухалі з цікаўнасцю. Спадар Уладзімір праводзіў і заняткі па пастаноўцы голасу для харыстаў і кантараў. Акрамя яго ў Школе касцельнага спеву выкладалі таксама Вольга Янум (кіраўнік хора «Sаlutaris» і выкладчык Беларускай акадэміі музыкі) і Таццяна Брытко (кіраўнік дзіцячага ўзорнага хора «Вішанька» СШ №115 г. Мінска).

szkola_spevu13 [3]

Пасля галоўнай святой Імшы на палявым алтары інструментальны ансамбль у складзе Вікторыі Бабенка (скрыпка), Таццяны Марынёнак (альт), а таксама Ілоны Манько (віяланчэль), Ірыны Шульжэнка-Суханавай (флейта), Наталлі Захаравай (фартэпіяна) даў канцэрт з вядомых твораў Баха, Моцарта, Шуберта і некаторых іншых кампазітараў. У канцэрце прыняла ўдзел Аляксандра Манько, вучаніца дзіцячай школы мастацтваў №1 г. Наваполацка. Дзяўчынка выканала на блокфлейце «Канцону» Дж.Б.Пергалезі.

szkola_spevu15 [4]

Падчас Школы адбылося знаёмства з Валянцінай Казакевіч, настаўніцай па класу скрыпкі з Друі, вядомым і цікавым чалавекам на Браслаўшчыне, якая ведае музычнае суправаджэнне каталіцкіх абрадаў. Яе прысутнасць на рэпетыцыях надавала аптымізму ўсяму працэсу падрыхтоўкі інструментальнай групы да ўрачыстай святой Імшы [5] 20 жніўня.

Па матэрыялах waladarka.by
Ірына Гайдамовіч, фота