- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Упершыню арцыбіскуп-эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч наведаў санктуарый у Шуміліне

[1]13 кастрычніка 2024 г. шумілінская святыня была напоўненая прысутнасцю вялікай колькасці пілігрымаў, якія прыбылі, каб ушанаваць Маці Божую Фацімскую з нагоды апошняга аб’яўлення ў Фаціме. У гэты дзень у Шуміліна прыбылі спісы найбольш шанаваных цудадзейных абразоў Маці Божай, якія пілігрымуюць па парафіях Беларусі.

Перад выстаўленым Найсвяцейшым Сакрамантам і перад разнастайнымі абліччамі Маці Божай вернікі маглі памаліцца і выказаць свае просьбы і падзякі.

13 кастрычніка гэта таксама дзень утварэння Віцебскай дыяцэзіі. 25 год таму Святы Айцец Ян Павел ІІ стварыў яшчэ адну іерархічную структуру ў нашай краіне.  Святкаванні срэбнага юбілею [2] Віцебскай дыяцэзіі праходзілі ў Віцебску 12 [3] і 13 кастрычніка, а нядзельным вечарам пастыр дыяцэзіі разам з арцыбіскупам на пенсіі Тадэвушам Кандрусевічам накіраваліся да Маці Божай у Шуміліна. Як пазней прызнаўся мітрапаліт Тадэвуш, ён ніколі тут не быў, хоць шмат праехаў па Беларусі і за яе межамі.

Вітаючы пілігрымаў адміністратар парафіі кс. Яўген Шымановіч сказаў: “Для нас вялікая радасць, што сёння мы збіраемся на святкаванне да Маці Божай. Яна асабліва прысутная і дзейнічае ў нашым санктуарыі”.

[4]

Святую Імшу, якая распачалася ўвечары а 18-й гадзіне, узначаліў арцыбіскуп-эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч. У гаміліі іерарх распавёў, як тры пакаленні чакалі, калі споўняцца словы Божай Маці, фацімскае прароцтва. “Яно споўнілася. Добра памятаем, канец 80-х – пачатак 90-х гадоў. Без крыві, без ніякіх патрасенняў, Савецкі Саюз распаўся на 15 незалежных краін. Мы атрымалі свабоду веравызнання”. Арцыбіскуп падзяліўся ўспамінамі, што калі служыў у Расіі, то арганізавалі першую пілігрымку ў Фаціму. Дванаццаць чалавек паляцелі туды, каб нейкім чынам адзначыць падзею – падзенне сістэмы ваяўнічага атэізму. Там таксама адбылася сустрэча і размова іерарха з сястрой Люцыяй. “Калі я ёй сказаў, што біскуп з Масквы, яна не магла паверыць і два разы спытала. Сапраўды? – Так, сапраўды!” — распавёў іерарх і сцвердзіў, што пасланне Божай Маці з Фацімы рэалізуецца.

Завяршылася ўрачыстая Літургія працэсіяй вакол касцёла, падчас якой біскупы разам з вернікамі, трымаючы ў руках запаленыя свечкі, маліліся на ружанцы і разважалі над хвалебнымі таямніцамі.

[5]

У гэты святочны дзень Пастыр дыяцэзіі не абмінуў і тых вернікаў, якія ўнеслі значны ўклад у развіццё дыяцэзіі і парафіі, і ўручыў ім Падзякі.

[6]

Пасля малітвы шумілінскія парафіяне запрасілі ўсіх на гарачы пачастунак.

Марына Сінкевіч, тэкст і фота
Леанід Юрык, фота