- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB асвяціў фігуру Маці Божай у Мёрах

[1]4 кастрычніка на Набярэжнай з дапамогай спецтэхнікі ўстаноўлена [2] фігура Маці Божай. Асвячэнне помніка на новым месцы адбылося ў нядзелю, 12 лістапада, паведамляе mijory.by [3]. Правёў абрад дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB. Мерапрыемства прыпала на дзень успамінаў святога Язафата Кунцэвіча.

Іерарх упершыню наведаў Мёры і ўразіўся яго прыгажосцю. У слове да вернікаў біскуп Аляксандр прыгадаў сюжэт з Бібліі пра Цуд у Кане Галілейскай, калі Езус упершыню аб’явіў сваю моц праз пераўтварэнне вады ў віно. Тады Яго Маці Марыя звярнулася да людзей: «Што Ён скажа вам, тое зрабіце». Тым самым яна выступала асноўным натхняльнікам і пасрэднікам паміж Богам і людзьмі. Яе вобраз ушаноўваецца вернікамі розных канфесій. Біскуп адзначыў, што ўстанаўленне помніка Маці Божай на беразе возера — сімвал для горада і нагадвае, да каго ў цяжкія хвіліны трэба звяртацца. Ксёндз-пробашч Крыштаф Мянкіна адзначыў, што даўнія планы ажыццявіліся дзякуючы дапамозе раённай улады. Віншаваў вернікаў са знакавай падзеяй старшыня райвыканкама Ігар Кузняцоў. Ён заўважыў, што помнік на Набярэжнай упрыгожыў увесь горад.

[4]

Біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB цэлебраваў святую Імшу ў касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. Мясцовыя і іншагароднія вернікі, святары з бліжэйшых парафій з’ехаліся, каб памаліцца ў мёрскай святыні, дзе захоўваюцца рэліквіі Язафата Кунцэвіча.

Постаць святога ўзнікла ў гісторыі якраз тады, калі хрысціянства перажывала крызіс. Служыў ён біскупам спачатку ў Полацку, пазней у Віцебску. Выступаў за адзінства царквы. Замах на яго жыццё зроблены менавіта 12 лістапада. Праз дванаццаць гадоў пасля трагічнай падзеі і перагляду справы 16 мая 1641 года быў абвешчаны дэкрэт аб беатыфікацыі Язафата. Аб заступніцтве да яго моляцца і зараз. Напрыканцы службы вернікі і святары прайшлі ў працэсіі з рэліквіямі вакол касцёла.

З гісторыі

Ранейшая скульптура Багародзіцы выраблялася з мармуру. На месцы яе непадалёк ад берага захаваўся невялікі каменны пастамент. Калі лета сухое, ён паказваецца з вады. Часам на ім адпачываюць качкі пасля купання. Па словах ксяндза Крыштафа, ранейшая фігура называлася Маці Божая Беззаганная. Сучасная бронзавая скульптура Марыі трымае Езуса, які бласлаўляе, яе называюць Маці Божая з Дзіцяткам Езусам. Былы ксёндз Пятрайціс планаваў размясціць яе на беразе возера. Пры перадачы парафіяльных спраў пробашчу Крыштафу, Уладас сказаў другую назву скульптуры — Ратавальніца тонучых. Аднак ратуе Маці Божая не толькі тых, хто рэальна можа тануць у вадзе, але і людзей, якія тонуць у грахах. Ад Маці Божай можна атрымаць духоўную дапамогу ў перамозе над злом.

Ідэя аднавіць гістарычную каштоўнасць на ранейшым месцы ўзнікла ў былога пробашча мёрскага касцёла ксяндза Уладаса Пятрайціса. Яшчэ ў 1997 годзе, дваццаць гадоў таму, ён звярнуўся за дапамогай да вернікаў. Яго падтрымалі, пачалі збіраць сродкі. Маленькія макеты Маці Божай ксёндз прывозіў са сталіцы. Людзі выбралі той, які зараз устаноўлены.

У 1999-ым годзе ў цэху Мінскага трактарнага завода скульптар Ігар Голубеў завяршыў работу над бронзавай скульптурай вышынёй у 4,3 метра. Восенню таго ж года яе часова ўстанавілі ля касцёла.

[5]