- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

25-гадовы юбілей часопіса “Дыялог” адзначылі ў Баранавічах

[1]Падзея адбылася ў суботу 23 лютага.

Урачыстасць распачалася са святой Імшы, якую цэлебраваў біскуп Пінскай дыяцэзіі Антоні Дзям’янка. На богаслужэнні прысутнічалі дапаможныя біскупы Мінскай архідыяцэзіі Юры Касабуцкі і Аляксандр Яшэўскі SDB, біскуп Элцкі Ежы Мазур SVD, які ў свой час стаяў у вытокаў часопіса, святары, вернікі.

Прысутнічалі і прадстаўнікі ўсіх каталіцкіх СМІ краіны: часопіса Ave Maria, выдавецтва Pro Christo з Мінска, газеты “Слова жыцця” з Гродзенскай дыяцэзіі,газеты Віцебскай дыяцэзіі “Каталіцкі веснік”, каталіцкага партала Catholic.by. Прамую трансляцыю са свята вяло “Радыё Марыя”. Таксама былі і журналісты з Польшчы, якія прадстаўлялі каталіцкі часопіс Martyria з Элку.

[2]

Гамілію [3] прамовіў біскуп Пінскі Антоній Дзям’янка. У ёй ён узгадаў словы папы Пія Х: “На адзін часопіс болей — на адзін касцёл менш”, а кардынал Мэрціер у свой час гаварыў, што спыніў бы будаўніцтва яшчэ аднаго касцёла, каб заснаваць яшчэ адзін каталіцкі часопіс.

[4]Пасля Імшы адбылася ўрачыстая юбілейная праграма. Першым свой даклад прачытаў прэс-сакратар Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі ксёндз канонік Юрый Санько. Ён меў назву “Евангелізацыя праз сродкі масавай камунікацыі”.

Дакладчык звярнуў увагу на тое, што не гледзячы на вялікі тэхнічны прагрэс, з’яўленне Інтэрнэту і мабільных тэлефонаў, мы вельмі часта не разумеем адзін аднаго. Людзі часта адыходзяць ад Бога. Таму, па словах Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча, нам неабходна новая евангелізацыя. І гэтай справай павінны займацца не толькі святары, але і ўсе вернікі. Таму новыя тэхнічныя сродкі павінны дапамагаць у гэтай справе.

Наступным выступоўцам быў біскуп Элкскі Ежы Мацур SVD. Ён падзяліўся сваімі ўспамінамі пра пачатак працы айцоў-вербістаў у Беларусі, пра тое, як узнікла ідэя выдаваць часопіс, як выбіралі для яго назву, з якімі цяжкасцямі даводзілася сутыкацца ў першыя гады працы.

Ад 1994 года пабачылі свет 274 нумары часопіса. Наклад першага нумара быў 200 экзэмпляраў, друкавалі яго на ксераксе. А наклад трэцяга нумара быў ужо 3,5 тысячы. Часопіс сталі друкаваць у Слонімскай друкарні, дзе ён друкуецца і зараз. Быў час, калі наклад выдання сягаў да 13,5 тысяч, зараз ён выходзіць накладам 4 тысячы.

Біскуп Антоні Дзям’янка распавёў пра гісторыю каталіцкага друку [5] ў Беларусі. Ён адзначыў, што нашы продкі здаўна карысталіся друкаваным словам, на тэрыторыі сучаснай Беларусі было 14 друкарняў, дзе друкаваліся розныя рэлігійныя кнігі.

[6]З віншаваннямі выступілі таксама прадстаўнікі каталіцкіх сродкаў масавай інфармацыі Беларусі, былі зачытаны віншаванні з нагоды юбілею часопіса ад біскупа Віцебскага Алега Буткевіча, біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча, Баранавіцкага гарвыканкама, Слонімскай друкарні, дзе на працягу 25 гадоў друкуецца “Дыялог”.

У перапынках паміж выступамі гучала музыка, якую выканаў квартэт Баранавіцкага музычнага каледжа.

Напрыканцы ўсе жадаючыя маглі наведаць выставу “Дарогаю Бібліі”.

Больш здымкаў можна пабачыць тут [42]
Відэарэпартаж чакайце на нашым сайце пазней

Зміцер Лупач