- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Зварот Біскупа Віцебскага Алега Буткевіча з нагоды масавых пратэстаў у краіне

[1]Зварот Біскупа Віцебскага Алега Буткевіча
з нагоды масавых пратэстаў у краіне

Дарагія браты і сёстры ў Хрысце, шаноўныя суайчыннікі!

«Шукайце найперш Валадарства Божага і справядлівасці ягонай,
а ўсё [астатняе] дадасца вам» (Мц 6,33)

Наша краіна перажывае не самы лёгкі час сваёй гісторыі. Чарговыя выбары выклікалі ў нашым грамадстве крызіс, у які выліліся напружанасць перадвыбарчай кампаніі і, усё ж такі, не цалкам карэктны падлік галасоў. Аднак кожны крызіс побач з балючасцю яго працэсу заўсёды хавае ў сабе пазітыўны патэнцыял зменаў на лепшае. Як яго раскрыць? Напэўна, гэта не адбудзецца на шляху гвалту і нянавісці. Пабудаваныя на крыві сістэмы ў гісторыі ніколі не былі трывалымі, а Справядлівасць заўсёды вяртала здзейсненае тым, хто пераступаў усялякія людскія (не кажучы ўжо пра Божыя!) нормы.

Таму выйсце толькі адно — трэба шукаць праўду! Гэта важна, каб быць пэўным, што абараняю менавіта праўду, а не падман. І трэба ведаць, што праўды напэўна не будзе там, дзе ёсць гвалт. Трэба размаўляць і мець добрую волю пачуць адно аднаго! Калі хочам будаваць  цывілізаваную краіну, то і сродкі вырашэння канфліктаў у нас няхай будуць цывілізаваныя. Няхай Бог будзе нам у гэтым дапамогай, бо Ён ведае, што дабро заўсёды мацнейшае за зло. Варта, каб кожны з нас сёння пра гэта памятаў.

Зразумела, што мы не жывем у ідэальным свеце. І ніхто не жыве ў ім, але заўсёды можна даць шанец разважлівасці і здароваму розуму. Заўсёды! Да гэтай разважлівасці заклікаю сёння кожнага, хто жыве ў Беларусі. Як вядома, эмоцыі нікому і ніколі не былі яшчэ добрым дарадчыкам, а вось ахвяры яны могуць сабраць шматлікія. Гэтага ні ў якім выпадку нельга дапусціць!

Таму скіроўваю гарачую просьбу да ўсіх веруючых людзей, перадусім да католікаў, аб малітве за нашу краіну. Мы маем вельмі дзейсную “зброю” на такія сітуацыі — Ружанец. Неаднойчы гэтая малітва ратавала людзей і цэлыя краіны ў цяжкія хвіліны, няхай і нам з’яднае сёння Божую дапамогу і падтрымку. Заахвочваю маліцца прынамсі адной таямніцай Ружанца ў дзень у інтэнцыі мірнага вырашэння складанай сітуацыі у нашай краіне, а таксама ахвяраваць у гэтай інтэнцыі пост! Даручым заступніцтву Багародзіцы, нашай Маці, а таксама Святому Арханёлу Міхалу наш сённяшні дзень і нашую будучыню!

Маці Міласэрнасці, Маці Надзеі, Прытулак грэшных, маліся за нас!

З малітвай і дарам Божага бласлаўлення

+Алег Буткевіч
Біскуп Віцебскі