- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Зварот арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча аб малітве ў інтэнцыі Беларусі

[1]У верасні пройдзе перэгрынацыя фігуры святога Міхала Арханёла па чатырох катэдральных касцёлах усіх дыяцэзій на Беларусі ў інтэнцыі хутчэйшага вырашэння грамадска-палітычнага крызісу, а таксама будуць адбывацца адмысловыя малітвы ва ўсіх беларускіх касцёлах.

Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, дарагія вернікі, людзі добрай волі!

Наша Бацькаўшчына перажывае нябачаны да гэтага часу грамадска-палітычны крызіс, які з дня на дзень паглябляецца. У міралюбнай і памяркоўнай Беларусі — а менавіта такой нашу краіну ведаюць у свеце — брат падняў руку на брата, у выніку чаго пралілася кроў і шмат людзей пацярпела. Вялікую трывогу выклікае сёння і складаная эканамічная сітуацыя. Нам пагражае міжнародная ізаляцыя. Раскол грамадства павялічваецца, што не абяцае яму добрай будучыні, бо, як кажа Хрыстус: «Кожнае валадарства, падзеленае само ў сабе, спусташаецца; і кожны горад ці дом, падзелены сам у сабе, не выстаіць» (Мц 12, 25). Усё часцей можна пачуць думку, што рэальнай становіцца пагроза грамадзянскай вайны, аб чым ніхто з нас не мог нават і падумаць яшчэ некалькі месяцаў таму.

Вядома, што для эфектыўнага лячэння хваробы найперш неабходна паставіць дыягназ, каб потым прызначыць адпаведнае лячэнне. Падобна павінна быць і пры вырашэнні цяперашняга крызісу, які дасягнуў свайго апагею пасля нядаўніх прэзідэнцкіх выбараў.

Разам з пошукам знешніх прычын такога стану рэчаў неабходна звярнуць увагу на духоўныя.

Трэба прызнаць, што наша грамадства духоўна хворае. На пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя мы атрымалі свабоду. Гэта вялікі, выпакутаваны нашым народам дар, але адначасова і вялікае заданне. Наш народ прайшоў праз цяжкія выпрабаванні атэістычна-таталітарнага рэжыму і выстаяў ва ўмовах несвабоды. Але ці ведаем, як выстаяць у свабодзе? Найноўшая гісторыя паказала, што не. Прывабнае слова «свабода» мы прынялі як магчымасць жыць без абмежаванняў і адказнасці, без захавання Божага закона.

Прымаюцца супярэчныя ўстаноўленаму Богам парадку законы, якія вядуць да маральнай разбэшчанасці, разбураюць сям’ю як падмурак грамадства, не шануюць Божы дар жыцця і ім маніпулююць, прапагандуецца антыдухоўная культура, рэлігія не дапускаецца ў навучальныя ўстановы, у сілавыя структуры і пенітэнцыярныя ўстановы, не ўрэгуляваны адносіны паміж рэлігійнымі арганізацыямі і дзяржавай, а існуючае заканадаўства аб рэлігійных арганізацыях і свабодзе веравызнання ўжо даўно не адпавядае рэчаіснасці і прынятым у свеце стандартам.

У выніку рэлігійныя арганізацыі не могуць у поўнай меры рэалізаваць свае магчымасці найперш у справе выхавання на вечных і нязменных духоўных каштоўнасцях новага чалавека, які будзе адказна і сумленна выконваць свае абавязкі і паступаць так, каб у будучыні не ўзнікалі складанасці, з якімі мы цяпер сутыкнуліся і не ведаем, як іх вырашыць. Добры вернік — гэта добры грамадзянін сваёй краіны, які клапоціцца пра яе духоўнае дабро і матэрыяльны дабрабыт.

Узніклы крызіс — гэта непазбежнае наступства граху беззаконня.

Таму неабходна прызнаць грэх — асабісты і калектыўны — і пакаяцца з мэтай перамены нашага жыцця. Замест хлусні павінна запанаваць праўда, замест зла — дабро, замест нянавісці — любоў, замест асуджэння — прабачэнне, замест згубных падзелаў — еднасць.

Прызнаючы прынцып справядлівасці, нельга забывацца пра верхавенства любові. Без гэтага немагчыма вяртанне да нармальнага жыцця. Зыходзячы з праўды пра бязмежную міласэрнасць Бога, трэба памятаць, што кожны чалавек пакліканы да таго, каб быць міласэрным і прабачаць бліжнім. Святы Ян Павел ІІ казаў, што любоў і згода будуюць мір, а нянавісць і гвалт яго руйнуюць.

Хрысціянства вучыць перамагаць зло дабром. Таму асабліва актуальнымі з’яўляюцца сёння словы францішканскай малітвы аб міры: «Пане Божа, зрабі нас прыладамі Твайго міру, каб мы сеялі любоў там, дзе пануе нянавісць; прабачэнне там, дзе пануе крыўда; адзінства там, дзе пануе падзел; праўду там, дзе пануе аблуда; веру там, дзе пануе сумнеў; надзею там, дзе пануе роспач; святло там, дзе пануе змрок; радасць там, дзе пануе смутак».

Ад самага пачатку грамадска-палітычнага крызісу ў Беларусі Каталіцкі Касцёл заклікаў вырашаць узніклыя праблемы шляхам дыялогу і заклікаў да малітвы, памятаючы пры гэтым пра словы Хрыста, што без Яго нічога не зможам зрабіць (пар. Ян 15, 5). 18 жніўня ў мінскім касцёле святога Сымона і святой Алены, вядомым як Чырвоны касцёл, адбылася беспрэцэдэнтная міжрэлігійная малітва ў інтэнцыі мірнага вырашэння канфлікту ў грамадстве.

Занепакоены складанай сітуацыяй у нашай краіне, Папа Францішак заклікаў да дыялогу, спынення гвалту, павагі да справядлівасці і права з мэтай мірнага вырашэння крызісу.

Галоўным нябесным апекуном Каталіцкага Касцёла ў Беларусі з’яўляецца святы Міхал Арханёл — пераможца злога духа. У нашых касцёлах штодзённа чытаецца адмысловая малітва праз яго заступніцтва.

У складанай сітуацыі ўсведамляючы адказнасць за нашу будучыню, якая ляжыць на кожным з нас, звяртаюся да вернікаў і да ўсіх людзей добрай волі з просьбай у верасні аб асаблівай малітве праз заступніцтва святога Арханёла Міхала ў інтэнцыі Беларусі, спынення эскалацыі канфлікту і хутчэйшага вырашэння крызісу.

Удзельнікаў малітвы ад усяго сэрца благаслаўляю

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч

Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі

Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі

Мінск, 30 жніўня 2020 г.

P.S. Святарам належыць прачытаць вернікам гэты Зварот і прапанову праграмы 30 жніўня і 6 верасня.

Catholic.by [2]