- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Знакаміты футбаліст атрымаў футболку Ватыканскага спартыўнага клуба з папскім аўтографам

[1]Футбаліст Ліянэль Месі атрымаў у падарунак футболку Ватыканскага спартыўнага клуба, якую для яго падпісаў Папа. Так Святы Айцец падзякаваў свайму суайчынніку, які ў кастрычніку мінулага года даслаў яму футболку з аўтографам (перадаўшы яе праз прэм’ер-міністра Францыі, паколькі цяпер ён гуляе за Пары Сен-Жэрмен).

Папскі падарунак футбалісту ўручыў біскуп Эмануэль Гобіяр, які займаецца душпастырствам спартсменаў, а ў французскім епіскапаце адказвае за падрыхтоўку да Алімпіяды 2024 года ў Парыжы. Ён сустрэўся з Ліянэлем Месі 23 студзеня пасля матчу «Пары Сен-Жэрмен» — «Рэймс».

На сустрэчы таксама прысутнічаў Неймар да Сілва Сантас, бразільскі футбаліст і калега Месі па клубе, вядомы тым, што адкрыта сведчыць пра сваю веру ў Хрыста.

[2]

Аргентынскі нападаючы быў вельмі задаволены папскім падарункам. Разам з ім біскуп Гобіяр памаліўся за яго сям’ю і сяброў. «Я вельмі добра ведаю, хто такі Ліянэль Месі для тысяч яго прыхільнікаў па ўсім свеце. Ён чалавек веры, чалавек, які моліцца», — сказаў французскі біскуп пасля сустрэчы.

Ён перакананы, што гэтая падзея будзе мець шырокі ўплыў і будзе мець сваё значэнне для евангелізацыі. «Важна, каб Касцёл быў побач са спартсменамі», — дадаў біскуп Гобіяр.

Паводле credo [3]
пераклад Марыны Ткач