- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Знак крыжа: самая кароткая малітва да Святой Тройцы

[1]Кожны з нас робіць знак крыжа мноства разоў на дзень, але ці задумваемся мы пра глыбокі сэнс гэтага жэсту? Чаму мы дакранаемся да галавы, сэрца і плячэй? Чаму перад уваходам у святыню трэба перахрысціцца святой вадой? Давайце разбярэмся.

Ключ, які адчыняе дзверы Касцёла

Жэст пачынаецца з апускання рукі ў святую ваду. Робячы знак крыжа, мы вымаўляем словы: «У імя Айца, і Сына, і Святога Духа». Гэта не выпадковая традыцыя: жэст нагадвае сакрамант хросту, які здзяйсняецца праз паліванне вадой і прамаўленне тых самых слоў. Як хрост уводзіць чалавека ў таямніцу Касцёла, робячы нас членамі Містычнага Цела Хрыстова, так і знак крыжа са святой вадой уводзіць нас у святыню, дзе жыве Бог у Тройцы Адзіны.

Гэты жэст становіцца ключом, які адкрывае нам доступ да Бога. Касцёл, як вучыць Другі Ватыканскі Сабор, ёсць «сакрамантам, г.зн. знакам і прыладай цеснага злучэння з Богам і еднасці ўсяго чалавечага роду». Калі нам не хапае поўнай адданасці Богу, то нават знаходзячыся ўнутры касцёла, мы не належым да яго духоўнай сутнасці.

Чаму галава, сэрца і плечы?

Дынаміка самога знака крыжа глыбока сімвалічная:

Затым мы складаем рукі. У Сярэднявеччы васал складаў рукі і ўкладваў іх у рукі свайго гаспадара, тым самым прысвячаючы сябе яму на служэнне. Гэтак жа і мы, склаўшы рукі падчас малітвы, цалкам аддаём сябе Богу — усім, што маем: сваім розумам, сэрцам і творчымі здольнасцямі.

Што азначаюць словы малітвы?

Пакуль нашы рукі робяць знак крыжа, вусны прамаўляюць імёны Асобаў Святой Тройцы. Кожнае слова — гэта цэлая таямніца веры.

«У імя Айца» (дакранаемся да галавы). Бог — гэта не абыякавы кіраўнік, а любячы Айцец. Толькі праз любоў мы можам наблізіцца да Яго і пазнаць Яго. Для няверуючых Бог застаецца незнаёмым і далёкім.

«і Сына» (дакранаемся да грудзей). Менавіта Езус Хрыстус адкрыў нам Айца і паказаў, што Бог — міласэрны Айцец. «Бог так палюбіў свет, што аддаў Сына Свайго Адзінароднага, каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, а меў жыццё вечнае» (Ян 3, 16). Праз Уцелаўленне Ён стаў нашым Братам, зрабіўшы нас Божай сям’ёй. Мы — сыны Божыя, а значыць, браты і сёстры адзін аднаму.

«і Святога Духа» (дакранаемся да плячэй, сімвала нашай дзейнасці). Дух — гэта ўзаемная любоў Айца і Сына. Гэтая любоў павінна стаць унутранай дынамікай нашых учынкаў. Узорам для нашых дзеянняў з’яўляюцца не нейкія адцягненыя нормы, а Сам Бог. Езус заклікае нас: «Дык будзьце дасканалымі, як дасканалы Айцец ваш Нябесны» (Мц 5, 48). І дае запаведзь: «Каб вы любілі адзін аднаго, як Я палюбіў вас» (Ян 15, 12).

Жывая любоў як плён малітвы

Святая Тройца — гэта не тэорыя. Любоў не заключаецца ў прыгожых словах, яна заўсёды выяўляецца праз канкрэтныя жэсты і справы. У Евангеллі Езус абяцае: «Калі ж прыйдзе Ён, Дух праўды, то накіруе вас на ўсякую праўду» (Ян 16, 13). Гэта выконваецца ў нашым жыцці, калі мы выконваем запаведзь любові, становячыся ўдзельнікамі таго ж Духа любові, які злучае Айца і Сына.

Касцёл — гэта асаблівая школа Божай любові. А кульмінацыяй навучання ў ёй з’яўляецца Эўхарыстыя, якая дае нам удзел у Божай еднасці. Няхай жа наша «Амэн» падчас Камуніі будзе сапраўдным выразам поўнага прыняцця Бога і таго дынамічнага жыцця, якое Ён жадае нам даць.

Паводле stacja7.pl [2]
Пераклад Марыны Сінкевіч