[1]Чыкагскі прыгарад Долтан хоча перакупіць правы на дом, дзе правёў сваё дзяцінства Папа Леў XIV. Мясцовыя ўлады маюць намер «набыць гэты будынак альбо за наяўныя грошы, альбо рэалізуючы свае правы ўласнасці», цытуе New York Times фрагмент ліста адваката камуны Бертана Одэльсана. Ён ужо звязаўся з аўкцыённым домам Paramount Reality USA, які выставіў нерухомасць на продаж.
У лісце гаворыцца, што раён Долтан мае намер супрацоўнічаць з архідыяцэзіяй Чыкага, каб гарантаваць, што тыя, хто жадае, змогуць наведаць дом як гістарычную славутасць. Па сутнасці, муніцыпалітэт хоча пазбегнуць адчужэння нерухомасці, якая можа прывесці да дарагіх і працяглых судовых разглядаў. Аднак у выпадку адчужэння ўладальнік атрымае «адпаведную кампенсацыю».
Непрыкметны дом у прыгарадзе Чыкага раптам стаў жаданай нерухомасцю пасля таго, як Роберт Фрэнсіс Прэвост быў абраны Папам Рымскім.
Тут ён правёў сваё дзяцінства з сям’ёй: маці Мілдрэд Агнес, бацькам Луі Марыўсам і двума старэйшымі братамі, Луі Марцінам і Джонам Джозэфам. Па паведамленнях прэсы, Папа Леў XIV усё яшчэ валодае кватэрай у гэтым раёне. Незадоўга да абрання новага Папы дом быў выстаўлены на продаж прыкладна за 250 тысяч даляраў. Аднак пасля абрання Папы Льва XIV цікавасць да гэтай маёмасці хутка ўзрасла.
Цяперашні ўладальнік, Павел Радзік, зняў дом з продажу і звярнуўся ў Paramount, якая пачала аўкцыён, які працягнецца да 18 чэрвеня. У 2024 годзе Радзік набыў гэты дом за 66 тысяч даляраў.
Як паведамляе New York Times са спасылкай на агента па нерухомасці, ён цяпер з нецярпеннем чакае магчымасці папрацаваць з Чыкагскай архідыяцэзіяй і супольнасцю Долтана.
credo.pro [2]
пераклад Марыны Ткач