- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Заступнік смарагдавай выспы

[1]17 сакавіка Каталіцкі Касцёл успамінае святога Патрыка – заступніка Ірландыі і Нігерыі

Будучы святы, апостал Ірландыі, нарадзіўся каля 385 – 390 гг. у рымскай Брытаніі. Шлях св. Патрыка да святасці і да Ірландыі быў нялёгкі. Сын рымскіх чыноўнікаў, якія служылі ў Шатландыі, ён у дзяцінстве быў выкрадзены ірландскімі піратамі і прададзены ў рабства. Працуючы пастухом у Ірландыі, шмат перадумаў і звярнуўся да рэлігіі. Нягледзячы на гады ў няволі, вельмі палюбіў Зялёны Востраў, яго жыхароў, вывучыў мясцовую мову. Ужо як свабодны чалавек, манах і святар Патрык марыў вярнуцца ў Ірландыю ў якасці місіянера.

Касцельныя ўлады бачылі праўдзівую любоў Патрыка да ірландцаў і таму выслалі яго як місійнага біскупа на гэтыя тэрыторыі. Хронікі сведчаць, што Патрык ішоў заўсёды туды, дзе Евангелле яшчэ не абвяшчалася. Быў чалавекам надзвычайнай духоўнай упэўненасці і сілы. Ён засноўваў кляштары, касцёлы і школы, а каля 440 г. сярод аднаго з язычніцкіх плямёнаў арганізаваў першае біскупства.

Дзейнасць святога выклікала моцнае супраціўленне з боку язычнікаў-друідаў, а таксама з боку некаторых рыцараў, якія займаліся разбоем на Зялёным Востраве. У іканаграфіі св. Патрык часта намаляваны ў адзенні біскупа са змеямі пад нагамі або з канюшынай. Гэта звязана з легендамі, якія распавядаюць пра цуд выгнання змеяў з Зялёнага Вострава, і перакананнем, што св. Патрык ужываў лісточкі канюшыны, каб растлумачыць таямніцу Святой Тройцы.
Дата смерці святога дакладна невядомая, як невядома і месца яго пахавання, але лічыцца, што ён пахаваны ў Даўнпатрыку (па іншых крыніцах – у Соўле). У некаторых старажытных жыццяпісах гаворыцца, што на працягу некалькіх дзён на цела памерлага з неба свяціла яркае святло. На месцы пахавання святога пабудавалі катэдру ў яго гонар. Шмат святыняў па ўсім свеце ўзведзена ў яго гонар, але найбольш вядомая – катэдра святога Патрыка ў Дубліне.

Тры выдумкі пра святога Патрыка, якія не з’яўляюцца праўдай…

1. Патрык не быў піваварам

Многія з тых, хто штосьці чуў пра свята святога Патрыка, ведаюць толькі тое, што ён неяк звязаны з хмельнай весялосцю, і святкаванне зводзіцца да ўжывання піва ў гэты дзень. Святы Патрык ніколі не быў піваварам. Больш за тое, у старыя часы падчас свята святога Патрыка ў Дубліне і па ўсёй Ірландыі зачыняліся ўсе пабы і адкрываліся ўсе касцёлы. Кім жа быў святы Патрык насамрэч? Асноўным творам, які расказвае нам пра дзеянні святога Патрыка, з’яўляецца яго ж уласная «Споведзь» (Confessio — лац.), напісаная ім каля 460 года. Трэба сказаць, нямногія аўтары паўтаратысячагадовай даўніны пакінулі нам такое сведчанне сваіх унутраных перажыванняў. А вось пра піва там няма ні слова, бо насамрэч Патрык быў… хрысціянскім місіянерам, і мэтай яго жыцця была пропаведзь Уваскрэсення Хрыстова. [2]У «Споведзі» Патрык агаляе патаемныя куткі сваёй душы, расказвае пра пакаянне і малітву, апавядае пра тое, як ён шукаў Бога і як Бог у выніку знайшоў яго. Гэты дакумент адлюстроўвае шчырасць і рэдкую прастату святога Патрыка. Многія вучоныя працавалі над «Споведдзю», і на сённяшні дзень сапраўднасць аўтарства практычна не выклікае сумненняў. Але і гэта не ўсё. Да нас дайшоў яшчэ адзін твор Патрыка – яго гнеўны «Ліст да Каротыка», брыцкаму правадыра, які сабраў атрад скотаў і паўднёвых піктаў і здзейсніў набег на паўднёвае ўзбярэжжа Ірландыі, дзе забіў шматлікіх нованавернутых хрысціян, а многіх захапіў у палон для продажу. Каротык называў сябе хрысціянінам, таму Патрык піша яму пастарскае пасланне, молячы абразуміцца і пакаяцца, пакуль у таго яшчэ ёсць час. Такім чынам, з выявай вясёлага півавара Патрыка звязвае хіба што хмельная фантазія аўтараў рэкламы. Сапраўдная гісторыя і сама «Споведзь» паказваюць нам чалавека неверагоднай шчырасці і духоўнай глыбіні, які да апошняга дня свайго жыцця нёс жывое слова пра Уваскрослага Госпада старажытным ірландцам. А яшчэ…

2. Патрык не быў… Патрыкам

Не, ён, вядома, ім быў, але вось самае гэтае імя з’явілася не адразу і пры вельмі трагічных абставінах. Першапачаткова будучага святога звалі Магон. Яго сям’я была хрысціянская і належала да раманізаванай кельцкай шляхты. Ужо дзед Патрыка быў святаром, а бацька Патрыка – Кальпурній – насіў сан дыякана. Першыя шаснаццаць гадоў жыцця Магона праходзілі па-дзіцячы ціхамірна. Але вось у 405 годзе на вілу Кальпурнія напалі піраты, якія прыплылі з суседняй Ірландыі. Яны разграмілі дом, спустошылі землі і захапілі юнака ў палон.

Шаснаццацігадовы хлопчык сутыкаецца з жахам палону. Неўзабаве яго прадаюць у рабства, і ў знак знявагі даюць яму мянушку. Можна не сумнявацца, што тыя, хто прадаваў Магона, красамоўна жывапісалі багацце разрабаванай вілы яго бацькі і паведамілі пра шляхетнае паходжанне юнака. Новы гаспадар вырашыў даць палоннаму новае імя і пагардліва назваў свайго маладога раба Patricius – «знатны чалавек, патрыцый».

У ірландскім палоне змяняецца не толькі імя Магона – з ім адбываецца і змена ўнутраная. Ён знаходзіць веру, адкрывае для сябе Бога, і Бог адкрываецца яму. Дзіўна, але пазней, будучы ўжо па-за кайданамі рабства і нават сустрэўшыся з бацькамі, Патрык не мяняе сваю рабскую мянушку. Ён ніколі больш не будзе насіць імя, атрыманае ім на волі. Да канца дзён сваіх Патрык будзе несці імя раба, звязанае з гадамі яго знявагі, але з якога, у той жа самы час, пачаўся яго зварот да Хрыста. Так патрыцый па нараджэнні стаў Патрыкам у Хрысце.

Шэсць гадоў Патрык знаходзіцца ў Ірландыі рабом, але гэта – шэсць гадоў духоўнага росту і малітоўнай творчасці. Нарэшце, аднойчы ўначы Патрык вырашаецца на ўцёкі. Ён трапляе на карабель, які экспартаваў знакамітых ірландскіх ваўкадаваў. Патрык прыбывае ў Галію, дзе і жыве нейкі час, пакуль у 432 годзе не атрымлівае слова ад Бога – вярнуцца туды, адкуль цудоўна быў выратаваны.

Гэта быў цяжкі крок, але Патрык падпарадкоўвае сваю волю волі Бога, таму што, паводле яго ўласнага слова, «Бог даўно ўжо перамог ува мне». Святы нясе евангельскую радасць той зямлі, якая прынесла яму шмат гора.

3. Патрык не быў ірландцам

Справа ў тым, што ў свядомасці ўсякага жыхара смарагдавай краіны Патрык і Ірландыя неразлучныя, як авечкі і пастух. Само другое імя ірландца – «пады» – кажа пра тое, што для яго Патрык – гэта першы ірландзец на зямлі, самы галоўны і стоадсоткавы. Але факты ёсць факты. Самы ірландскі ірландзец быў не ірландцам, а брытанцам. Калі ў 432 годзе Патрык пачынаў сваё нялёгкае служэнне ў Ірландыі, яму дапамагала адно толькі спадзяванне на Бога. Патрыку было тады каля сарака гадоў, і на працягу наступных шасцідзесяці гадоў ён прапаведуе Евангелле і навяртае жыхароў Ірландыі ў хрысціянства.

Яму давялося сутыкнуцца з рэакцыяй мясцовых правадыроў, злосцю друідаў, проста чалавечымі забабонамі. Дастаткова ўспомніць адзін выпадак з жыцця святога Патрыка, калі нехта Дзіху, убачыўшы чужаземца, выхапіў свой меч і хацеў забіць святога, але яго рука застыла на паўдарозе, страціўшы здольнасць рухацца. Пасля гэтага Дзіху стаў больш прыязным і нават падарыў Патрыку вялікі будынак, дзе сталі праходзіць першыя службы.

Усяго праз пяцьдзясят гадоў пасля пачатку місіі хрысціянства канчаткова ўмацоўваецца на землях Ірландыі, і разбойніцкі востраў, які наводзіў жах на ўсе суседнія краіны, змяняецца. У раннім Сярэднявеччы Ірландыю будуць называць няйначай як «выспай святых». А складзены ў VIII стагоддзі спіс ірландскіх святых часоў святога Патрыка змяшчае ўжо трыста пяцьдзясят імёнаў – галоўным чынам заснавальнікаў касцёлаў, біскупаў, людзей, якія праславіліся хрысціянскімі подзвігамі.

Малітвы святога Патрыка

[3]Божа, будзь з намі: у нас, каб ачысціць нас; над намі, каб узвысіць нас; пад намі, каб падтрымаць нас; перад намі, каб весці нас; за намі, каб стрымліваць нас; вакол нас, каб ахоўваць нас.

* * *

Няхай сіла Божая вядзе нас, няхай сіла Божая ахоўвае нас, няхай мудрасць Божая вучыць нас, няхай рука Божая бароніць нас, няхай шлях Божы накіроўвае нас, няхай шчыт Божы засцерагае нас, няхай анёлы Божыя аберагаюць нас ад усялякага зла, ад пастак гэтага свету. Няхай Хрыстус будзе з намі! Няхай Хрыстус будзе перад намі! Няхай Хрыстус будзе ў нас! Няхай Хрыстус будзе над усім! Мой Збаўца, Пан Бог, заўсёды будзе з намі ў гэты дзень і навекі. Амэн.

* * *

Езу, будзь са мною! Атулі мяне сваёю апекаю. Будзь у сэрцах усіх, хто пра мяне думае. Будзь у вуснах усіх, хто пра мяне гаворыць. Будзь у вачах усіх, хто мяне бачыць. Будзь у вушах усіх, хто мяне слухае. Езу, будзь са мною і зберагай мяне. Амэн.

Прапануем адзначаць дзень святога Патрыка не хмельнай весялосцю, а смачнымі ірландскімі кексамі. Дадаём рэцэпт.

[4]Рэцэпт ірландскіх сметанковых кексаў на дзень святога Патрыка. Інгрэдыенты.
Для ірландскіх кексаў нам спатрэбіцца:
70 грам какава-парашку;
3 чвэрці шклянкі гарачай вады;
6 сталовых лыжак алею для цеста і 150 грам масла пакаёвай тэмпературы для крэму;
200 грам мукі;
па тры чвэрці шклянкі белага і карычневага цукру;
паўтары чайныя лыжачкі парашку-разрыхляльніка;
крыху харчовай соды;
чвэрць чайнай лыжкі солі;
два яйкі;
тры чвэрці шклянкі пахты (можна замяніць кефірам);
чвэрць шклянкі цёртага шакаладу;
200 грам кандытарскага цукру;
паўшклянкі лікёру тыпу «Бейліс»;
харчовы фарбавальнік, пажадана зялёнага колеру.

Пакрокавая інструкцыя:
1. Разагрэйце духоўку да 180 градусаў. Растварыце какаву ў гарачай вадзе ў асобнай місцы. Растапіце масла, адстаўце.
2. Узбіце пахту, соль, кандытарскі цукар, яйкі, частку растопленага масла і вадкую какаву. Дадайце муку з разрыхляльнікам і харчовай содай.
3. Вазьміце 18 формаў для кексаў ці капкейкаў (лепш за ўсё падыдуць сіліконавыя). Атрыманае цеста раскладзіце па формачках. Выпякайце 15-20 хвілін. Дайце кексам астыць.
4. Цяпер прыступім да крэму. Узбіце міксерам на сярэдняй хуткасці пакінуты алей. Паступова дадавайце белы і цёмны цукар, пакуль не атрымаецца салодкі крэм.
5. Дадайце лікёр і яшчэ раз узбіце. Цяпер дадайце зялёны харчовы фарбавальнік. Крэм павінен атрымацца гладкім і аднастайным.
6. Змясціце крэм у кандытарскі пакет і ўпрыгожце кексы крэмам.
Пасыпце зверху крэм цёртым шакаладам. Ірландцы звычайна ўпрыгожваюць такія кексы канюшынамі, але вы можаце зрабіць гэта на свой густ.

Падрыхтавала Вікторыя Арфеева