[1]Сястра Сабіна з Кералы (Індыя), якая калісьці была спартсменкай нацыянальнага ўзроўню, заняла першае месца ў катэгорыі 55+ на чэмпіянаце штата па лёгкай атлетыцы сярод ветэранаў, вярнуўшыся да спаборніцтваў пасля многіх гадоў.
Апранутая ў традыцыйны габіт і бегаючы басанож, сястра Сабіна ўразіла гледачоў, апярэдзіўшы іншых спартсменак і лёгка пераадолеўшы кожную перашкоду. Яе выступленне было сустрэта апладысментамі фанатаў, калі яна перасекла фінішную рысу.
Кар’ера і дасягненні ў лёгкай атлетыцы.
Сястра Сабіна родам з Еннаппары ў Касарагодзе. Яна пераехала ў Ваянад у 1993 годзе. Яе спартыўны шлях пачаўся ў дзявятым класе, калі Сабіна ўдзельнічала ў бегу з бар’ерамі на нацыянальным узроўні. Яна працягвала дасягаць поспехаў на працягу ўсіх школьных гадоў, прадстаўляючы сваю школу на розных спаборніцтвах. Затым яна вырашыла засяродзіцца на выкладанні і радзей удзельнічала ў спартыўных спаборніцтвах. Сёння сястра Сабіна працуе настаўніцай фізкультуры ў школе.
Сапраўдны выхад на пенсію.
Апошні забег стаў яе развітальным выступам. «Я сыходжу на пенсію з пасады настаўніцы фізічнага выхавання ў сакавіку наступнага года. Я хацела прабегчы яшчэ адзін забег перад выхадам на пенсію, таму прыняла ўдзел у чэмпіянаце штата сярод майстроў», — сказала сястра.
Паводле deon.pl [3]
Пераклад Марыны Ткач
