- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Заканчэнне Юбілею: у рымскіх базіліках муруюць Святыя Брамы

[1]

Падчас абраду муравання Святой Брамы ў Базіліцы Святога Яна на Латэране (@Vatican Media)

У рымскіх папскіх базіліках пачаліся абрады муравання Святых Брам, што азначае сімвалічнае заканчэнне часу асаблівых ласкаў і падвядзенне вынікаў Юбілейнага года.

Увечары 14 студзеня 2026 года ў Базіліцы Святога Яна на Латэране прайшоў урачысты, але закрыты для шырокай публікі абрад муравання Святой Брамы.

Набажэнства ўзначаліў кардынал Бальдасэрэ Рэйна, генеральны вікарый Рымскай дыяцэзіі і архіпрэсбітэр гэтай святыні. Цырымоніяй кіраваў папскі цырымоніймайстар мансеньёр Кшыштаф Мар’яновіч у прысутнасці майстра папскіх літургічных цэлебрацый мансеньёра Дыега Джавані Равэлі.

[2]

Падчас абраду муравання Святой Брамы ў латэранскай базіліцы (@Vatican Media)

Рабочыя Губернатарата Дзяржавы Ватыкан пабудавалі цагляную сцяну ўнутры базілікі, каб надзейна зачыніць Святую Браму. Паводле старажытнай традыцыі, унутры сцяны была змешчана бронзавая капсула – невялікая скрынка, у якой захоўваюцца важныя артэфакты: пратакол закрыцця, ключ ад дзвярэй, а таксама папскія медалі, адчаканеныя ў перыяд з моманту апошняга закрыцця ў 2016 годзе да сённяшняга дня.

Такі ж абрад у той жа вечар адбыўся і ў Базіліцы Санта-Марыя-Маджорэ. Тут літургію ўзначаліў архіпрэсбітэр святыні кардынал Раландас Макрыцкас. Працэс праходзіў пры ўдзеле папскага цырымоніймайстра Любаміра Вельніца. У металічную капсулу, акрамя традыцыйных ключоў і медалёў апошніх пантыфікатаў, быў пакладзены таксама спецыяльны памятны медаль самой базілікі.

[3]

Падчас абраду муравання Святой Брамы ў Базіліцы Санта-Марыя-Маджорэ (@Vatican Media)

Увечары 15 студзеня адбудзецца мураванне Святой Брамы ў Базіліцы Святога Паўла па-за Мурамі. Канчатковую кропку ў гэтай гістарычнай паслядоўнасці паставяць 16 студзеня, калі будзе замуравана Святая Брама ў Базіліцы Святога Пятра.

За лаканічным цагляным мурам захоўваецца глыбокая памяць пра духоўныя шляхі незлічоных пілігрымаў, якія пераступілі гэты парог у пошуках ласкі.

Кс. Аляксандр Амяльчэня, беларуская рэдакцыя Vatican News [4]