- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Задзеўе: неразбураны падмурак веры

[1]6 жніўня 1901 года. Шматлікія вернікі задзеўскай парафіі збіраюцца ля сціплага драўлянага касцёла, каб стаць сведкамі знакавай падзеі. Менавіта ў гэты дзень мясцовы ксёндз Мацей Бугяніс асвячае асноўны камень у падмурку новага цаглянага касцёла Перамянення Пана. Яго пабудуюць за 10 гадоў, ён будзе прыгожы і велічны, але ўзвысіцца над гэтай маляўнічай мясцовасцю толькі на некалькі гадоў.

125 гадоў раздзяляюць нас і тую падзею 1901-га года. Задзеўская парафія ўжо не існуе, але пра яе існаванне памятаюць. Кожны год 6 жніўня, у свята Перамянення Пана, у Задзеўі праводзіцца адпустовая Імша. Сёлета яна таксама аб’яднала вернікаў і ў чарговы раз стала сімвалам трывалай веры, якую многія з нас атрымалі ў спадчыну ад продкаў. Урачыстасць была і нагодай успомніць пра тыя часы, калі ў вёсцы адзін за адным дзейнічалі як мінімум чатыры розныя касцёлы…

[2]

Вёска Задзеўе знаходзіцца за некалькі кіламетраў ад Пастаў. Месціцца яна на беразе вялікага маляўнічага возера, якое з’яўляецца своеасаблівай воднай мяжой з горадам. За мяжой гэтай лёгка праглядаецца пастаўскі касцёл св. Антонія Падуанскага. І, гледзячы на яго, цяжка ўявіць, што некалі і тут, у вёсцы, віравала каталіцкае жыццё.

Калі ў Задзеўі быў пабудаваны першы касцёл, дакладна невядома. Згодна з інвентарамі, у пачатку XVIІ стагоддзя ён ужо існаваў. Ёсць звесткі і пра другі храм. У гістарычных крыніцах паведамляецца, што ў 1765 годзе віленскі біскуп Тамаш Зянковіч на месцы разбуранага па невядомых прычынах першага задзеўскага касцёла пабудаваў новы, драўляны, і ў тым жа годзе яго асвяціў. Гэты касцёл шмат разоў падвяргаўся рэстаўрацыі і захаваўся да пачатку ХХ стагоддзя. Менавіта ля яго ў 1901 годзе адбылося асвячэнне камня.

[3]

Пачатак будаўніцтва задзеўскага касцёла

Ці не самая вялікая ўрачыстасць ў гісторыі задзеўскай парафіі адбылася ў нядзелю 18 верасня 1911 года. У гэты дзень сюды прыехалі ксяндзы і вернікі з блізкіх і далёкіх касцёлаў, каб разам з мясцовымі прысутнічаць на першай cвятой Імшы ў новым вялікім касцёле. Ён быў з чырвонай цэглы, пакрыты ацынкаванай бляхай і здалёк уражваў сваёй веліччу.

У тагачаснай польскай дыяцэзіяльнай газеце захаваўся артыкул, дзякуючы якому мы можам уявіць, што адбывалася ў той дзень. Паведамлялася, што спачатку праводзіліся набажэнствы ў старым (драўляным) касцёле, які знаходзіўся побач з новым. Затым прайшла працэсія да новай святыні, пасля туды быў перанесены Найсвяцейшы Сакрамант. Таксама адбылося асвячэнне храма звонку і знутры.

[4]

Абраз Найсвяцейшай Тройцы ў касцёле ў Задзеўі

Толькі 4-5 гадоў жыцця былі наканаваны гэтай прыгожай святыні. А ўсё таму, што пачалася Першая сусветная вайна і ў 1915 годзе ў раёне Пастаў стабілізавалася лінія фронту. Касцёл аказаўся побач з перадавой, на тэрыторыі, занятай немцамі. Высокія вежы святыні былі для ворага выдатнай аглядавай пляцоўкай і давалі перавагу ў правядзенні баявых дзеянняў. Таму расійскія артылерысты, якія знаходзіліся па другі бок возера, прынялі рашэнне “расстраляць” задзеўскую святыню.

[5]

— Продкі расказвалі, што ў Першую сусветную вайну на даху пастаўскага касцёла знаходзіўся назіральны пункт рускай імператарскай арміі і карэкціроўшчык агню, — расказваў мне жыхар Канады з пастаўскімі каранямі Сяргей Маскалёў. — З гэтай прычыны немцы з усіх сіл стараліся знесці шпіль пастаўскага касцёла. Снарады ляцелі над галовамі гараджан у абоіх накірунках. Дзед расказваў, што па гуку, свісту снарада яны нават навучыліся вызначаць, свой ці варожы ён, як высока ляціць і дзе прыблізна разарвецца.

Цяжка ўявіць, якой гучнай і магутнай была гэта перастрэлка з дахаў святынь. І калі пастаўскі храм выстаяў, то задзеўскі, “згрызены” незлічонай колькасцю снарадаў, быў зруйнаваны. Яго рэшткі падарвалі нямецкія сапёры, каб здабыць цэглу для будаўніцтва печаў у кватэрах і бліндажах.

[6]

Пастаўскі касцёл у Першую сусветную вайну

Звесткі пра гэта я прачытала ў кнізе «Битва у Нарочи, 1916». Яе аўтар — вядомы  даследчык Першай сусветнай вайны Уладзімір Багданаў. Ён — уладальнік вялікай прыватнай калекцый паштовак таго часу. Менавіта дзякуючы ім мы сёння можам назіраць, як паступова разбураўся храм і як ён выглядаў першапачаткова.

Пасля заканчэння Першай сусветнай Задзеўе без святыні не засталося — тут зноў пабудавалі драўляны храм. Вёска працягвала быць рэлігійным цэнтрам. Па ўспамінах мясцовых жыхароў, на  фэсты, якія заўжды ладзіліся тут у жніўні, з’язджаліся да 30 ксяндзоў.

Аднак і гэтаму касцёлу не было суджана доўга збіраць пад сваім дахам вернікаў. У 1939 годзе каля Задзеўя распачалося будаўніцтва аэрадрома. У гады Другой сусветнай вайны пасадку на ім штодня здзяйснялі па 10-15 самалётаў. Пасля 1945 года сталі праводзіцца работы па расшырэнні і мадэрнізацыі гэтага аэрадрома. Яго ўзлётная паласа размяшчалася так, што на пад’ём самалёты ішлі ў бок Літвы, а на пасадку — над Паставамі і Задзеўем. Будынак касцёла перашкаджаў арганізацыі палётаў. Было прынята рашэнне разабраць драўляны храм. Частку бярвення перавезлі ў вёску Мягуны Пастаўскага раёна, дзе з яго паставілі школу (папярэдняя была моцна пашкоджана пасля пажару). Жанчына, якая там вучылася, успамінала, што з Задзеўя да гэтай школы прыязджаў мужчына, станавіўся перад ёй на калені і маліўся. Настолькі шанаваў родную святыню…

Дырэктар мягунскай школы, пры якой усе гэтыя падзеі адбываліся, расказвала, што разбіраць касцёл не згадзіўся ні адзін католік і што рабіць гэта давялося пажарным. Абразы мясцовыя разабралі па хатах. Яны спадзяваліся, што храм зноў пабудуюць. Але гэтага, на жаль, не адбылося. Насельніцтва ў вёсцы паступова стала змяншацца. У сярэдзіне 90-х гадоў у ёй заставалася ўжо толькі 13 жыхароў.

Сёння мала што нагадвае пра мінулы размах жыцця ў Задзеўі — жыхароў і дачнікаў тут зусім нямнога. Карэннае насельніцтва гэтай вёскі, якое некалі хадзіла маліцца ў задзеўскія касцёлы, пакоіцца на мясцовых могілках. Як і некалькі нямецкіх салдат Першай сусветнай, помнікі якім захаваліся тут яшчэ з часу Першай сусветнай…

Менавіта могілкі сталі месцам правядзенння сёлетняй Святой Імшы ў Свята Перамянення Пана. Тут каля капліцы сабраліся святары і вернікі, каб разам памаліцца, паразважаць і падзякаваць продкам за скарб веры.

Найперш пробашч касцёла Святога Антонія Падуанскага ў Паставах Вадзім Прасяной прывітаў усіх прысутных. Сярод іх былі ксяндзы з Пастаў, Варапаева і Шаркаўшчыны — Чэслаў Куцмеж, Аляксей Вянцкевіч, Валерый Пупкевіч. Менавіта ксёндз Валерый, наш зямляк, ураджэнец Пастаў, падчас Імшы гаварыў вернікам пра неабходнасць перамяняцца за Хрыстом дзеля лепшай будучыні, а таксама пра тыя асаблівыя духоўнасці каштоўнасці, што некалі пакінулі нам нашыя продкі.

— На гэта месца спрадвек прыходзілі парафіяне, каб узносіць свае малітвы, каб пачуць голас Пана Бога, каб быць выслуханымі, каб атрымаць неабходныя дары і дабрадзействы, — прамаўляў святар. — Гэта месца — не толькі тая святыня, якая была тут фізічна, але і месца духоўнай святыні кожнага з нас. Святыя справы, якія адбываліся ў гэтай мясцовасці, перадаюцца ў памяці з пакалення ў пакаленне. Штогод мы збіраемся тут, каб аддаць Богу пашану, сказаць яму дзякуй за ласкі, якія атрымліваем у жыцці, а таксама каб успомніць нашых продкаў, што далі пачатак нашай веры. Гэта месца, як і раней, яднае пакаленні, і блізкае кожнаму з нас, бо тут мы чуем Божую прысутнасць.

З Імшы я вярталася з думкамі, што гісторыю не пераменіш — не паўстануць на гэтай зямлі тыя касцёлы, што ўглядаюцца ў нашыя душы з фотаздымкаў. Але кожнаму з нас пад сілу аберагаць ад разбурэння грахом свой унутраны храм веры, велічнасць якога вызначаецца малітвамі, думкамі, учынкамі. І такія намоленыя месцы, як Задзеўе, толькі спрыяюць таму, каб сказаць асабістаму перамяненню “так”.

[7]

Задзеўе, Першая камунія 1943 або 1945 год

[8]

Іна Стаднік