- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

З Бразіліі ў Беларусь: размова з удзельніцай руху “Факаляры”

[1]“Каталіцкі Веснік” паразмаўляў з бразільянкай Алесандрай – удзельніцай руху “Факаляры”, якая ўжо каля шасці гадоў жыве ў Беларусі. Сваім сведчаннем жыцця і веры дзяўчына дзеліцца ў сённяшнім нумары.

Пра прыезд у Беларусь, мову і людзей

– Я прыехала ў Беларусь амаль шэсць гадоў таму. Зараз жыву ў Мінску. Па прафесіі я правізар. На працы мяне вельмі душэўна прынялі. Гэта радуе, бо часам бывае па-іншаму. Я вывучала рускую мову ў Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце паўтара года. Потым паступіла ў інтэрнатуру, здала іспыт і магла пачынаць працу ў аптэцы. Рускую мову я ўвесь час вывучаю, бо яна вельмі складаная і багатая. На беларускай мове большасць слоў разумею, але пакуль што не размаўляю. Я лічу, што ваша мова вельмі меладычная і прыгожая. Тое, што мне больш за ўсё падабаецца ў Беларусі, – гэта людзі. Ваша гасціннасць, ваша дабрыня і ваша сэрца мяне вельмі кранулі.

Пра дзяцінства, веру і сям’ю

 – Я нарадзілася ў дружнай сям’і, у мяне адна сястра і два браты. Паколькі я родам з поўдня Бразіліі, дзе знаходзіцца вялікая канцэнтрацыя нашчадкаў еўрапейскай эміграцыі, у мяне італьянскія, польскія і французскія карані. Мая вера ўзрастала з дзяцінства, бо бацькі мае – вернікі. Мама часта нам чытала Слова Божае, разам таксама маліліся. У нашай парафіі ёсць традыцыя перадаваць на тыдзень паміж суседзямі абраз Марыі ў маленькай драўлянай капліцы. Перад ім мы чыталі малітвы, а маці ставіла свечкі за кожную нашу інтэнцыю і паездку. Яна робіць так і зараз. Я магу сказаць, што мая вера стала больш свядомай пасля  кантакту з рухам “Факаляраў”, з якім я пазнаёмілася ў 2003 годзе.

Тады мяне запрасілі паехаць на адно мерапрыемства для падлеткаў. Ужо ў аўтобусе я зразумела, што гэтыя людзі паводзяць сабе неяк асабліва. Там я адчувала сябе як родная. Пазней стала зразумела, што яны стараюцца жыць так, як кажа Слова Божае, і любяць тых, хто знаходзіцца побач. Атмасфера, каторую я там адчувала, была асаблівай.

Пра ўзмацненне ў веры

– Ужо пазней я зразумела, што там, дзе людзі любяць адно аднаго, ёсць Бог. Для мяне быў момант вялікага навяртання, калі я зразумела, што жыць па-хрысціянску не значыць проста ехаць у нядзелю на Імшу, чытаць малітвы і старацца быць добрым. Зразумела таксама і тое, што магу жыць для Бога і ў Богу кожны момант майго дня, застаючыся ў любові. Я ўсвядоміла, што Бог бязмерна мяне любіць і для таго, каб Яго любіць, трэба жыць згодна з Яго воляй. Я таксама наблізілася да сакрамантаў, разумеючы, наколькі гэта важна. Пачала хадзіць часцей у Касцёл. Цяпер я ўдзельнічаю кожны дзень у святой Імшы, малюся на ружанцы і чытаю малітвы раніцай і ўвечары. Яшчэ разважаю над Словам Бога і над духоўнай літаратурай. Гэтая “ежа” для душы дае мне сілу і накіроўвае мае думкі, волю, сэрца і рукі, каб быць кожны раз больш вольнай дачкой Бога. І адпаведна быць шчаслівай.

[2]

Пра рух “Факаляры” і яго дзейнасць

– Рух “Факаляры” узнік у 1943 годзе ў горадзе Трэнта (Італія) падчас Другой сусветнай вайны. Слова facolare мае італьянскае паходжанне і азначае “сямейны агмень”, а ў шырокім значэнні – сям’ю. Рух стаў новай плынню духоўнага і сацыяльнага абнаўлення. А па вызначэнні заснавальніцы руху К’яры Любіч, стаў “новым народам, народжаным Евангеллем”.

Цяпер супольнасць налічвае звыш двух мільёнаў удзельнікаў. У аснове руху “Факаляраў” ляжаць мастацтва ўзаемнай любові, дыялог і супольнасць. Мы імкнёмся ва ўсіх дзеяннях праяўляць узаемную любоў і не адштурхоўваць нікога, жыць па Евангеллі і прымяняць яго ў сваім жыцці. Мэта – імкнуцца да міру і еднасці, да ажыццяўлення ў жыцці малітвы Езуса да Айца: “Няхай усе будуць адно”. Рух ёсць у 182 краінах, арганізаваны ў 22 геаграфічных рэгіёнах. У Беларусі яго ўдзельнікаў – каля 100 чалавек. Ёсць супольнасці ў у Мінску, Ляхавічах, Паставах, Ганцавічах. Некаторыя людзі ўжо больш за дваццаць гадоў гэтым жывуць.

Для нас, факаляраў, галоўная падзея года – “Марыяпаль”. Гэта летнія рэкалекцыі для ўсіх удзельнікаў, дзе мы разам адпачываем і паглыбляемся ў духоўнасці. Яшчэ бываюць іншыя сустрэчы і акцыі на працягу года для дзяцей, падлеткаў і моладзі. Кожны месяц сустракаемся разам і дзелімся нашым досведам жыцця паводле Слова Божага, чытаем пэўны новы ўрывак Евангелля з каментарыем, які нас суправаджае на працягу наступнага месяца. Яшчэ на кожны дзень ёсць адна фраза, якую атрымліваем праз сацыяльныя сеткі. Гэта падахвочвае і матывуе жыць згодна са Словам Божым. Слова Жыцця, штомесячны тэкст, перакладаецца прыкладна на дзевяноста моў і трапляе праз СМІ да некалькіх мільёнаў чалавек.

[3]

Пра супольную дарогу да святасці

– Заўсёды, слухаючы досвед іншых удзельнікаў руху, прыходзіць мужнасць і паяўляюцца новыя ідэі. Калі ж сам дзелішся з іншымі, то гэта дазваляе шанаваць пражытыя падзеі і дапамагае быць дарам для тых, хто побач. Усе гэтыя інструменты дазваляюць ісці да Бога разам па дарозе святасці, падтрымліваючы адно аднаго. Гэта такая асаблівая праява духоўнасці, бо супольнасць мне вельмі дапамагае, фактычна стварае сям’ю, а таксама з’яўляецца выразнікам духоўнасці адзінства: Я – брат – Бог. Мы ідзём да Бога разам з чалавекам, разам з братамі. “Насамрэч мы ідзём да Бога праз чалавека”, – тлумачыла К’яра Любіч, заснавальніца руху.

Гутарыла Ірына Радзевіч