- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Якім з’яўляецца меркаванне Касцёла адносна магчымай чыпізацыі насельніцтва?

[1]Хацелася б даведацца меркаванне Каталіцкага Касцёла наконт чыпізацыі насельніцтва, якая развіваецца хуткімі тэмпамі, але аб якой не кажуць адкрыта. Інфармацыю можна знайсці толькі ў інтэрнэце. Хочацца пачуць меркаванне святара па гэтым пытанні ў адпаведнасці з Божым словам. Ганна

Адказвае а. Аркадзь Куляха OCD

Адказнасць чалавека за свет

Навуковае і тэхналанічнае развіццё спрыяе таму, што чалавек у розных сферах свайго жыцця карыстаецца новымі, невядомымі раней сістэмамі і прыладамі, якія палягчаюць яму штодзённае функцыянаванне. Кожнае дзеянне чалавечай асобы, у той меры, наколькі яно свядомае і дабравольнае, належыць разглядаць у маральных катэгорыях і расцэньваць як добрае або злое. Інакш кажучы, кожны чалавек, адораны розумам і вольнай воляй, адказны за свае ўчынкі ў перспектыве адносін да Бога, створанага свету, іншых людзей і самога сябе.

Аб неабходнасці адказнасці за свае ўчынкі гаворыцца ўжо на першых старонках Святога Пісання (пар. Быц 1 – 3). Кодэксам маральных паводзін з’яўляецца Дэкалог, значыць Дзесяць Божых запаведзяў, ці нормы, якія адпавядаюць натуральнаму праву, запісанаму ў сэрцы чалавека.

Для хрысціян нормай жыцця з’яўляецца сам Езус Хрыстус, у якога мы былі ўключаны праз святы хрост. Асаблівае месца ў маральнасці вернікаў займае запаведзь любові, дадзеная Хрыстом: „Новую запаведзь даю вам, каб вы любілі адзін аднаго. Як Я палюбіў вас, так і вы любіце адзін аднаго. Па гэтым усе пазнаюць, што вы Мае вучні, калі будзеце мець любоў адзін да аднаго” (Ян 13, 34 – 35).

Адказнасць за ўчынкі датычыць не толькі канкрэтнага чалавека, але і ўсяго чалавецтва, аб чым пастаянна вучыць Касцёл. Нядаўна падчас Сусветных дзён моладзі ў Кракаве Папа Францішак нагадаў маладым людзям, каб яны ўзялі адказнасць за будучыню свету, каб не былі пасіўнымі назіральнікамі, але актыўнымі дзеючымі асобамі гісторыі, каб выйшлі змяняць свет у імя справядлівасці і любові. Адным з элементаў, якія яднаюць чалавецтва, з’яўляецца менавіта адказнасць за свет, у перспектыве гісторыі, сучаснасці і будучыні. Тут варта нагадаць словы Святога Айца з энцыклікі Laudato si, прысвечанай клопату аб супольным доме.

Тэхнічнае развіццё і маральныя выклікі

Дасягненні навукі і тэхнікі могуць быць выкарыстаны для дабра канкрэтнага чалавека і ўсяго чалавецтва. Гэта, напэўна, найлепш бачна на прыкладзе медыцыны і фармакалогіі. Усё больш дасканалыя спосабы і ўмовы лячэння, лекі спрыяюць паляпшэнню жыцця і памяншэнню пакутаў чалавечай асобы.

Іншым прыкладам можа быць развіццё сістэм камунікацыі, такіх, як тэлефоны ці камп’ютары, якія збліжаюць людзей і даюць магчымасці ў многіх сферах жыцця. Ужо не толькі банкаўскія карткі, але таксама развітая і агульнадаступная інтэрнэт- і мабільная банкаўская сістэма палягчае жыццё.

Можна сказаць, што сучасны чалавек прызвычаіўся да многіх дасягненняў навукі і тэхнікі, хоць многіх прычын для страху не знікла. Агульнавядома, што тое, што можа служыць дабру чалавека, можа быць выкарыстана і супраць яго. Так было заўсёды. Адпаведная доза лекаў магла дапамагчы хвораму, але, прыгатаваная ў змененых прапорцыях, магла прывесці да яго смерці. У сённяшні час дастаткова ўзгадаць пра вірусы, хакерскія атакі ці простыя аварыі сістэм, якія выклікаюць шмат зла.

Папа Бэнэдыкт XVI у энцыкліцы Caritas in veritate піша, што Касцёл нічога не мае супраць тэхнічнага прагрэсу і «найбольш далёкі ад таго, каб умешвацца ў кіраванне дзяржавамі», аднак мае місію праўды, у кожны час і ў кожных абставінах. Абвяшчаючы маральныя каштоўнасці і баронячы іх, Касцёл заклікае чалавека да чуйнасці і пакорнага супрацоўніцтва са Створцам.

Выклікам сучаснасці з’яўляецца кожная чалавечая дзейнасць у сферы новых тэхналогій і сістэм. Ніколі нельга згубіць з поля зроку праўды пра чалавека, яго годнасць, каштоўнасць і пакліканне. У адваротным выпадку можна дайсці да інструменталізацыі чалавечай асобы і выкарыстання яе як пешкі ў вялікай гульні, што было б адмаўленнем яе чалавечнасці.

Неверагоднае стала фактам

Фантастыка, паказаная ў фільмах “Тэрмінатар”, “Матрыца”, “Жалезны чалавек”, “Трынаццаты паверх”, хоць з’яўляецца творам фантазіі аўтараў, знаходзіць некаторае адлюстраванне ў сучаснай рэчаіснасці.

Імкненне да паляпшэння жыцця, яго падаўжэння, барацьбы з хваробамі ці атрымання незвычайнай сілы і здольнасцяў заўсёды спадарожнічала чалавечай асобе. З аднаго боку, пазітыўнае тое, што служыць дабру чалавека, а з другога, напаўняе страхам магчымасць занадта далёка ідучых маніпуляцый і нанясення чалавеку шкоды.

Мае значэнне таксама страх перад непрадбачнымі наступствамі рознага роду эксперыментаў. Не будзе перабольшваннем сказаць, што дэміургічныя амбіцыі, пакінутыя без адпаведнага кантролю, злучаныя з вялікімі магчымасцямі, могуць узяць рэванш і ў выніку нават абярнуцца супраць чалавецтва.

Цяжка адказаць на пытанне, хто можа гарантаваць бяспеку і кантраляваць працэсы, звязаныя з выкарыстаннем новых тэхналогій. Належыць таксама памятаць, што чалавек не можа заняць месца Бога ці стаць богам. Гэта шатанская спакуса, апісаная ў Святым Пісанні (пар. Быц 3, 1 – 8). Толькі супрацоўніцтва з Богам з’яўляецца сапраўдным шляхам чалавека, гарантуючым бяспеку і захаванне яго годнасці.

Мікрачыпы і магчымасці

Пастаўленае тут пытанне датычыць ужыўлення мікрачыпаў чалавеку. Сапраўды, у інтэрнэце можна знайсці значную колькасць матэрыялаў на гэтую тэму, але цяжка адназначна сказаць, ці ўтрымліваюць яны праўду. Шмат увагі прысвечана ў інтэрнэце выкарыстанню чыпа RFID, які выкарыстоўваецца як у прамысловасці, так і ў кіраванні рознага роду рэсурсамі.

Чып RFID (Radio-Frequency IDentification) перасылае даныя з дапамогай радыёхваляў, што дазваляе чытаць і запісваць інфармацыю. Гэтая тэхналогія вядомая ўжо даўно і выкарыстоўваецца пры пазначэнні тавараў, жывёлаў, у розных дакументах. Самі прыборы ўсё меншыя (памерам некалькі міліметраў), і на іх можна запісаць розную інфармацыю (персанальныя даныя, ідэнтыфікацыйныя нумары, стан банкаўскага рахунку).

Камунікацыя чыпа з прыёмнікам магчыма на акрэсленай адлегласці. Належыць дапусціць, што з часам чыпы будуць так удасканалены, што дыяпазон іх дзеяння будзе павялічаны. Можна ўявіць карысць, звязаную з гэтымі апаратамі. Ужо сёння чыпы, якія ўжываюцца жывёлам, служаць мэце іх ідэнтыфікацыі.

Далей, трэба было б сказаць, што чып можа быць карысны і для чалавека, бо служыў бы як пашпарт, крэдытная ці медыцынская картка, а калі б ён быў злучаны з целам чалавека, то знікла б рызыка згублення ці крадзяжу. Некаторыя людзі баяцца таго, што сістэмы, звязаныя з чыпамі, могуць выкарыстоўвацца для назірання за намі ці блакавання, напрыклад, некаторых фінансавых аперацый.

У сувязі з гэтым пытаннем трэба, аднак, сказаць, што амаль кожны носіць з сабой тэлефон, які можа быць прасочаны ў амаль любым месцы на зямлі; расплачваючыся банкаўскімі карткамі, мы пакідаем пасля сябе след; мы выкарыстоўваем сістэму GPS, рэгіструемся на грамадскім партале і інш.

Страх, звязаны з чыпамі

У сувязі з тым, што выкарыстанне чыпаў яшчэ недастаткова вывучана, могуць існаваць страхі маральнага парадку. Цяжка сёння сказаць, якія функцыі чыпы будуць выконваць у будучыні і з якой мэтай могуць быць выкарыстаны.

Здаецца апраўданым такі страх у святле апошніх уцечак WikiLeaks наконт магчымасцяў і хакерскай дзейнасці ЦРУ, якое нібыта мае тэхнічную здольнасць падслухоўвання і падглядвання за любым карыстальнікам прыбораў, падключаных да інтэрнэту. Гэта датычыць не толькі тэлефонаў, смартфонаў ці камп’ютараў, але і тэлевізараў, халадзільнікаў, “разумных” гадзіннікаў, праз якія можна падслухоўваць, калі яны злучаны з сеццю.

Уражвае інфармацыя, што ЦРУ валодае ведамі аб невыпраўленых хібах, напрыклад, у аперацыйных сістэмах Android ці iOS, але не інфармуе аб гэтым вытворцаў. Можна дапусціць, што мэтай з’яўляецца далёка ідучае назіранне за жыхарамі дзякуючы хібам у бяспецы прыбораў. Таму не будзе перабольшваннем сцвярджэнне, што нічога з таго, што падключана да інтэрнэту, не знаходзіцца ў поўнай бяспецы перад атакамі. Можна меркаваць, што не толькі ЦРУ валодае падобнымі здольнасцямі.

Цяжка таксама сказаць, ці будуць чыпы ў будучыні выкарыстоўвацца сумленным чынам – як хрысціяне мы павінны ахапіць малітвай і гэтую сферу. Магчыма, што ў будучыні з дапамогай чыпа можна будзе не толькі ўстанавіць месцазнаходжанне жыхара, але і падслухоўваць яго. У сувязі з удасканаленнем інфармацыйных сістэм не выключана з’яднанне чыпа з мозгам чалавека. Сёння цяжка прадказаць, ці будзе такое з’яднанне ўплываць таксама на псіхіку і паводзіны асобы.

[2]

Чыпы і інтэрфэйс BCI

Узгаданыя вышэй асцярогі не пазбаўлены грунту. Ужо сёння існуе магчымасць (хоць яшчэ абмежаваная) злучэння мозгу з капм’ютарам праз інтэрфэйс BCI (brain-computer interfac). Выкарыстанне такога вынаходжання дапамагае пры хваробах зроку, забяспечваючы новую функцыянальнасць чалавечага арганізму. BCI можа быць выкарыстана і ў так званай рухавай неўрапратэтыцы. Дзейнасць гэтых тэхналогій засноўваецца на ператварэнні сігналу, звязанага з актыўнасцю мозгу, у лічбавы сігнал, які пасылаецца ў прыёмнікі.

Даследаванні пацвердзілі, што дзякуючы тэхналогіі інтэрфэйсу BCI існуе магчымасць чытання з вялікай праўдападобнасцю пэўнай інфармацыі, як, напрыклад, нумару банкаўскай карткі. У такой сітуацыі існуе боязь, што ў будучыні хтосьці мог бы выкарыстоўваць чып з мэтай схілення яго ўладальніка да злачынства або перадачы вірусу, які блакуе, напрыклад, працу кардыёстымулятара. У інтэрнэце разглядаюцца разнастайныя пагрозы, звязаныя з гэтым. Належыць, аднак, памятаць, аб тым, каб не паддавацца пэўнай істэрыі ў сувязі з гэтым і не жыць у пастаянным страху, які не з’яўляецца хрысціянскім.

Чыпы і правы чалавека

Змены ў сучасным свеце і развіццё тэхнічных сродкаў збору і пошуку інфармацыі, якая датычыць іншых людзей, патрабуюць ад адпаведных арганізацый належнай абароны як самой інфармацыі, так і права на прыватнасць. Гэта вынікае з роўнасці ўсіх людзей: „Няма ўжо ні юдэя, ні грэка; няма ні раба, ні свабоднага; няма ні мужчыны, ні жанчыны, бо ўсе вы адно ў Хрысце Езусе” (Гал 3, 28).

Вялікім грахом была б класіфікацыя людзей з пункту гледжання іх паходжання або стану. Бо кожны чалавек мае права распараджацца сабой, права на бесперашкоднае развіццё ўласнай асобы, на інтымнасць і прыватнасць. Не падобна да таго, каб чыпы нейкім непасрэдным чынам маглі б пагражаць прыватнасці, але адпаведныя арганізацыі павінны гарантаваць права чалавека на ўласны спосаб жыцця і неўмяшанне ў яго пабочных асобаў.

Разам з тым ужо сёння існуюць магчымасці парушэння інтымнасці праз выкарыстанне пэўных прыладаў. Здараецца падслухоўванне, назіранне і нават раскрыццё прыватнай інфармацыі (напрыклад, хакерскія атакі на паштовыя скрыні ці іншыя даныя на лічбавых носьбітах). Важна, каб прававыя акты бралі пад увагу правы чалавека ў гэтай сферы.

З іншага боку, жыццё ў інфармацыйным грамадстве патрабуе вялікай чуйнасці ў сферы абароны ўласных даных. У інтэрнэце можна прачытаць, што ў некаторых дзяржавах існуюць планы прымусовага імплантавання чыпаў жыхарам. Здаецца, што такая дзейнасць, скіраваная на ўсіх жыхароў, была б непасрэдным парушэннем правоў чалавека.

Чыпы і Святое Пісанне

Можна дапусціць, што чалавек, які задаў гэтае пытанне, чытаў у інтэрнэце аб аднясенні словаў Святога Пісання ў 13 раздзеле Апакаліпсіса аб знаку Звера да праблемы чыпаў. Сапраўды, у сеціве можна знайсці розныя інтэрпрэтацыі словаў Апакаліпсіса, але няма падставаў сцвярджаць, што ўзгаданы фрагмент адносіцца непасрэдна да дадзеных рэчаў.

Словы Апакаліпсіса кажуць пра Звера (сімвал шатана), ці праціўніка Баранка – Езуса Хрыста. Як Баранак Божы ставіў пячатку на сваіх вызнаўцах, так робіць і Звер. Пячатку належыць разумець у рэлігійным значэнні, і гэта звязана ў выпадку Хрыста з прыналежнасцю да Бога, а ў выпадку Звера – з адданнем пад уладу д’ябла. Хоць аўтар Апакаліпсіса піша аб наступствах валодання пячаткай: „ніхто не можа ні купіць, ні прадаць, калі не мае знаку, імені звера або лічбы імені ягонага” (Aп 13, 17), гэтых словаў не трэба разумець як указанне на сучасныя плацежныя карткі ці чыпы.

Нейкі час таму з’явілася інфармацыя, што ў Барселоне ў начным клубе функцыянуе плацёж з дапамогай чыпа, аднак гэта не азначае аддання пад уладу шатана тых, хто наведвае гэты клуб. Дастаткова сцвердзіць, што ніякая тэхнічная дзейнасць ці знешнія знакі не ў стане парушыць духоўнасць чалавека, калі ён сам не адракаецца ад Хрыста і не аддаецца ва ўладу д’ябла.

Безумоўна, застаецца адкрытым пытанне, зададзенае вышэй, ці не будзе магчымым у будучыні маніпуляванне чалавечай асобай звонку непасрэдна на мозг. Калі б хтосьці дабравольна згадзіўся на такую дзейнасць, то перашкодзіў бы свайму пакліканню быць сапраўды вольным у Хрысце. Веруючы чалавек пазначаны знакам прыналежнасці Хрысту і знаходзіцца пад абаронай Яго ўсемагутнасці.

Нельга, аднак, забываць аб неабходнасці чуйнасці і паглыблення сваіх адносін з Богам. Няхай заклікам будуць словы Хрыста: „Ці ж Бог не абароніць выбраных сваіх, якія просяць Яго дзень і ноч, і ці будзе марудзіць у іх справе? Кажу вам, што неўзабаве абароніць іх” (Лк 18, 6 – 7).

grodnensis.by [3]