Хвала Хрысту! Некалькі дзен таму ў мяне спыталася сяброўка: як трэба святкаваць Пасху? Быццам бы ўсе мы ведаем традыцыі, фарбуем яйкі, робім кулічы і г.д., але нават не думаем пра тое, што ўсе гэта значыць. Я таксама зразумела, што не магу даць выразнага адказу на гэтае пытанне, пачала шукаць хоць якую літаратуру, пыталася ў святароў, ды проста ў інтэрнэце шукала і нічога адэкватнага не знайшла: па большасці нарысы былі перапоўненыя нейкімі забабонамі. Можа, не ўмею я шукаць, таму вырашыла проста скіраваць пытанне да кампетэнтных людзей: як трэба праводзіць Пасхальны Трыдуум і святкаваць саму Пасху? Дзякуй за адказ.
На пытанне адказвае кс. Віктар Місевіч:
Крыху дзіўна чуць ад чалавека, які ведае, што такое Пасхальны Трыдуум, пытанне, як святкаваць Пасху. Слова “Трыдуум” якраз і дае неабходную падказку. Гэтыя тры дні: Вялікі чацвер, Вялікую пятніцу, Вялікую суботу трэба правесці ў асаблівым малітоўным чуванні. Якраз у гэтыя дні Касцёл разважае ў літургіі пра пакуты, смерць і ўваскрасенне нашага Збавіцеля Езуса Хрыста. Схадзіце на гэтыя набажэнствы, прыступіце да споведзі, паяднаўшыся з Богам і бліжнім. Спытайце, можа патрэбная вашая дапамога ў касцёле? Штосьці памагчы прыбраць, зрабіць дэкарацыі, дапамагчы спевам ці чытаннем? Вялікдзень – гэта свята супольнасці. Менавіта таму ў Вялікую пятніцу ў касцёлах збіраюцца сродкі на дапамогу Касцёлу ў Святой Зямлі. Не варта таксама адкідваць і звычайныя хатнія справы. Прыгатаваць велікодныя стравы, пафарбаваць яйкі, асвяціць іх у касцёле – гэта таксама частка велікоднага святкавання. Можа хтосьці самотны побач з вамі? Запрасіце яго на Пасхальную Вігілію ў касцёл, схадзіце разам. Запрасіце таксама на велікоднае снеданне. Самая ж галоўная ідэя Пасхі – гэта тое, што Бог жыве. Ён хоча таксама жыць і ў вас. Дазвольце Яму гэта.
для друку