Як правільна харчавацца ў час посту?

Хвала Хрысту! Хачу спытаць, як правільна харчавацца ў час посту? Што дазволена і што не (якія прадукты)? Як правільна па днях харчавацца? Ці можна адзначаць Дзень нараджэння? Яраслаў

На пытанне адказвае айцец Андрэй Сідаровіч MIC з Росіцы:

– Яраслаў! Пост, каторы разумееш як абмежаванне сябе ў ежы, мае некалькі агульных прынцыпаў:

  1. Пост – не дыета. Абмежаванне, якое на сябе накладаем, павінна мець выразную духоўную матывацыю. Трэба адказаць на пытанні: навошта пашчу? Якой мэты хачу дасягнуць?
  2. Пост – не пакаранне цела. Абмежаванні, якія на сябе накладаем, носяць фізічна-духоўны характар. Нашай матывацыяй не можа быць вайна супраць перажыванняў нашай цялеснасці, а барацьба супраць пажадлівасці. Абмяжоўваючы цела, змагаемся з духам.
  3. Пост без шкоды здароўю. Памеры нашых абмежаванняў у ежы не павінны нам шкодзіць. Калі нашае здароўе не дазваляе нам, напрыклад, не есці цэлы дзень, трэба пашукаць іншую форму посту.
  4. Пост бласлаўлёны духоўным кіраўніком. Правіла, якому я асабіста навучыўся ў навіцыяце марыянаў: пост, звычайна ва ўстрыманні ад мяса, ці то ў пятніцу, ці дадаткова ў сераду, можна было практыкаваць без дадатковага дазволу выхавальніка. Усялякі іншы пост толькі з яго бласлаўлення. Гэта важна, каб не трапіць у пастку фізічна-духоўнага знясілення.

Патрабаванні Касцёла ў посце – сціслы пост (адзін пасілак дасыта ў дзень) у Папяльцовую сераду і Вялікую пятніцу. Устрыманне ад мясных страў у пятніцы. Усё іншае – як асабісты дадатак. Напрыклад, пост у пятніцу на хлебе і вадзе або дадатковае ўстрыманне ад мяса ў сераду.

Асабіста я лічу, што сённяшняя цывілізацыя змушае нас да іншага посту. Раю наступнае:

  • увагу скіраваць у бок абмежавання карыстання мультымедыйнымі сродкамі. Са свайго досведу ведаю, што адключэнне тэлебачання або абмежаванне ў карыстанні інтэрнэтам каштуе больш, чым абмежаванне ў ежы. Абавязкова з’явіцца час на духоўнае чытанне і малітву.
  • Адмаўляцца ад алкаголю. У прынцыпе так робяць шматлікія вернікі, але з маладушнымі – выключэнне. Так, цэлы пост не п’ю, за выключэннем, напрыклад, 8 Сакавіка! Дык вось гэты дзень і з’яўляецца для Вас па-сапраўднаму посным.
  • Адмаўляцца ад ўдзелу ў гучных святкаваннях. Прынцып маладушнасці падобны: так, я пашчуся, на гулянкі не хаджу, а вось на канцэрт любімага гурта пайду. Вось тут і адбываецца выбар, абмежаванне, змаганне.

З Днём нараджэння абавязкова трэба віншаваць, сустракацца і піць гарбату з торцікам, а ладзіць святкаванне з застоллем лічу непрыстойным.

для друку для друку