- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

«Weekend з Марыяй» альбо як моладзь з усёй Беларусі адпачывае і духоўна ўзрастае ў маленькай вёсцы

[1]«Застацца сабой у адносінах» — пад такой назвай з 3 па 5 сакавіка ў вёсцы Удзела Глыбоцкага дэканата прайшоў чарговы «Weekend з Марыяй». Маладыя людзі з розных куточкаў Беларусі сабраліся ў мястэчку Беззаганай, каб прысвяціць свой вольны час Маці Божай, супольна памаліцца і абмеркаваць пытанні, якія іх хвалююць.

Як адзначыў духоўны кіраўнік моладзевых спатканняў у Удзела а. Віктар Мялешка OFMConv, ініцыятарам сустрэч стала сама моладзь. Першае такое спатканне пад апекай Марыі ўпершыню прайшло ў кастрычніку 2022 года ў першыя пятніцу, суботу і нядзелю месяца. Гэта акалічнасць і падштурхнула да з’яўлення назвы «Weekend (ўік-энд) з Марыяй».

Кожная такая сустрэча мае сваю тэматыку, якую прапануе моладзь. У спатканнях прымаюць удзел святары, якія дапамагаюць больш глыбока яе раскрыць.

Госцем чарговай сустрэчы на тэму «Застацца сабой у адносінах» стаў ксёндз Яўген Шымановіч. «Як захаваць чысціню сэрца і непаддацца негатыўнаму ўплыву іншых? Як распазнаць сапраўднае каханне і што рабіць, калі няма ўзаемнасці?» — вось толькі некаторыя пытанні, якія закрануў святар падчас канферэнцый. Актыўны ўдзел маладых людзей у абмеркаванні праблемы сведчыць аб важнасці і актуальнасці выбранай тэмы.

[2]

У праграме ўік-энда, акрамя канферэнцый, быў час на рэкрэацыю — адпачынак у залежнасці ад інтарэсаў, а таксама пустыню — час асабістай цішыні. У вольны час маладыя людзі мелі магчымасць абмеркаваць тэму сустрэчы, падзяліцца ўласным досведам, скарыстацца сакрамантам споведзі.

Значную частку спаткання займала малітва: святая Імша, адарацыя Найсвяцейшага Сакраманту, вяночак да Божай Міласэрнасці, Нешпары.

Кранальным момантам для многіх стала вячэрняя адарацыя праслаўлення з малітвай аздараўлення душы і цела, якую правёў ксёндз-экзарцыст Мікалай Ціхановіч.

[3]

Пасля адарацыі настаў вечар пытанняў і адказаў, падчас якога святары адказалі на пытанні, якія хвалююць моладзь.

У апошні дзень спаткання аніматары правялі рэфлексію ўік-энда. У групах маладыя людзі дзяліліся ўражаннем аб тым, што для іх было найбольш важным і цікавым, уносілі прапановы аб арганізацыі наступных сустрэч.

[4]

Кульмінацыяй дня стала Эўхарыстыя. У гамілі а. Віктар Мялешка OFMConv, разважаючы над тэмай сустрэчы, падкрэсліў, што важна заставацца сабой не толькі ў адносінах з іншымі людзьмі, але і ў адносінах з Богам. «Мы павінны прыносіць Пану Богу ўсё, што ляжыць у нас на сэрцы, быць шчырым і адкрытым, каб Хрыстус выслухаў нашыя просьбы і малітвы. Прыкладам такіх адносін з Богам для нас з’яўляецца Марыя» — падкрэсліў святар.

Падчас святой Імшы трое маладых людзей прысвяцілі сябе Беззаганнай, каб як мага больш наследваць Марыю і быць яе рыцарам.

[5]

Напрыканцы моладзь выказала словы ўдзячнасці айцу Віктару за духоўную апеку і ўсім айцам-францішканам за арганізацыю сустрэчы. Асаблівыя словы падзякі прагучалі ў адрас парафіянаў, якія прынялі ўдзельнікаў уік-энда на начлег і прычыніліся да арганізацыі харчавання.

Жанна Закрэўская, kascelmery.by [20]