- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Выпускнікі 2000 года Гродзенскай духоўнай семінарыі сустрэліся ў Глыбокім

[1]22 мая 2018 года святары-аднакурснікі, якія разам скончылі вучобу ў Вышэйшай Духоўнай семінарыі ў Гродне 18 год таму, сабраліся разам на Віцебшчыне. Некаторыя з іх ўпершыню наведалі Глыбокае і парафіяльны касцёл.

Сярод выпускнікоў юбілейнага году:

[2]

На жаль не ўвесь выпуск змог сабрацца разам, бо некаторыя святары працуюць за межамі нашай краіны. Святую Імшу ўзначаліў біскуп Алег Буткевіч. Іерарх на самым пачатку падкрэсліў: “Сённяшняя малітва – гэта выраз удзячнасці Пану Богу за дар паклікання, за яго рэалізацыю. Кожны з нас сёння дзякуе за тых людзей, з якіх узятыя і да якіх пасланыя, бо вашая малітва напачатку становіцца крыніцай паклікання, а пазней – падтрымкай святара ў служэнні.”

“Сёння тут адбываецца пэўная ілюстрацыя таго, што перажывалі ў нядзелю Спаслання Святога Духа. Мы, як некалі апосталы, атрымалі моц Духа Святога і разышоўшыся па ўсім свеце абвяшчаем Евангелле. Цяпер сабраліся тут, каб падзякаваць Богу за дар паклікання. І напэўна кожны з вас мае гэтую нагоду для ўдзячнасці Госпаду. І разам з Марыяй хочам паўтараць яе словы “Вялікія рэчы ўчыніў мне Усемагутны””, — адзначыў Віцебскі ардынарый.

[3]

На заканчэнне Эўхарыстыі прадстаўнікі парафіі скіравалі словы віншавання і падзякі за дар паклікання кожнага святара, а таксама за магчымасць глыбоцкім вернікам разам маліцца. Прагучала і думка, што гэта сустрэча адбываецца ў Глыбокім упершыню, але, спадзяемся, не ў апошні раз. А каб сустрэча стала незабыўнай хоць на некаторы час, кожны “выпускнік-2000” атрымаў памятны мясцовы падарунак – глыбоцкую згушчонку.

“Добра, што ёсць сябры! Ёсць нагоды сустрэцца з тымі, хто блізкі сэрцу”, — адзначыў біскуп Алег і падзякаваў пробашчу парафіі кс. Мікалаю за прапанову і магчымасць гэтай сустрэчы менавіта ў Глыбокім.

Пасля св. Імшы святары паглядзелі выставу [4], прысвечаную гісторыі Беразвечча, якая дзейнічае ў касцёле.

[5]

Марына Сінкевіч, тэкст
Леанід Юрык, Марына Сінкевіч, фота