- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Вялікі чацвер: Біскуп Алег Буткевіч узначаліў Імшу Хрызма ў віцебскай катэдры (+відэа)

[1]У Вялікі чацвер, 13 красавіка, у катэдральным касцёле Езуса Міласэрнага біскуп Алег Буткевіч узначаліў Імшу Хрызма, якую разам з ім канцэлебравалі генеральны вікарый ксёндз-пралат Францішак Кісель, канцлер курыі кс. Віктар Місевіч і святары Віцебскай дыяцэзіі. 

Напачатку Імшы біскуп прывітаў усіх святароў і павіншаваў іх з Днём святарства, які адзначаецца ў Вялікі чацвер. Імша Хрызма з’яўляецца своеасаблівым уступам да вялікага Трыдууму. У гэты дзень у касцёлах асаблівым чынам адчуваецца прысутнасць Езуса Хрыста.

У сваёй гаміліі віцебскі ардынарый звярнуў увагу святароў на значэнне дару святарства. Ён адзначыў, што мы павінны як мага часцей задавацца пытаннем, ці сапраўды праз мяне дзейнічае Бог.

[2]

“Свет не з’яўляецца пеклам, — адзначыў іерарх, а святарскае жыццё не ёсць небам. Неба і пекла жыве ў сэрцы чалавека.” Свет з’яўляецца небам, калі чалавек жыве паводле Божых законаў, а калі ён паводзіць сябе згодна правілаў, навязаных светам, то і жыццё яго будзе пеклам. І гэта мае аднолькавае значэнне як для святара, так і для чалавека свецкага.

У якасці прыкладу святарскага служэння біскуп узгадаў святых Пятра і Паўла, а таксама святога Яна Віянэя, які з’яўляецца апекуном пробашчаў.

Пасля гаміліі святары аднавілі свае святарскія абяцанні, бо Імша Хрызма лічыцца адным са знакаў еднасці асобы біскупа і святароў. Потым адбылося асвячэнне алеяў – алея хворых і алея хрызма, якія ўжываюцца для ўдзялення сакрамантаў: хросту, бежмавання, пасвячэнняў і намашчэння хворых.

[3]

Напрыканцы Імшы біскуп Алег яшчэ раз павіншаваў святароў з Днём устанаўлення святарства, падзякаваў ім за прысутнасць і ўдзяліў біскупскае бласлаўленне.

Зміцер Лупач, тэкст
Марына Сінкевіч, фота
Леанід Юрык, відэа