- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Вы – радасць Касцёла на Віцебшчыне: у Віцебску адбылося святарскае пасвячэнне

[1]У апошні дзень тыдня Добрага Пастыра, 2 мая, у катэдральным касцёле Езуса Міласэрнага ў Віцебску адбылася вельмі важная падзея для ўсёй дыяцэзіі. Два дыяканы – Антон Тышко з Глыбокага і Андрэй Януль з Пагошчы – прынялі сакрамант прэзбітэрскага пасвячэння. Урачыстае набажэнства ўзначаліў біскуп Алег Буткевіч.

Стаць сведкамі гэтай падзеі, павіншаваць, падтрымаць і памаліцца за новых святароў прыехала незлічоная колькасць вернікаў з розных куткоў дыяцэзіі. Да таго ж, сёння ўсталявалася сапраўды ўрачыстае надвор’е. Упершыню за некалькі тыдняў суцішыўся буйны вецер і вуліцы напоўніліся пахам надыходзячага лета. Здавалася, нябёсы таксама выказвалі гэтым сваю радасць.

“Дзякуем Богу за дар жыцця і пакліканне гэтых дыяканаў, якія сёння ўвойдуць у прэзбітэрый Віцебскага Касцёла” – сказаў біскуп Алег у кароткай прамове на пачатку святой Імшы. Затым ён прывітаў прысутных святароў: кс. прал. Францішка Кіселя, канцлера Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі кс. кан. Дзмітрыя Пухальскага, кс. канонікаў Віцебскай дыяцэзіі на чале з яе канцлерам кс. кан. Віктарам Місевічам, дыяканаў, выхаванцаў Вышэйшай духоўнай семінарыі і яе прафесараў на чале з рэктарам кс. Янам Раманоўскім, і іншых прысутных святароў, законных братоў і сясцёр. Асабліва іерарх прывітаў бацькоў і родных дыяканаў. Падчас гэтай святой Імшы біскуп Алег маліўся за дыяканаў Антона Тышко і Андрэя Януля з надзеяй на адданае і ахвярнае служэнне Каталіцкаму Касцёлу.

Абрад пачаўся тым, што кандыдаты былі прадстаўлены біскупу і іх прызналі годнымі да прэзбітэрскага пасвячэння. [2]

Падчас гаміліі біскуп Алег напомніў прысутным аб тым, што такое святарства: “Добра ведаем, што праз хрост кожны з нас уваходзіць у каралеўскае святарства. Гэтай моцай мы можам і павінны аддаваць Богу ўсё, што здараецца з намі ў жыцці. Але некаторых людзей Бог выбірае для асаблівай паслугі, для пабудавання асаблівых адносін з Ім, для абвяшчэння Божага слова, здзяйснення суда міласэрнасці – паяднання чалавека з Богам і аднаўлення ахвяры Езуса Хрыста на алтары. Гэтых выбраных Ён рэчаісна ўчыніць Alter Christus – другім Сабой.

Сёння мы пасвячаем нашых братоў дыяканаў Антона і Андрэя – маладых людзей, якія не толькі пачулі заклік Хрыста, але і мелі адвагу сказаць Яму «так». Гэта для нас, Касцёла на Віцебшчыне, вельмі вялікая радасць. І гэта знак таго, што Бог не пакідае кожнага верніка, які патрабуе Яго ласкаў, якія іншым чынам ні за якія грошы ці сувязі і іншыя крыніцы чалавек здабыць не можа, толькі атрымаць дарма ад Бога праз рукі, сэрца і голас святароў”, – сказаў біскуп, і звярнуўся да саміх маладых людзей.

“Праз атрыманне гэтага сакраманту вы павінны стаць бліжэйшымі да людзей, ісці да кожнага з іх. Вы ўваходзіце ў служэнне Хрыста, які “не прыйшоў каб Яму служылі, але каб служыць і аддаць жыццё для адкуплення многіх” — таксама біскуп папярэдзіў іх: “Гэта не будзе проста, сённяшні дзень – толькі адзін момант, толькі пачатак, наперадзе жыццё. Як і ў кожнага чалавека гэта жыццё будзе напоўнена выпрабаваннямі, цяжкасцямі, таму што свет заўсёды будзе прапаноўваць вам штосьці больш выгоднае, карыснае, прыемнае і калі вы згадзіцеся, яно прывядзе вас да вялікага расчаравання, таму што гэта – не ваша, гэта – не вы. Перасцерагаю вас сёння, бо зайшоўшы за гэтым далёка можна страціць дар Божага паклікання. Майце давер да Бога, без Яго чалавек не здольны вытрываць да канца ні ў якім пакліканні. Бярыце прыклад са святых і бласлаўлёных святароў, асабліва нашай зямлі. Будзьце прыкладам для вернікаў”, – сказаў ён. [3]

Пачаўся наступны этап абраду пасвячэння, падчас каторага кандыдаты да святарства выказалі сваё жаданне быць пасвечанымі ў стан прэзбітэраў. Пасля чаго кожны з іх уклаў свае рукі ў рукі біскупа і паабяцаў быць паслухмяным яму. А праз некалькі хвілін прагучала Літанія да ўсіх святых.

Біскуп усклаў рукі на кожнага з іх, затым тое ж самае зрабілі ўсе прысутныя святары. Цэлая чарга ксяндзоў выстраілася, каб ускласці на іх рукі і прыняць у прэзбітэрскую супольнасць. Так, як гэта адбывалася з вякоў і будзе далей адбывацца праз вякі.

Пасля гэтага біскуп заклікаў Духа Святога ў малітве над кандыдатамі, каб Ён даў ім моц здзяйсняць таямніцы і кіраваць Божым народам. Новавысвечаныя святары апранулі стулу і арнат і былі намашчаныя алеем на знак асаблівага ўдзелу ў святарстве Хрыста. З рук біскупа яны таксама атрымалі хлеб і віно і былі прывітаныя ім і ўсім прэзбітэрыем брацкімі абдымкамі.

[4]

У канцы св. Імшы кс. Антон і Андрэй звярнуліся з падзякамі да ўсіх, хто падтрымаў іх на шляху да святарства. Перш за ўсё яны падзякавалі сваім бацькам і пробашчам парафій, з якіх яны выйшлі, за падтрымку і добры прыклад. Таксама падзякавалі семінарыстам за братэрскую супольнасць, у якой яны жылі апошнія гады. Падзякавалі сваім прафесарам і рэктарам семінарыі. Падзякавалі біскупу Алегу за тое, што прыняў іх і ўдзяліў сакрамант святарства.

Пасля гэтага канцлер Віцебскай дыяцэзіі кс. кан. Віктар Місевіч перадаў святарам іх пасведчанне аб атрыманні сакрамэнта святарства і дазвол на здзяйсненне споведзі. Таксама кс. Віктар назваў месцы, куды будуць накіраваныя новавысвечаныя святары: кс. Антон Тышко прызначаны вікарыем у парафію св. Андрэя Баболі ў Полацку і парафію св. Язафата Кунцэвіча ў Рассонах, а кс. Андрэй Януль скіраваны вікарыем у парафію Святой Тройцы ў Глыбокім.

“Сёння мы сведкі вялікай радаснай падзеі. Хочацца быць сведкамі такіх падзей часцей, таму звяртаюся да маладых людзей, якія чуюць Божы голас. Будзьце адважнымі!” – сказаў біскуп Алег у канцы св. Імшы. Пасля гэтага ардынарый падзякаваў усім, хто далучыўся да арганізацыі ўрачыстасці, перш за ўсё кс. Валерыю Марціноўскаму і кс. Генадзію Рэйшэлю, хору і міністрантам. Таксама ён падзякаваў бацькам новых святароў і заахвоціў іх да яшчэ большай малітвы за сваіх сыноў.

Вялікі фотарэпартаж па спасылцы>> [5]

Лаліта Арлоўская, тэкст
Леанід Юрык, фота
Марына Сінкевіч, фота і відэа