[1]9 сакавіка 2023 года Служба папскіх літургічных цэлебрацый абнародавала праграму публічных набажэнстваў з удзелам Святога Айца ў бліжэйшыя тыдні.
У Пальмовую нядзелю, 2 красавіка, Папа прыме ўдзел у Імшы на плошчы святога Пятра, падчас якой адбудзецца працэсія з пальмовымі галінкамі.
Вялікі чацвер, 6 красавіка, распачнецца для Пантыфіка сустрэчай са святарамі на Эўхарыстыі ў ватыканскай базіліцы. Вечарам 7 красавіка там жа Папа Францішак будзе прысутнічаць на набажэнстве Вялікай пятніцы, пасля якога накіруецца ў рымскі Калізей для ўдзелу ў Крыжовым шляху.
У суботу, 8 красавіка, Святы Айцец правядзе Імшу Пасхальнай Вігіліі ў базіліцы святога Пятра. У Вялікдзень, 9 красавіка, ён узначаліць святочную Эўхарыстыю на ватыканскай плошчы, пасля якой, з цэнтральнай лоджыі галоўнага каталіцкага храма скіруе пасланне міру і ўдзеліць благаслаўленне Urbi et Orbi.
28-30 красавіка Папа Францішак будзе знаходзіцца з апостальскім візітам у Венгрыі.
Аляксандр Амяльчэня — беларуская рэдакцыя Vatican News [2]