27 сакавіка ў катэдральным касцёле Езуса Міласэрнага ў Віцебску біскуп Алег Буткевіч узначаліў святую Імшу Хрызма, падчас якой святары аднавілі свае абяцанні і былі асвечаны алей хворых і алей Хрызма. Біскуп маліўся ў інтэнцыі ўсёй Віцебскай дыяцэзіі, просячы аб ласцы еднасці і вытрываласці, асабліва для святароў.
Падчас казання іерарх звярнуў увагу на словы Хрыста: “сёння споўніліся гэтыя словы Пісання, якія вы чулі” (Лк 4, 21). Гэтыя словы кажуць пра намашчэнне і пасланніцтва Езуса: “абвяшчаць Добрую Навіну ўбогім … вызваленне палонным, сляпым вяртаць зрок, выпусціць спакутаваных на свабоду” (Лк 4, 18). Сучасныя экзэгеты падкрэсліваюць – сцвердзіў біскуп – што Езус Сам выбраў гэтае чытанне, бо ў гэтых словах Ён бачыў сваю ідэнтычнасть, тоеснасць, сваё пакліканне. І ў гэтых словах таксама заключана заданне, якое Езус усклаў на Сваіх апосталаў, якое і сёння ўскладае на сваіх святароў.
Таксама біскуп нагадаў, што сёння святары адновяць свае абяцанні, і заахвоціў іх усвядоміць наколькі шчыра яны прамовяць гэтыя словы. “З часам запал “першай Любові” пачынае астываць, таму мы павінны клапаціцца, каб не страціць яго. Як кажа Езус Хрыстус: “соль, якая страчвае свой смак, ні на што не прыдатная, толькі выкінуць яе на патаптанне людзям”. А калі свой “смак” страчвае святар, ён, замест таго каб весці чалавека да Бога, адштурхоўвае яго, таму лепш было такому святару не нарадзіцца” – перасцярог прысутных біскуп Алег.
“Апошнім вялікім святлом, які паказаў сутнасць святарства, быў ІІ Ватыканскі сабор. Ён, між іншым кажа, што сутнасцю святарства з’яўляецца ўвасабленне самога Хрыста і дзейнасць у Яго асобе, дзе Хрыстус з’яўляецца яго жывой рэчаіснасцю. Не святар прамаўляе словы кансэкрацыі ці разграшэння, праз яго прамаўляе Сам Езус Хрыстус. Але Хрыстус нікуды не знікае і па-за сакрамантамі, святар заўсёды застаецца Яго ўвасабленнем, Яго прыладай, Яго вобразам. Можна сказаць, што тоеснасць святара – з’яўляцца Хрыстом.
Найчасцей гэтыя рэчы здаюцца нам занадта містычнымі і замест таго, каб паглыбляцца ў таямніцы, мы саступаем. У гэтым барацьба кожнага святара: станавіцца меншым на карысць Хрыста, які павінен узрастаць. Каб перамагчы, мы ў гэтым патрабуем дапамогу сваёй уласнай напружанай працы па вяртанні, адкрыцці ў сабе гэтага Божага дару, і малітвы Касцёла. І ў гэтым змаганні ўсё ж мы павінны перамагчы, інакш быць не можа” – сцвердзіў іерарх.
Біскуп Алег нагадаў, што святар дадзены гэтаму свету каб чалавек памятаў, што жыццё не абмяжоўваецца толькі клопатам пра фізічны дабрабыт, што існуе яшчэ і духоўны свет. «Таму сёння мы павінны яшчэ раз адчуць адказнасць за словы Хрыста, якія спаўняюцца ў нас: “Дух Пана на Мне, Ён намасціў Мяне”, – звярнуўся да святароў біскуп.
Праз некалькі імгненняў святары ўрачыста аднавілі свае абяцанні, зноў выказваючы жаданне несці Хрыста іншым, пасля чаго біскуп Алег звярнуўся да свецкіх вернікаў заахвочваючы іх да малітвы за святароў. Таксама падчас св. Імшы былі асвечаны алей хворых і алей Хрызма.
Напрыканцы св. Імшы Пастыр дыяцэзіі падзякаваў усім прысутным і нагадаў, што касцёл Езуса Міласэрнага ў гэтым годзе з’яўляецца юбілейнай святыняй з нагоды 25-годдзя Віцебскай дыяцэзіі, таму кожны з прысутных можа атрымаць адпуст, памаліўшыся ў інтэнцыі Святога Айца.
Пасля гэтага сёстры павіншавалі біскупа і прысутных святароў, прамовіўшы малітву “Ойча наш” з асаблівымі каментарамі да кожнага з заклікаў. Таксама кожны святар атрымаў белую ружу – сімвал апекі Найсвяцейшай Панны Марыі.
Лаліта Арлоўская, тэкст
Марына Сінкевіч, Леанід Юрык, фота
