- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Віцебскаму “Карытас” – 20 гадоў!

[1]

15 сакавіка 2020 г. – асаблівая дата для Дабрачыннага каталіцкага таварыства “Карытас” Віцебскай дыяцэзіі. Менавіта ў гэты дзень яно адзначае юбілей – дваццаць гадоў існавання! У літургічным календары гэта таксама трэці тыдзень Вялікага Посту, дзень, калі ў парафіях Віцебшчыны збіраюцца ахвяраванні на дабрачынную дзейнасць нашай арганізацыі.

“Карытас” нясе дапамогу тым людзям, каму яна найбольш патрэбная, нягледзячы на расавую, нацыянальную ці рэлігійную прыналежнасць. Супрацоўнікі і валанцёры ў сваёй дзейнасці рэалізуюць наказ Хрыста любіць адно аднаго і быць міласэрнымі, як наш Бог.

Арганізацыя “Карытас” існуе ва ўсім каталіцкім свеце, але ў кожнай дыяцэзіі яна мае ўласныя адметныя рысы і кірункі дзейнасці, адпаведныя актуальным патрэбам пэўнай супольнасці. Па традыцыі хочацца расказаць чытачам пра праекты і акцыі, якія адбываліся ў “Карытас” Віцебскай дыяцэзіі на працягу года.

Цэнтр дзённага знаходжання для людзей з інваліднасцю дзейнічае пры “Карытас” Віцебскай дыяцэзіі з 2003 года. Кожны дзень, акрамя выхадных, маладыя людзі з інваліднасцю прыходзяць у цэнтр займацца рукадзеллем, творчасцю, музыкай, працуюць на камп’ютары, гатуюць смачныя стравы ды і проста сустракаюцца за кубачкам гарбаты. Цэнтру рэгулярна дапамагаюць валанцёры, якія таксама арганізуюць для наведвальнікаў святочныя імпрэзы. Падобныя асяродкі дзейнічаюць і пры парафіяльных арганізацыях “Карытас” у Мёрах і Глыбокім. На цяперашні момант цэнтры наведвае больш за 60 людзей з інваліднасцю. [2]

Студыя інклюзіўнага танца “ІМПЭТ” пры “Карытас” Віцебскай дыяцэзіі дзейнічае ўжо чацвёрты год. Яна аб’ядноўвае аматараў танца з інваліднасцю і без яе, на інвалідных вазках і на нагах, дзяцей і дарослых, якія танцуюць на роўных. Танцоры пад кіраўніцтвам харэографа Марыны Булатоўскай ахвотна прымаюць удзел у канцэртах, конкурсах і майстар-класах. За апошні год удзельнікі студыі шмат разоў выступалі ў Віцебску, Лепелі, Ушачах. “Карытас” таксама зладзіў інклюзіўны танцавальны фестываль у рамках V Парафіяды Віцебскай дыяцэзіі. У кастрычніку 2019 г. студыя “Імпэт” ужо трэці раз была прадстаўлена на Міжнародным дабрачынным танцавальным фестывалі “Вялікі кубак Inclusive dance” ў Маскве, прычым адразу дзвюмя інклюзіўнымі парамі танцораў, якія атрымалі ўзнагароды за артыстызм.  [3]

Праца з пажылымі і хворымі людзьмі. Дырэктар “Карытас” кс. Андрэй Аніскевіч з’яўляецца рэгулярным госцем на спатканнях для пажылых асоб пры катэдральнай парафіі ў Віцебску. Разам з групай верніц раз на месяц яны адведваюць сяброў у Варонаўскім доме-інтэрнаце. Кожны аўторак у капліцы ў Віцебскім абласным анкалагічным шпіталі кс. Андрэй адпраўляе Святую Імшу і спавядае хворых.

Дапамога абяздоленым. Віцебскі “Карытас” сумесна з еўрапейскім партнёрам з Лінца нясе дапамогу тым, каму яна асабліва патрэбная, у выглядзе прадуктаў харчавання, адзення, абутку, дроваў. Ад пачатку 2020 года на гэта было выдзелена 18 830 бел. руб.

Дапамога для Віцебскага гарадскога цэнтра часовага (начнога) знаходжання бяздомных асобаў. “Карытас-Віцебск” рэгулярна закупае прадукты харчавання (крупы, муку, цукар, кансервы, алей, макароны, печыва, гарбату) і сродкі гігіены для людзей без пэўнага месца жыхарства. На Вялікадзень і Божае Нараджэнне яны атрымліваюць ад “Карытас” святочныя падарункі. За апошні год дапамога склала каля 10 000 бел. руб. [4]

Дапамога дзецям разам з “Карытас-Прага”. Дзеці са шматдзетных, малазабяспечаных сем’яў і сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей з інваліднасцю, з розных раёнаў Віцебскай вобласці два разы на год атрымліваюць фінансавую дапамогу для набыцця адзення, абутку, школьных прыладаў ці для аплаты навучання ад дабрачынцаў “Карытас-Прага”. Для дзяцей таксама арганізоўваюцца святочныя мерапрыемствы. Летам 2019 года група з 50 чалавек падарожнічала ў Чэхію. На сённяшні дзень у праекце прымае ўдзел каля 500 дзяцей і іх сем’яў. [5]

Дапамога анкалагічна хворым дзецям. Пачынаючы з 2005 года, “Карытас” набывае імунна-пратэктарныя лекі для дзяцей, якія хварэюць на рак. Для іх таксама арганізуюцца святы на Дзень абароны дзіцяці, уручаюцца падарункі на Божае Нараджэнне. У снежні 2019 года было закуплена лекаў і падарункаў на суму 10 534 бел. руб. [6]

Інтэграцыйныя святліцы для дзяцей. У 2019 годзе пры падтрымцы “Карытас-Польшча” і праграмы “Польская дапамога Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Польшча” віцебскі “Карытас” адрамантаваў і адкрыў інтэграцыйныя святліцы для дзяцей пры парафіях Езуса Міласэрнага ў Віцебску, Святой Тройцы ў Глыбокім, Нараджэння НПМ у Браславе. Нагадаем, што першыя такія святліцы былі адкрытыя ў 2018 годзе ў Лепелі і Мёрах. Таксама ўжо трынаццаць гадоў дзейнічае святліца пры парафіі ў Лынтупах, якую падтрымлівае “Карытас” разам з замежнымі партнёрамі: Renovabis i Kindermission. У святліцах адбываюцца заняткі па катэхезе, кулінарыі, творчыя майстэрні. Дзеці і моладзь разам з выхавальнікамі рыхтуюць хатнія заданні, гуляюць, ладзяць святы. Дзякуючы “Карытас-Лінц” сёлета мы закупілі прадукты харчавання для забеспячэння дзейнасці кулінарных гурткоў на суму 10 821 бел. руб. У гэтым навучальным годзе святліцы наведваюць каля 260 дзяцей. [7]

Дапамога дзецям з каталіцкіх парафій Віцебскай дыяцэзіі. “Карытас-Віцебск” рэалізуе наступныя праекты для дзяцей:

Дыяцэзіяльны конкурс на веданне Святога Пісання ўпершыню адбыўся ў нашай дыяцэзіі ў 2019 годзе. У ім прыняло ўдзел 220 дзяцей з 26 парафій. Амаль усю арганізацыю ўзяў на сябе “Карытас-Віцебск”: падрыхтавана каля 300 пытанняў, уручана 65 падарункаў для фіналістаў і катэхетаў, выкарыстана праца 20 валанцёраў. Ужо хутка распачынаецца ІІ Дыяцэзіяльны конкурс 2020 г. на веданне Кнігі Зыходу. [9]

Кансультацыі каталіцкага псіхолага. Па ініцыятыве віцебскага “Карытас” псіхолаг Марына Ткач чатыры разы на месяц праводзіць бясплатныя сустрэчы і кансультацыі па сямейных пытаннях у сядзібе “Карытас”, а таксама ў розных парафіях нашай дыяцэзіі.

Дапамога дзяржаўным сацыяльным установам Віцебскай вобласці. У апошні час “Карытас” Віцебскай дыяцэзіі рэалізаваў наступныя праекты:

Акрамя галоўнай сядзібы “Карытас” у Віцебску, пры васьмі парафіях Віцебскай дыяцэзіі існуюць парафіяльныя арганізацыі “Карытас”: Святой Тройцы ў Глыбокім, Св. Андрэя ў Лынтупах, Св. Казіміра ў Лепелі, Перамянення Пана ў Чашніках, Сэрца Марыі ў Оршы, Унебаўшэсця НПМ у Мёрах, Нараджэння Маці Божай у Браславе, Езуса Міласэрнага ў Паставах.

У 2019 г. парафіяльны “Карытас” у Глыбокім чарговы раз праводзіў фестываль “Мы разам!”, які збірае маладых людзей з інваліднасцю з усёй Віцебшчыны.

Валанцёрскі рух “Карытас-Віцебск”. Дабрачынная праца не была б магчымая без валанцёраў. Гэта людзі рознага ўзросту, прафесіі і веравызнання, якія ахвяруюць свой час, здольнасці і адкрытае сэрца бліжнім. На дадзены момант у Віцебску ёсць трыццаць пастаянных валанцёраў “Карытас” (у тым ліку адзін доўгатэрміновы замежны валанцёр), якія:

Валанцёры дзейнічаюць таксама і пры парафіяльных арганізацыях “Карытас”, працуючы з дзецьмі, людзьмі з інваліднасцю, несучы дапамогу тым, каму яна патрэбная, на тэрыторыі парафіі. Мы таксама рады студэнтам, якія прымаюць удзел у разавых дабрачынных акцыях і інклюзіўных танцах. Адмыслова для валанцёраў арганізуюцца трэнінгі, семінары, паездкі.

“Карытас” Віцебскай дыяцэзіі шчыра дзякуе святарам, кансэкраваным асобам і ўсім вернікам, якія сваімі ахвяраваннямі і малітвамі падтрымліваюць нашу дабрачынную дзейнасць ужо на працягу дваццаці гадоў! Запрашаем сачыць за нашымі навінамі ў сацыяльных сетках:

Instagram: #caritasvitebsk

У Кантакце: https://vk.com/caritas.vitebsk [12]

а таксама на сайце caritas-vitebsk.by [13]

Нашы каардынаты: вул. Чкалава 52 к. 1, п/с 6, г. Віцебск 210041, тэл. +375 212 618822, +375 29 8369993, e-mail: caritas.vitebsk@mail.ru [14]