[1]У Нідэрландах, краіне з высокім узроўнем секулярызацыі, колькасць дарослых, якія прынялі сакрамант хросту або перайшлі ў каталіцызм, павялічылася амаль на 40% у 2024 годзе — з 455 да 630 чалавек.
Дадзеныя, апублікаваныя каталіцкім інстытутам касцельнай статыстыкі (Kaski), паказваюць, што гэта адна з нямногіх станоўчых тэндэнцый у Касцёле. Нягледзячы на гэта, агульная колькасць католікаў скарацілася да 3,4 мільёна чалавек, што складае 19,1% насельніцтва краіны.
Статыстычныя звесткі
Справаздача Kaski за верасень 2025 года, апублікаваная 4 лютага, уключае як хрост дарослых, так і тых, хто паходзіць з іншых хрысціянскіх супольнасцей. Больш за 500 чалавек прынялі сакрамант хросту, а больш за 100 далучыліся праз сакрамант канфірмацыі і Эўхарыстыю.
Такая ж тэндэнцыя назіраецца і ў іншых еўрапейскіх краінах, такіх як Францыя, Бельгія і Вялікабрытанія. Рэлігійны сацыёлаг Ёрыс Крэгцінг назваў гэта «яркім выключэннем» сярод зніжэння.
Кантрасныя зніжэнні
Колькасць ахрышчаных дзяцей рэзка знізілася — з 42 411 у 2000 годзе да 6 110 у 2024 годзе, што на 7% менш у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. Падобным чынам знізіліся паказчыкі першай Камуніі сярод дзяцей і сакраманта канфірмацыі (на 7% і 5%).
Рэлігійная практыка нізкая: у 2024 годзе толькі 2,7% католікаў наведвалі нядзельную святую Імшу ў параўнанні з 9,2% у 2000 годзе. 7% смерцяў склалі касцельныя пахаванні, але іх колькасць знізілася да 11 850.
Станоўчыя акцэнты і рэфлексія
Адзіным павелічэннем, акрамя навяртанняў, стала павелічэнне на 5,5% касцельных шлюбаў, прычым адна пятая з іх заключаецца паміж католікам і некатолікам.
У кантэксце секулярызацыі Нідэрландаў гэта павелічэнне колькасці дарослых, якія прыйшлі ў Каталіцкі Касцёл дае надзею, хоць статыстыка і надалей застаецца праблемай для біскупаў.
Можна сказаць, што вялікі адыход з Касцёла трывае і з’яўляецца працягам працэсаў, якія пачаліся шмат гадоў таму. Аднак мы таксама бачым новыя прыкметы запалу і гэта сярод людзей, для якіх рэлігія ўжо не з’яўляецца відавочным, магчыма, часам неяк неабдуманым, звычаем.
pl.aleteia.org [2]
Пераклад Марыны Ткач