- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Veni, Emmanuel! Гісторыя старажытнага гімну

[1]Адвэнт. Самы таямнічы перыяд літургічнага году, чаканне прыйсця Збаўцы, поўнае надзеі і адначасова напружання паміж “ужо” і “яшчэ не”. Гэты настрой дасканала адлюстроўвае сусветна вядомы гімн Veni, Emmanuel! (Прыйдзі, Эмануэль!) Ён цудоўным чынам выказвае сутнасць адвэнтавай літургіі, нашу тугу па Збавіцелю, заклікаючы: “Прыйдзі, Пане Езу! Veni! Maranatha!”

Паходжанне старажытнага гэтага гімну дакладна невядомае, але імаверна ён з’явіўся каля дванаццаці стагоддзяў таму. Тэкст гімну з’яўляецца перафразай сямі адмысловых антыфонаў да песні Марыі Magnificat, якія ўжываюцца ў адвэнтавых нешпарах (вечаровай малітве) рымска-каталіцкага абраду з 17 па 23 снежня. Пасля 1970 года антыфоны таксама сталі выкарыстоўвацца ў спевах перад Евангеллем (Аллелюя) падчас Літургіі Слова ў апошнія дні Адвэнту.

Антыфона (з грэч. “той, які туруе, гучыць у адказ”) — гэта рэфрэн, які выконваецца перад і пасля псальму ці спеву ў хрысціянскай літургіі. Назва паходзіць ад звычаю выканання літургічных тэкстаў на два хоры, папераменна. Так званыя “Вялікія Антыфоны” Адвэнту вядомыя таксама як Антыфоны “О”. Яны пачынаюцца з тужлівага выклічніка “О” і аднаго з тытулаў Збавіцеля: O Sapientia, O Adonai, O Radix Jesse, O Clavis David, O Oriens, O Rex Gentium, O Emmanuel. (О Мудрасць, О Аданай (Госпад), О Корань Эсея, О Ключ Давідаў, О Усход, О Валадар Народаў, О Эмануэль). Адвэнтавае чаканне дасягае ў іх свайго піку. Цікава, што першыя літары тытулаў Езуса Хрыста, калі чытаць на лацінскай мове ад канца да пачатку, ствараюць акраверш ERO CRAS, што азначае “Я буду (прыйду) заўтра”. Пан Езус, да прыйсця Якога мы рыхтуемся ў Адвэнце і да Якога звяртаемся ў Вялікіх Антыфонах, цяпер ужо запэўнівае нас, што хутка прыйдзе. Такім чынам, Антыфоны “О” не толькі прыўносяць інтэнсіўнасць у нашу адвэнтавую падрыхтоўку, але і вядуць яе да радаснага завяршэння.

Кожны з тытулаў Езуса адносіцца да прароцтваў Ісаі аб прыйсці Месіі.

У гімне Veni, Emmanuel! перафразаваныя антыфоны пераплятаюцца з рэфрэнам-заклікам: «Gaude, gaude, Emmanuel nascetur pro te, Israel!» («Радуйся, радуйся, Эмануэль народзіцца для цябе, Ізраэль!») Хаця, трэбы заўважыць, што ў беларускім тэксце гімну рэфрэн гучыць інакш.

Варта не забывацца пра нашу хрысціянскую спадчыну і ўпрыгожваць адвэнтавую літургію гэтым цудоўным і напоўненым глыбокім сэнасам спевам. Ніжэй вашай увазе прапануецца беларуская версія гімну ў выкананні хору “GLORIA” і ансамбля Архкатэдральнага касцёла Найсвяцейшага Імя Панны Марыі ў Мінску.

1. Прыйдзі, прыйдзі, Эмануэль,
з няволі вызваль Ізраэль.
Ў зямным выгнанні стогне Ён,
чакае Бога – Сына дзён.
Хвала, хвала! Эмануэль
прыходзіць збавіць Ізраэль!

2. О Мудрасць вечная, прыйдзі
і розумам нас надзялі.
Лагодна ўсім кіруеш Ты,
бязмежны Творца, Бог Святы.

3. Прыйдзі, прыйдзі, о Аданай,
Ты верным на гары Сінай
у велічы сваёй хвалы
навекі даў закон святы.

4. Эсея парастак, прыйдзі,
народ з няволі выведзі.
З прадоння пекла, з д’ябла рук,
Ты, Божа, вызваль верных слуг.

5. О Ключ Давіда, адамкні
нябёсаў брамы ў вышыні.
Да неба простым шлях чыні,
дарогу ў пекла зачыні.

6. Прыйдзі, прыйдзі, о наш Усход,
узрадуй верны свой народ.
Начныя хмары разгані
і цемру ночы асвятлі.

7. Народаў Валадар, прыйдзі,
Цябе ўсе шчыра прагнем мы.
Збаўлення прагнем, нас злучы
з сабою, Камень вуглавы.

Выкананне гімну на лацінскай мове.

Cучасная апрацоўка гімну ў выкананні дуэту The Piano Guys.

с. Дар’я Галубкова OV