- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Венесуэла: польскія айцы палатыны выйшлі на вуліцы, разбураныя землятрусам, з Найсвяцейшым Сакрамантам, каб даць надзею

[1]Пасля землятрусу ў Венесуэле польскія айцы палатыны ў Гуарэнасе выйшлі на вуліцы сваёй парафіі з Найсвяцейшым Сакрамантам. Айцец Давід Дзедзіч SAC, распавядае пра іх «прагулку з Богам», падчас якой жыхары выходзілі са сваіх дамоў у слязах, а дзеці заклікалі разам маліцца аб тым, каб землятрус не паўтарыўся.

Прагулка з Богам

Гуарэнас — горад размешчаны недалёка ад Каракаса, дзе нясуць служэнне айцы палатыны. У першыя дні пасля трагедыі парафія аказвала экстранную дапамогу тым, хто не мог вярнуцца дадому. Сёння пацярпелыя, у якіх ёсць такая магчымасць, вяртаюцца ў свае дамы, а для астатніх ствараюцца цэнтры дапамогі.

У гэтай сітуацыі айцы палатыны працягваюць аказваць духоўную падтрымку. Айцец Давід Дзедзіч SAC і яго парафіяне прайшлі па вуліцах Гуарэнаса з Найсвяцейшым Сакрамантам. «Гэта была, як мы гэта называем, прагулка з Богам у Найсвяцейшым Сакраманце», — апісвае місіянер.

Людзі выйшлі на вуліцы

Як кажа айцец Давід, «прагулка» па тэрыторыі парафіі з Найсвяцейшым Сакрамантам была адказам на страх, які ўсё яшчэ жыве ў сэрцах жыхароў пасля землятрусу.

«Наш добры Бог дасягнуў многіх месцаў у нашай парафіі, многіх куткоў, раёнаў. Мы бачылі, як людзі выходзяць на вуліцы і чакаюць той самай надзеі, якой ёсць Езус», — кажа айцец.

[2]

Асабліва кранальным былі паводзіны самых маленькіх. «Прыгожае сведчанне дзяцей, якія крычалі адзін аднаму: «Прыходзьце, прыходзьце, мы будзем маліцца разам, каб землятрус не вярнуўся да нас», — распавядае айцец Дзедзіч.

Айцец Давід падкрэслівае, што для многіх жыхароў малітва на вуліцах была досведам блізкасці да Бога і надзеі ў час страху і нявызначанасці. «Іншыя выходзілі са слязамі на вачах, просячы ў Бога падтрымкі ў гэтыя цяжкія хвіліны», — паведаміў святар.

Цэнтры дапамогі

Сталіца Венесуэлы і яе навакольныя раёны ўсё яшчэ змагаюцца з наступствамі разбуральнага землятрусу. Колькасць ахвяр працягвае расці, набліжаючыся да 3 тысяч. Лёс прыблізна 50 тысяч чалавек застаецца невядомым. Мільёны жыхароў маюць патрэбу ў неадкладнай дапамозе.

Паводле слоў айца Давіда Дзедзіча SAC, у Гуарэнас зараз ствараюцца цэнтры для пацярпелых. Два з пяці ўжо падрыхтаваны. айцы палатыны таксама разглядаюць магчымасць падтрымкі Хункіта, размешчанага над Каракасам, дзе патрэбы таксама вялікія.

Дапамога ў Венесуэлу таксама паступае з Польшчы. На сённяшні дзень Caritas Польшча ахвяраваў адзін мільён злотых на выратаванне жыцця і падтрымку працы Caritas Венесуэла.

misyjne.pl [3]
Пераклад Марыны Ткач