- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Ватыкан заклікае свет да абароны дзяцей

[1]

Папа Францішак з дзецьмі перад адкрыццём саміта. Фота Vaticannews.va

2 і 3 лютага ў Ватыкане прайшоў саміт па правах дзяцей пад назвай “Любім і абараняем дзяцей”. Ён стаў часткай падрыхтоўкі да Другога Сусветнага дня дзяцей, які пройдзе ў верасні 2026 года. Першы такі дзень быў праведзены ў Рыме ў маі 2024 года.

У саміце ўзялі ўдзел лаўрэаты Нобелеўскай прэміі, прафесары, пісьменнікі, эканамісты, рэлігійныя і палітычныя дзеячы, кіраўнікі міжнародных арганізацый. Сярод іх – каралева Іарданіі, былы віцэ-прэзідэнт ЗША, былая прэзідэнт Інданезіі, Вялікі імам мусульманскага ўніверсітэту ў Каіры, былы старшыня Еўрапейскага цэнтральнага банка, старшыні Міжнароднага алімпійскага камітэта, Інтэрпалу ды іншыя.

Як адзначылі на саміце, у 2025 годзе 213 мільёнаў дзяцей у 146 краінах маюць патрэбу ў гуманітарнай дапамозе.

Каля мільярда дзяцей жыве ў краінах з высокай рызыкай уплыву кліматычных зменаў, каля 100 мільёнаў не маюць дома, каля 150 мільёнаў – доступу да адукацыі і медыцынскай дапамогі, а 170 мільёнаў з’яўляюцца ахвярамі прымусовай працы, гандлю людзьмі, жорсткага абыходжання і эксплуатацыі, у тым ліку прымусовых шлюбаў. 473 мільёны дзяцей закранутыя канфліктамі, а 50 мільёнаў пакінулі дамы з прычыны канфліктаў, гвалту і прыродных катастроф.

Клапаціцца пра ўсіх дзяцей, незалежна ад паходжання і рэлігіі

Не забываць пра пакуты дзяцей, незалежна ад іх паходжання і веравызнання, заклікала італьянскі сенатар Ліліяна Сегрэ: “Калі б мы падтрымлівалі толькі некаторых дзяцей, забываючы пра іншых, мы б здрадзілі ім”. А прэзідэнт Форума сямейных асацыяцый Адрыяна Бардзіньён звярнуў увагу на дэмаграфічны крызіс і неабходнасць абароны дзяцей ад небяспек лічбавага свету, заклікаў да стварэння комплекснай сістэмы падтрымкі семʼяў.

Былы віцэ-прэзідэнт ЗША Эл Гор заклікаў да глыбокіх змен у эканамічных і палітычных сістэмах, каб паставіць у цэнтр экалагічную і сацыяльную справядлівасць. А італьянскі экс-прэмʼер Марыа Драгі падкрэсліў ключавую ролю ў абароне дзяцей адукацыі.

Вялікі канцлер Мальтыйскага ордэна Рыкарда Патэрно дзі Мантэкупа распавёў пра дастаўку Ордэнам 300 тон харчовай дапамогі ў Газу і працу лякарні ў Бэтлееме.

А міністр замежных спраў Італіі Антоніа Таяні расказаў пра перавозку ў яго краіну 30 хворых на рак дзяцей з Газы і праграму Food for Gaza. Ён падкрэсліў важнасць пераўтварэння Міжземнага мора з «могілак нявінных» у «мора міру».

Важным аспектам саміту стала абмеркаванне права дзяцей на доступ да рэсурсаў, адукацыі, харчавання, медыцынскай дапамогі і сямʼі. Асаблівую ўвагу ўдзельнікі надалі праву на вольны час. “Любоў і абарона дзяцей павінны стаць катэгарычным імператывам, які мусіць атрымаць аднадушную згоду і прывесці да сумеснага дзейснага абавязацельства”, – падкрэсліў кардынал-дзяржсакратар Ватыкана Пʼетра Паралін.

Ён нагадаў заклік Езуса “захаваць чысты погляд дзяцей” і “не спакушаць іх”. Ды падкрэсліў, што Касцёл працягвае гэтую місію, нягледзячы на “недахопы і слабасці некаторых сваіх чальцоў”. Паводле яго, сучасная эпоха “паказвае нам рэальнасць, у якой не хапае любові і абароны самых маленькіх. Мы становімся сведкамі войнаў, якія прыносяць тысячы маленькіх і безабаронных ахвяр, а таксама трагедый з мігрантамі ў нашых морах, сярод якіх нямала дзяцей”, – падкрэсліў кардынал.

Нішто не вартае жыцця дзіцяці

Выступіў на саміце і Папа Францішак. Ён назваў недапушчальным, каб дзеці гінулі пад бомбамі, прыносіліся ў ахвяру бажкам улады, ідэалогій і нацыяналістычных інтарэсаў. “Нішто не вартае жыцця дзіцяці. Забіваць малых – значыць перакрэсліваць будучыню”, – сцвердзіў Святы Айцец. Папа заклікаў чалавецтва звярнуць увагу на “складаныя перыферыі”, пазначаныя беднасцю, вайной, недахопам адукаванасці, несправядлівасцю і эксплуатацыяй. Ён заахвоціў не пакідаць на волю лёсу дзяцей, якія жывуць у такіх умовах, падлеткаў, якія пакутуюць ад дэпрэсіі ці сталі на шлях агрэсіі і самазнішчэння. Паводле яго, сумна і трывожна, калі маладыя людзі, якія павінны быць знакам надзеі на будучыню, глядзяць у заўтрашні дзень “прыгнечаныя адсутнасцю працы і магчымасцей, што забівае мары”. Пантыфік адзначыў, што гэта датычыць і развітых краін.

Папа заявіў, што дзеці пакутуюць ад шматлікіх праяў “глабальнага маральнага крызісу”, эканамічнай несправядлівасці, войнаў, адсутнасці належнай медыцынскай дапамогі і школьнай адукацыі. Ватыканскі саміт па правах дзяцей ён назваў адной з магчымасцей не паддавацца прызвычаенню да такіх трагедый і стымулам для таго, каб аднавіць “самае высакароднае, што ёсць у чалавечым сэрцы: літасць і міласэрнасць”.

Паводле пантыфіка, “слуханне дзяцей, якія сёння жывуць ва ўмовах гвалту, эксплуатацыі ці несправядлівасці, спрыяе ўмацаванню нашага адмаўлення вайны, культуры адчужэння і нажывы, у якой усё купляецца і прадаецца без павагі і клопату пра жыццё, асабліва пра малое і безабароннае”. Пры гэтым ён згадаў і праблему абортаў – “забойчую практыку, якая знішчае крыніцу надзеі для ўсяго грамадства”.

Папа Францішак таксама зачытаў урывак з ліста, якія напісалі яму ад імя дзяцей з усяго свету. Маленькія аўтары адзначылі, што “хацелі б бачыць свет больш справядлівым, без падзелу на народы, на багатых і бедных, на старых і маладых. Свет, які б стаў чысцейшым, дзе не знішчаліся б лясы, не забруджвалася б мора і не забівалася б жывёла”. Каб гэта быў “свет, дзе ўсе дзеці (абсалютна ўсе!) могуць добра расці, вучыцца, гуляць і жыць у міры”.

Пасля заканчэння саміту Папа Францішак абвясціў пра падрыхтоўку новай апостальскай адгартацыі, прысвечанай дзецям, “якія, на вялікі жаль, часта пакутуюць ад гвалту, эксплуатацыі і адмаўлення іх правоў”. Святы Айцец падкрэсліў, што на саміце ў тэматычных групах былі распрацаваныя розныя прапановы па абароне правоў дзяцей. А апостальская адгартацыя, паводле яго, мусіць замацаваць гэта і спрыяць іх распаўсюджванню ва ўсім Касцёле. Адгартацыя мусіла стаць першым папскім дакументам такога ўзроўню, цалкам прысвечаным дзяцінству і правам дзяцей. Праўда, цяпер яе падрыхтоўка пад пытаннем з прычыны кепскага здароўя Папы.

Мечыслаў Гапановіч