Пасля 48 гадоў працы ў Ватыкане на пенсію выйшаў Франчэска Сфорца – галоўны папскі фатограф. За амаль паўстагоддзя ён працаваў побач з шасцю Папамі – ад Паўла VI да Льва XIV. Новым кіраўніком ватыканскай фотаслужбы стаў Сымонэ Рызалуцы.
“Дзе быў Папа, там быў і ён. Заўсёды перад ім. Сціплы, ціхі, усмешлівы, часта спяшаўся. Стараўся не кідацца ў вочы. Але быў прысутны. Заўсёды быў. І немагчыма было яго не заўважыць. Там, дзе з’яўляўся ён, можна было быць упэўненым: праз хвіліну з’явіцца Папа”, — адзначыў прэфект Дыкастэрыі па камунікацыі Паола Руфіні.
Сфорца пачаў працу ў групе афіцыйных папскіх фатографаў як асістэнт легендарнага Артура Мары, які дакументаваў гісторыю пантыфікатаў ад Пія XII да Бэнэдыкта XVI. У 2007 годзе Мары выйшаў на пенсію, і кіраўніцтва ватыканскай фотаслужбай пераняў яго памочнік.
Здымкі Франчэска Сфорцы публікаваліся ў СМІ па ўсім свеце і сталі часткай візуальнай гісторыі Апостальскай Сталіцы: ад папскіх пілігрымак і аўдыенцый да сустрэч з вернікамі і дзяржаўнымі лідарамі.
“Сёння, калі Франчэска выходзіць на пенсію, думаю, што ўсе мы павінны сказаць яму “дзякуй”. Дзякуем табе, Франчэска, за кожны здымак, за кожнае імгненне, спыненае ў аб’ектыве, за твае нямногія словы і шчырыя ўсмешкі. За тое, што ты паказаў, што добрая камунікацыя – гэта не тая, што робіць шум, а тая, што ўмее заўважыць – нават у маўчанні – сэнс гісторыі і веліч веры. Дзякуем, што ты навучыў свет бачыць прыгажосць Касцёла, яго міласэрнасць і надзею. Дзякуем за кожны кадр, які стаў малітвай”, — падкрэсліў прэфект Дыкастэрыі па камунікацыі.
Аляксандр Панчанка, беларуская рэдакцыя [5] Vatican News



