- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Ва ўрачыстасць святога Язафата ў Мёрах ушанавалі яго рэліквіі

[1]12 лістапада ў гонар св. Язафата Кунцэвіча, біскупа і мучаніка, галоўнага апекуна Віцебскай дыяцэзіі і парафіі ў Мёрах святочную Эўхарыстыю ўзначаліў ксёндз Віктар Сініцкі SCJ, пробашч парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Шаркаўшчыне.

Сярод прысутных святароў на ўрачыстасці былі кс. Уладзіслаў Шарковіч, пробашч парафіі Святых Апосталаў Пятра і Паўла ў Дрысвятах і кс.Іван Кароткін, пробашч парафіі Святога Міхала Арханёла ў Лужках.

На пачатку Літургіі ўсіх прысутных прывітаў пробашч парафіі кс. Андрэй Кулік. Святар заахвоціў вернікаў да супольнай малітвы праз заступніцтва святога Язафата.

[2]

Гамілію прамовіў ксёндз Віктар Сініцкі SCJ, які коратка ўзгадаў біяграфію святога, прадкрэсліўшы, што сваё святарскае і біскупскае служэнне Язафат Кунцэвіч бачыў у дапамозе бедным, у павышэнне адукацыі святароў, а самае галоўнае — у неабходнасці дапамагчы вернікам дасягнуць Валадарства Божага. Ён лічыў, што гэта магчыма рэалізаваць толькі ў Каталіцкім Касцёле, таму выступаў за ўнію і адзінства хрысціянаў. Не ўсе згаджаліся з такой пазіцыяй біскупа і, нават, актыўна выступалі супраць. Падчас аднаго з інцыдэнтаў, Язафат Кунцэвіч быў гвалтоўна забіты. Біскуп ахвяраваў сваё жыццё за веру, за сваю аўчарню, да якой прамаўляў.

Завяршаючы прамову, ксёндз Віктар прапанаваў задумацца над тым, якая наша вера, з якімі інтэнцыямі мы прыйшлі на святую Імшу і якую ахвяру складзём сёння на алтар? Святар заахвоціў маліцца да Пана Бога праз заступніцтва святога Язафата, каб мы сапраўды паверылі, што Езус прыходзіць да нас у постаці Хлеба падчас святой Камуніі, каб паказаць нам дарогу збаўлення.

[3]

Напрыканцы святой Імшы, пасля праспяванага гімна Te Deum — «Цябе, Бога, праслаўляем» — ахвотныя мелі магчымаць ушанаваць рэліквіі святога Язафата Кунцэвіча.

[4]

На заканчэнне свята парафіяльны хор, які сваімі спевамі ўпрыгожваў Эўхарыстыю, выканаў песню на словы Браніслава Мароза «Святы Язафат».

Жанна Закрэўская, kascelmery.by [5]