- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

“Узяць на калені”. Як не змарнаваць жыццёвае пакліканне дзіцяці

[1]

Перажыванні і радасці маці святара такія ж, як і ў іншых бацькоў

Дзіця – гэта, бадай, самы вялікі дар, які можа атрымаць чалавек. Аднак бацькі часам забываюць, што сын ці дачка – гэта не ўласнасць, але вольная, свабодная асоба. І задача мамы і таты паклапаціцца, каб такую свабоду ў дзіцяці не адняць.

Калі справа датычыць паклікання да святарскага ці манаскага жыцця, працуе тое ж самае правіла. Прымушаць ісці ў семінарыю або адгаворваць ад кляштара – дзве крайнасці, якія сустракаюцца ў сем’ях, але не дапамагаюць дзіцяці. І толькі захаванне яго асабістай прасторы паспрыяе агульнаму дабру.

Не спантаннасць, але сталасць

“Мне падаецца, што да выхавання, я вельмі прагрэсіўны чалавек. Заўсёды лічыла: дзіця павінна шукаць свой жыццёвы шлях самастойна. А калі яму спатрэбіцца мая парада, то я заўсёды гатовая яе даць, – распавядае спадарыня Ірына*, маці кс. Аляксандра Жарнасека МІС. – Я не ўяўляла сабе яго будучыню, а проста назірала за сынам і давала яму поўную свабоду. Нават калі адправіла Сашу ў мастацкую школу, то не дзеля таго, каб ён стаў мастаком, але каб у яго выпрацаваўся густ, з’явілася творчае разуменне”.

Скончыўшы 8 класаў сярэдняй школы, Аляксандр вырашыў, што хоча больш сур’ёзна займацца мастацтвам – паступіць у адпаведную вучэльню на разьбяра па дрэве. “Не тое, каб я была супраць яго жадання, але мне падавалася, што, калі ён скончыць старэйшыя класы, пабудзе пару гадоў у сям’і, то яго выбар пасталее. Я яму гэта растлумачыла, сын падумаў і пагадзіўся”, – узгадвае жанчына.

Пасля Аляксандр быў удзячны маці за падказку. Калі ён умацаваў сваё стаўленне да жыцця, то ўжо было прасцей вызначыць далейшы лёс.

“Памятаю, мы вярталіся з пілігрымкі, калі ён сказаў: Пайду ў семінарыю”… Я не надта сур’ёзна ўспрыняла гэтую заяву, адказаўшы: Ну, мастаком ужо пабыў, цяпер пабудзь ксяндзом”. Аднак, памятаючы ягоныя словы, я бачыла, што гэтае насенне пакрысе прарастае…”, – дзеліцца спадарыня Ірына.

Быць побач у выбары

Жанчына прызнаецца, што калі сын ужо збіраўся ў Гродзенскую семінарыю, яна, нічога не сказаўшы, паехала туды, каб зрабіць некалькі матэрыялаў для часопіса і заадно “зірнуць бліжэй на гэтую асаблівую ўстанову”. “Мяне тады зачапілі словы аднаго выкладчыка: Вялікая памылка бацькоў, якія, адправіўшы дзіця вучыцца, працягваюць яго кантраляваць. Калі чалавек паслухаўся Божага закліку, дайце свабоду яму і тым людзям, якіх Госпад вызначыў на яго далейшым шляху»”, – узгадвае верніца.

Адвучыўшыся два гады ў семінарыі, Аляксандр далучыўся да ордэна айцоў-марыянаў у Польшчы. На працягу ўсяго часу пошукаў сябе і Бога ягоная маці была побач з падтрымкай. “Мы разам перажывалі яго духоўныя крызісы. Я ў сваю чаргу абмяркоўвала са святарамі, ці варта яму прымаць тое ці іншае рашэнне. Пыталася, ці не шкадуе, ці радуецца свайму выбару. У выніку святарскае пасвячэнне ён прымаў як упэўнены ў шляху і шчаслівы чалавек. І я адчувала сябе падобным чынам”, – распавядае маці святара.

[2]

Спадарыня Ірына з сынам падчас яго прыміцыйнай св. Імшы

“Заедзе да нас – ужо раскоша”

Калі асоба прысвячае сябе служэнню Богу, зразумела, стыль яе штодзённасці змяняецца. Аднак гэта не азначае, што яна цалкам выпадае з жыцця людзей, якія гэтага чалавека любяць. “Падчас навучання сына ў Польшчы інтэрнэту яшчэ не было, і ён часта пісаў лісты, якія я дагэтуль захоўваю. Для яго існуе не толькі служэнне, але ёсць і мы. Ён заўсёды моліцца за нас, пры патрэбе – прыязджае. Мы дзелімся з ім нягодамі, раімся. Разам з тым я разумею, што ў сына шмат сваіх спраў, і стараюся лішні раз не дакучаць. Але я ўпэўненая, што так трэба паводзіць сябе з усімі дзецьмі”, – разважае спадарыня Ірына.

Разам з тым жанчына падкрэслівае, што з вялікай пашанай ставіцца да чыну святарства і не траціць павагі да ксяндза, нават калі ён перажывае складаныя часы. “Гэта абраны Богам чалавек, які атрымаў ад Яго місію. Таму і кантакты са святаром, нават калі гэта блізкая асоба, павінны крыху змяняцца. Нельга дапускаць нейкага несур’ёзнага стаўлення ці, напрыклад, адпускаць непатрэбныя жарты”, – мяркуе наша суразмоўніца.

Што палохае?

Здараецца, што бацькі супраць таго, каб дзіця пайшло ў кляштар ці семінарыю, нават калі сям’я – гэта вернікі-практыкі. Пры гэтым найбольш распаўсюджаны страх мамы і таты – шлюбы чысціні і цэлібат, інакш, бясшлюбнасць дзіцяці.

[3]

У юнацтве кс. Аляксандр дапамагаў маці афармляць ілюстрацыямі дзіцячую старонку ў часопісе «Аve Maria». У дарослым жыцці пераняў яе пісьменніцкі талент

“Мне падаецца, за гэтым страхам крыецца перш за ўсё жаданне аблегчыць жыццё роднаму чалавеку. Каб знайшоў пару, бо так прасцей. Але ці сапраўды будзе прасцей, калі чалавек змарнуе сваё пакліканне? Ці не будзе шкадаваць, што бацькі ўмяшаліся, і ён іх паслухаў? Калі Святы Дух кліча чалавека, трэба гэта паважаць. Супрацоўнічаць з дарам Боязі Божай – не перашкаджаць ні сабе, ні іншаму чалавеку, каб рэалізаваўся Божы план, – сцвярджае спадарыня Ірына. – Калі вашае дзіця адчула пакліканне да служэння, прыміце гэта. Не з гонарам, але з радасцю. І дапамажыце, перш за ўсё, малітвай. Я за свайго сына малілася ад самага пачатку, перадусім пра тое, каб ён не памыліўся ў выбары”.

Ангеліна Марцішэўская

*Ірына Жарнасек – пісьменніца, рэдактар часопіса “Маленькі рыцар Беззаганнай”