[1]З 24 па 26 ліпеня ў Навагрудку адбыўся агульнабеларускі малітоўны семінар для служыцеляў евангелізацыйнага Альфа-курса. На сустрэчу, якая праходзіла пры парафіі святога Арханёла Міхала, з’ехаліся служыцелі з Мінска, Гродна, Ваўкавыска, Дзятлава і самога Навагрудка.
У пятніцу ўдзельнікі сабраліся на рэгістрацыю, а вечар быў прысвечаны знаёмству і супольнай малітве. Па ініцыятыве самых служыцеляў адбылася ўсёночная адарацыя Найсвяцейшага Сакраманту ў інтэнцыі Божага дабраслаўлення на Новую Евангелізацыю Беларусі.
Суботні дзень пачаўся з агульнай ранішняй малітвы. Падчас уступнай канферэнцыі прысвечанай служэнню служэнню, доктарам пастаральнага багаслоўя, кс. Юрыем Жэгарынам былі прадстаўлены матэрыялы для далейшай фармацыі служыцеляў і акрэслены асноўныя накірункі працы. Затым запрошаны спікер Том Майлз, які злучыўся з ўдзельнікамі з Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі, распавёў пра развіццё міжнароднай Альфы.
Цэнтральнай падзеяй дня стала святая Імша, якую ўзначаліў біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй. Падчас суботняй Эўхарыстыі, якая супала з святам святога Якуба Апостала, біскуп звярнуўся да служыцеляў з натхняльным словам: “Бог не адкрывае чалавеку адразу ўсяго шляху. Ён просіць толькі аднаго – зрабіць першы крок. Так было з Абрагамам. Так было з Майсеем. Так было з Апосталамі. Так адбываецца і сёння.”
Іерарх падкрэсліў, што галоўная мэта курса Альфа – не проста перадаць веды, а дапамагчы чалавеку зрабіць першы свядомы крок насустрач Богу. “Мы не з’яўляемся ўладальнікамі Божай ласкі. Мы не суддзі чалавечых сэрцаў. Мы не гаспадары Божага Валадарства. Мы толькі супрацоўнікі Хрыста. Мы толькі тыя, хто адкрывае дзверы, праз якія чалавек можа сустрэцца з Богам.”
Біскуп нагадаў словы апостала Паўла: “Мы маем скарб у гліняных пасудзінах, каб веліч моцы была Божая, а не паходзіла ад нас” – і заклікаў служыцеляў да пакоры: “Пакора гэта не прыніжэнне сябе. Пакора гэта праўда пра тое, што ўсё добрае, што адбываецца праз наша служэнне, нараджаецца дзякуючы дзеянню Святога Духа.”
У канцы біскуп заклікаў прыклад святога Якуба, які, пачуўшы пакліканне Хрыста, пакінуў усё і пайшоў за Ім, нават не ведаючы, куды гэты шлях яго завядзе:“Няхай святы Якуб, які першым з апосталаў аддаў жыццё за Хрыста, будзе для нас прыкладам адвагі зрабіць першы крок. І няхай Дух Святы так дзейнічае праз кожнага, хто ўдзельнічае і служыць на Альфа-курсе, каб праз іх адкрытасць, шчырасць, сведчанне і любоў многія людзі зрабілі свой першы крок насустрач Богу і ўжо ніколі не спыніліся на гэтым шляху.”
Пасля літургіі іерарх адказаў на пытанні служыцеляў падчас дыялогу ў фармаце “пытанне-адказ”, які быў прысвечаны ролі свецкіх у Касцёле.
У другой палове дня адбыліся прэзентацыя дзейнасці служыцеляў з Мінска і трэнінг “Навыкі хрысціянскай камунікацыі”. Вечар завяршыла адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту і заступніцкая малітва.
Нядзельная раніца распачалася супольнай малітвай сведчаннямі супольна перажытага часу і падвядзеннем вынікаў сустрэчы.
Семінар стаў часам духоўнага аднаўлення, знаёмству служыцейляў і абмену вопытам для ўсіх, хто нясе служэнне праз евангелізацыйны курс Альфа ў парафіях Беларусі.





