[1]20 жніўня ў гродзенскім касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панны Марыі (пабрыгіцкі) сястра Кацярына Шэнда з Кангрэгацыі Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта прынесла вечныя манаскія абяцанні падчас Імшы, якую цэлебраваў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, паведамляе grodnensis.by [2].
Сястра Марыя Кацярына, адказваючы на пытанні біскупа, абяцала яшчэ больш дасканала прысвяціць сябе Богу, з дапамогай Яго ласкі прыняць і заўсёды захоўваць той спосаб жыцця ў дасканалай чыстасці, паслухмянасці і ўбостве, які абралі сабе Хрыстус Пан і Яго Маці.
Ва ўрачыстай падзеі прынялі ўдзел святары, сёстры законныя, якія служаць у Беларусі, найбліжэйшыя родныя i сябры с. Кацярыны.
Як знешні знак вечнага пасвячэння сястра атрымала пярсцёнак са словамі па-лацінску: “Мой каханы мой, а я Ягоная”, якія нагадваюць пра запавет, заключаны з Богам.
Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне пажадаў сястры Кацярыне кожны дзень узрастаць у святасці, да якой запрашае ўсіх людзей сам Езус Хрыстус.
На заканчэнне манахіня, перапоўненая радасцю, падзякавала Богу за гэты цудоўны дзень, які ўключыў яе ў паўнаце ў Кангрэгацыю Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта, дзе яна будзе падзяляць з гэтай законнай сям’ёй усё, што Пан падрыхтаваў для яе ў сваёй адвечнай любові.