- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Урачыстасць Найсвяцейшай Тройцы ў Лепелі

[1]Апошні майскі дзень дыхае цёплым водарам бэзу, і гэты водар, мяккі і амаль нябачны, нібы сплецены з сонечнай цеплыні і свежай азёрнай прахалоды, павольна разыходзіцца над Лепелем. Горад у нядзелю выглядае асабліва светлым і святочным.

У зялёныя алеі гарадскога парку сёння разліваецца дзіцячы смех, бо менавіта тут у Лепелі адзначаецца Сусветны дзень абароны дзіцяці. Над гэтым светлым абуджэннем узвышаецца касцёл Святога Казіміра – як знак веры, як месца, дзе штодня ўспамінаюцца словы Хрыста: “Пусціце дзяцей і не перашкаджайце ім прыходзіць да Мяне, бо іх ёсць Валадарства Нябеснае”.

Нядзеля 31 мая сабрала лепельскіх парафіян, каб разам увайсці ў таямніцу, якая не паддаецца поўнаму чалавечаму разуменню, але спрадвеку асвятляе шлях пакаленняў. У гэты дзень Касцёл адзначае ўрачыстасць Найсвяцейшай Тройцы – свята, якое гаворыць пра бясконцую еднасць, пра гармонію быцця, пра любоў, што не распадаецца і не згасае. Гэта не проста адзін з дней касцёльнага календара. Гэта асаблівы момант, калі вернік адчувае: у аснове свету ляжыць не беспарадак, а сувязь, не раз’яднанасць, а духоўная еднасць, не пустата, а прысутнасць.

Калі пераступаеш парог лепельскай святыні, паўсядзённасць застаецца звонку, нібы далёкі шум, што паступова раствараецца ў паветры. Унутры ж адкрываецца іншая прастора – насычаная цішынёй і мяккай мелодыяй электрааргана, якая павольна ўзнімаецца пад скляпенні, як нябачная малітва. Яе гукі сплятаюцца са шчырымі спевамі людзей, і ў гэтым суладдзі нараджаецца асаблівая атмасфера – не проста ўрачыстая, а амаль таямнічая, калі кожнае слова гучыць важна, а кожны ўдых здаецца часткай супольнага духоўнага подыху.

[2]

Урачыстае набажэнства традыцыйна ўзначаліў пробашч парафіі, ксёндз Уладзімір. Яго спакойная пастава, добра пастаўлены голас і ўнутраная сабранасць адразу задалі тон усёй Літургіі. Для лепельцаў ён даўно стаў не толькі святаром, але і духоўным айцом, чалавекам, які ўмее гаварыць пра складанае проста і з гумарам, а пра вечнае – так, быццам яно ўжо тут, побач, у чалавечай душы і ў звычайным штодзённым клопаце. У яго словах няма пустога, ёсць ціхая ўпэўненасць, што вера ўмацоўваецца не гучнымі выклікамі, а вернасцю, любоўю і ўменнем слухаць.

Свята Найсвяцейшай Тройцы – гэта не сухі дагмат і не толькі тэалагічная формула. Гэта жывая гісторыя пра еднасць, якая захоўвае рознасць, пра любоў, што адкрываецца ў супольнасці, пра таямніцу, у якой чалавек не губляецца, а наадварот – знаходзіць свой глыбейшы сэнс. Як тры галіны аднаго магутнага дрэва жывуць адным сокам, так і душа чалавека ў гэты дзень нібы асабліва выразна адчувае: усё сапраўднае трымаецца на сувязі, на ўзаемным даверы, на нябачным, але трывалым падмурку любові. І таму гэта свята ўспрымаецца як заклік не да складаных разважанняў, а да ўнутранага суладдзя – з Богам, з блізкімі, з самім сабой.

[3]

Падчас казання ксёндз Уладзімір гаварыў пра тое, што кожнаму чалавеку блізкае і зразумелае: пра ўменне бачыць Божую прысутнасць у самым звычайным дні. Ён нагадаў, што Пан Бог не толькі ў высокіх словах і ўрачыстых абрадах, але і ў ціха сказаным “вітаю” і “ўсяго добрага”, “дзякуй” і “калі ласка”. У прабачэнні, якое цяжка даецца, у маўчанні, што лечыць, у любові, якая не патрабуе ўзнагароды. Святая Тройца не толькі ва ўрачыстасць, яна у кожнай нядзелі, у кожным звычайным дні.

[1]

У цішыні святыні, сярод дзясяткаў засяроджаных твараў, нараджаецца асаблівая згуртаванасць. Людзі слухаюць уважліва, без лішніх рухаў, нібы кожны імкнецца ўхапіць не толькі сэнс слоў, але і іх унутранае святло. І ў гэтай супольнай засяроджанасці нешта вельмі каштоўнае. Гэта не проста прысутнасць, а ўдзел, не проста абрад, а сумеснае перажыванне таямніцы. Здаецца, што ў гэты момант парафія ператварылася ў адну вялікую сям’ю – не па крыві, а па духу, не па звычцы, а па веры, якая злучае глыбей за любыя словы.

Урачыстая Імша завяршылася. Ксёндз Уладзімір запрашае да ўвагі. У лепельскі касцёл прыехала Лаліта Арлоўская, супрацоўніца Карытас. Шчырым голасам госця парафіі распавядае пра дзейнасць дабрачыннай місіі ў напрамку дапамогі людзям з дэменцыяй. Яна кажа, што “Карытас” надае асаблівую ўвагу тым, хто страціў памяць і пазбаўлены магчымасці самастойна клапаціцца пра сябе, а таксама іх сям’ям, якія сутыкаюцца з цяжкасцямі догляду.

[4]

Менавіта таму місія ставіць перад сабой мэту не проста даць матэрыяльную падтрымку, але і аказаць псіхалагічную, сацыяльную і медыцынскую дапамогу, каб чалавек з дэменцыяй адчуваў павагу, клопат і годнасць кожны дзень. Гэтыя словы гучаць не проста як інфармацыя, а як запрашэнне да ўдзелу – бо дабрачыннасць немагчымая без чалавечага даверу і ўдзелу кожнага з нас.

Людзі пачалі павольна выходзіць са святыні на залітыя нядзельным сонцам вуліцы. На іх тварах чытаецца светлая, ціхая радасць. Яна не мае нічога гучнага, але яна глыбокая і сапраўдная. Яна не знікне з першым парывам ветру, а доўга захаваецца ў сэрцы, як цёплы водбліск малітвы. Праз адкрытую жалезную браму касцёла ў горад нібы выходзіць само святло набажэнства – мяккае, унутрана моцнае, здольнае асвяціць будні чалавека пасля свята.

Халодная і дажджлівая вясна паступова развітваецца з Лепелем, саступаючы месца гарачаму лету. Але ў гэтым пераходзе ад прахалоды да цеплыні нешта сугучнае самому дню: як прырода мяняе свой подых, так і чалавечая душа пасля малітвы становіцца іншай – цішэйшай, больш уважлівай, больш спакойнай, больш адкрытай на дабро. І ў сэрцах лепельскіх вернікаў, якія пакідаюць касцёл Святога Казіміра, застаецца асаблівая цеплыня. Гэта не проста ўспамін пра ўрачыстасць, а часцінка той вялікай, вечнай любові, якая не заканчваецца разам са святам, а працягвае жыць у чалавеку, асвятляючы яго шлях ужо ў звычайным дні.

Алег Шушкевіч, тэкст і фота