[1]Паважаныя святары, кансэкраваныя асобы і свецкія супрацоўнікі ў душпастырстве!
Запрашаем прыняць удзел у інавацыйнай фармацыйнай праграме “Узмацненне кампетэнцый духавенства і свецкіх супрацоўнікаў Касцёла ў Беларусі”, якая распачнецца 17 лістапада 2025 года.
Гэта ўнікальная магчымасць для святароў, дыяканаў, манахаў і манахінь, а таксама свецкіх вернікаў, якія супрацоўнічаюць у душпастырстве, — прайсці фармацыю, што гарманічна спалучае ўзрастанне ў веры і духоўнай сталасці, прафесійнае развіццё і ўмацаванне міжасобасных сувязяў у служэнні.
Мэта праграмы. Падтрымаць удзельнікаў у пастырскім служэнні праз:
• паглыбленне тэалагічных і кананічных ведаў;
• развіццё навыкаў кіравання і суправаджэння людзей;
• асваенне сучасных сродкаў камунікацыі і кіравання;
• умацаванне духоўнай і чалавечай сталасці ў служэнні;
• абмен вопытам паміж прадстаўнікамі розных ордэнаў і дыяцэзій.
• палепшэнне сваіх навыкаў на шляху духоўнага ўзрастання і служэння.
Структура праграмы
Паглыбленая фармацыя для ўсіх. Гэты ўзровень уяўляе сабой двухгадовую сістэмную праграму (лістапад 2025 – май 2027), якая ахоплівае не толькі тэарэтычныя веды, але і духоўныя, псіхалагічныя і практычныя аспекты служэння.
Праграма прапануе дзве асобныя плыні:
1. Акадэмія супольнага служэння
Фармацыйны курс для святароў, братоў і прадстаўнікоў мужчынскіх і жаночых ордэнаў, а таксама катэхетаў, кіраўнікоў парафіяльных структур і свецкіх, якія супрацоўнічаюць у душпастырстве.
Асноўная ідэя: стварыць прастору пастаяннай фармацыі, дзе святары, кансэкраваныя асобы і свецкія вернікі разам паглыбляюць разуменне сваёй місіі — супольна служыць Богу і людзям, кожны ў адпаведнасці са сваім пакліканнем: святар — як духоўны кіраўнік і пастыр, кансэкраваная асоба — як сведка цалкам прысвечанага жыцця ў Хрысце, а свецкі вернік — як адказны супрацоўнік і сведка веры ў штодзённай рэчаіснасці. Такая фармацыя вучыць супрацоўніцтву, узаемапавазе і адзінству ў служэнні, каб разам будаваць жывы і дзейны Касцёл.
Тэмы і змест:
1. Навыкі эфектыўнага кіраўніцтва і арганізацыі — пабудова каманды, прыняцце рашэнняў, размеркаванне адказнасці ў парафіі або ордэне.
2. Кананічнае і свецкае права — як дзейнічаць у адпаведнасці з касцёльнымі нормамі і дзяржаўным заканадаўствам, асабліва ў сферы маёмасці, працоўных адносін і кіравання рэлігійнымі арганізацыямі.
3. Псіхалогія і духоўнае суправаджэнне — разуменне чалавечай асобы, прадухіленне прафесійнага выгарання, духоўнае кіраўніцтва.
4. Эфектыўныя камунікацыі — пабудова даверу, канфлікт-менеджмент, мастацтва слухання і працэс прыняцця складаных рашэнняў.
5. Біаэтыка і сучасныя выклікі — як адказваць на маральныя і духоўныя дылемы, якія ўзнікаюць у душпастырскай практыцы.
6. IT-тэхналогіі ў служэнні — выкарыстанне сучасных сродкаў сувязі, бяспечная прысутнасць у медыяпрасторы, кіраванне інфармацыяй у парафіі.
Фармат:
• сустрэчы раз на месяц у вочным фармаце;
• інтэрактыўныя майстар-класы, духоўныя спатканні і панэльныя дыскусіі;
• самастойная праца і кансультацыі са спiкерамi.
Курс завяршаецца выніковай канферэнцыяй і ўручэннем сертыфіката ўдзельніка.
2. Смелыя жанчыны. Паглыбленая праграма для манахінь.
Асноўная мэта: дапамагчы сёстрам умацаваць асабістую і духоўную ідэнтычнасць, паглыбіць разуменне свайго паклікання і набыць новыя навыкі, неабходныя для сучаснага служэння ў супольнасці і грамадстве.
Асноўныя модулі:
1. Духоўныя аспекты манаскага жыцця — аднаўленне духу паклікання, роля малітвы, вернасць харызме заснавальніка.
2. Псіхалогія адносін і камунікацыя — баланс паміж паслухмянасцю і свабодай, разуменне эмоцый, будаванне ўнутранага спакою.
3. Кананічнае і свецкае права — веданне правоў і абавязкаў, юрыдычныя асновы дзейнасці манаскай супольнасці.
4. Асабістае развіццё і тайм-менеджмент — як спалучаць духоўнае жыццё, апостальскую працу і адпачынак.
5. IT і новыя медыя — бяспечнае выкарыстанне сацыяльных сетак, сучасныя сродкі евангелізацыі.
6. Этычныя і духоўныя выклікі сучаснасці — як заставацца сведкам Хрыста ў хутказменлівым свеце.
Перавагі фармацыйнай праграмы:
* супольная фармацыя ў атмасферы даверу, адкрытасці і ўзаемнай падтрымкі;
* набыццё і развіццё практычных кампетэнцый, неабходных для сучаснага душпастырскага служэння;
* штогадовыя Калядныя і Маёвыя спатканні, якія ўмацоўваюць дух адзінства і супольнай адказнасці ў Касцёле.
Асноўная інфармацыя для зацікаўленых:
- Пачатак фармацыі: 17 лістапада 2025 г.
- Час сустрэч: з 10:00 да 17:00
- Рэгістрацыя да: 10 лістапада 2025 г.
- Спасылка для рэгістрацыі >> [2]
- Кантакт: catholicstudybel@gmail.com [3]
Далучайцеся да тых, хто хоча развівацца, натхняцца і ўплываць — разам будуем моцны, сучасны і жывы Касцёл!
Ваш удзел у праграме — гэта крок да глыбейшага разумення свайго паклікання і больш плённага служэння Богу і людзям.