- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Уладзімір Караткевіч. “Дзікае паляванне караля Стаха”

[1]“Дзікае паляванне караля Стаха” – знакамітая гістарычная аповесць выдатнага беларускага пісьменніка Уладзіміра Караткевіча, напісаная ў стылі класічнага готыка-рамантычнага дэтэктыву. Твор быў упершыню апублікаваны ў 1964 годзе і лічыцца адным з найбольш папулярных і чытаных у беларускай літаратуры.

Дарэчы, працу над аповесцю аўтар распачаў яшчэ ў 19 гадоў, калі вучыўся ў Кіеўскім дзяржаўным універсітэце. Хлопец па-сапраўднаму захапіўся гісторыяй, фальклорам і сусветнай готыкай, а таксама творам Артура Конан Дойла “Сабака Баскервіляў”, дзе містычны жах у выніку тлумачыцца чалавечым падманам і карыслівасцю.

У 1979 годзе студыяй “Беларусьфільм” караткевічаўская аповесць была экранізаваная. Стужка атрымала некалькі міжнародных узнагародаў у розных краінах свету.

А 6 красавіка 1989 года на сцэне Дзяржаўнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета БССР у Мінску адбылася першая пастаноўка аднайменнай оперы, музыку да якой напісаў знакаміты беларускі кампазітар Уладзімір Солтан.

Галоўны герой аповесці – Андрэй Беларэцкі – 26-гадовы навуковец-этнограф, збіральнік беларускага фальклору, казак і легендаў. Менавіта любоў да Радзімы і цікавасць да яе культуры і гісторыі накіроўваюць яго ў глухі куток Палесся і прыводзяць да замка з маляўнічай назвай Балотныя Яліны.

Гаспадыняй замка аказваецца маладая Надзея Яноўская – апошняя прадстаўніца некалі магутнага, але цяпер збяднелага шляхецкага роду Яноўскіх, які ўжо вымірае. Калі Андрэй і Надзея знаёмяцца бліжэй, высвятляецца, што дзяўчына знаходзіцца на мяжы вар’яцтва, жыве ў стане пастаяннага жаху. Прычына гэтага – даўні праклён дзікага палявання караля Стаха.

Кім быў гэты кароль і чаму пракляты ўвесь род Яноўскіх? Андрэй Беларэцкі жадае высветліць. Але з кожным днём акалічнасці гісторыі, паводзіны гаспадыні замка і адносіны да “чужынца-мазурыка” мясцовых жыхароў прыводзяць хлопца да думкі: трэба ехаць дадому як мага хутчэй.

І тут прыходзіць момант, калі трэба зрабіць выбар: паехаць у горад М. або застацца, каб разгадаць таямніцы Балотных Ялін і дапамагчы 18-гадовай Надзеі пазбавіцца ад яе страхаў. Дарэчы, не толькі змрочныя маўклівыя вершнікі на конях, якія бязлітасна забіваюць людзей, палохаюць пані Яноўскую і мясцовае насельніцтва. Часам у замку дзяўчына бачыць Малога Чалавека – жудасную істоту, якая заглядвае ў вокны, а таксама Блакітную Жанчыну – прывід, што з’яўляецца перад смерцю чальцоў роду.

Гэтыя жахі і містыка зусім не датычаць Андрэя, ён просты фалькларыст. Але сумленне і гонар не дазваляюць яму пакінуць безабаронную Надзею самотнай. Так звычайны чалавек становіцца дэтэктывам, змагаром са злом і абаронцам слабых.

У рамане падымаецца шэраг няпростых тэмаў і пытанняў: ці магчыма без ведаў пра мінулае зразумець сучаснасць? Як не занурыцца ў мінулае, а ісці наперад? Як найлепшыя сябры становяцца заклятымі ворагамі? Як распазнаць зло, што хаваецца пад маскай гасціннасці, дабрачыннасці і сяброўства?

Дадатковы бонус твора – маляўнічае апісанне Палесся, яго таямнічых балот і змрочных лясоў. Аповесць сапраўды захапляе з першых старонак і трымае ў напружанні да апошніх раздзелаў.

Вікторыя Філіпенка